Супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС, якія сочаць за парадкам на тэрыторыі адміністрацыйных аб’ектаў, не адмаўляюць існавання дакумента, які забараняе фатаграфаваць будынкі. Што праўда, па падрабязнасці настойліва раяць звяртацца ў прэс-службу МУС, маўляў, “там вам усё больш правільна і кампетэнтна патлумачаць”.
Але журналісты Міністэрства ўнутраных спраў ужо некалькі дзён адсутнічаюць на працоўным месцы, ва ўсялякім выпадку, на званкі ніхто не адказвае. Таму тэлефануем наўпрост па 102:
Еўрарадыё: Да мяне прыедуць сябры з-за мяжы, і мы будзем гуляць па горадзе. Натуральна, яны пажадаюць сфоткацца на фоне якога-небудзь будынка. Скажыце, каб пазбегнуць недарэчнасцяў, якіх будынкаў лепш пазбягаць?
Міліцыя: Любых адміністрацыйных аб’ектаў!
Еўрарадыё: То бок турысты будуць хадзіць па горадзе, ім спадабаецца нешта, яны пажадаюць сфатаграфаваць, але спачатку ім варта спраўдзіць, ці ёсць на ім шыльда адміністрацыйнага будынка?
Міліцыя: А што, ім аддзяленне міліцыі спадабаецца?
Еўрарадыё: Ну, у цэнтры горада шмат будынкаў…
Міліцыя: Я вам пра гэта і кажу: калі яны пажадаюць сфоткацца побач з такім будынкам, то могуць быць затрыманыя.
Еўрарадыё: То бок на плошчы Незалежнасці нам нельга фатаграфавацца?
Міліцыя: Калі вы будзеце здымаць любы адміністрацыйны будынак, вы можаце быць затрыманыя. Людзі ў нас пільныя, адразу тэлефануюць і паведамляюць.
Еўрарадыё: То бок турыстам лепш не браць фотаапараты ў цэнтр горада, каб не было спакусы…
Міліцыя: Лепш пазбегнуць непрыемнасцяў.
26 лютага ў Мінску на чатыры гадзіны затрымліваюць журналіста “Комсомольской правды” Дзмітрыя Ласько, які фатаграфуе ілюмінацыюАкадэміі навук. Міліцыянты тлумачаць гэта тым, што днямі міністрам унутраных спраў быў падпісаны нейкі дакумент, які забараняе фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі. Але ні яго назву, ні дакладны змест не агучваюць.
Каб даведацца, наколькі сур’ёзна цяпер будуць лавіць фатографаў,Еўрарадыё вырашыла рызыкнуць і папоўніць рэдакцыйны архіў уласнымі выявамі ключавых адміністрацыйных будынкаў.
Першым абіраем будынак Дома ўрада. Ён і прыгожы, і амаль самы адміністрацыйны. Фатаграфуем яго і з правага боку, і з левага. І проста ў лоб. Ахова — нуль увагі. Вайсковы чалавек у дажджавіку адно кідае млявы позірк.
Далей ідзем на вакзал. Там таксама фотаздымкі можна зрабіць без праблем. Прынамсі, некалькі штук дакладна. Пры гэтым у прысутнасці патруля міліцыянтаў, якіх тут насамрэч шмат.
Не ўзнікае складанасцяў з фатаграфаваннем Акадэміі навук, былой Нацыянальнай бібліятэкі, дзе цяпер размешчаны Савет рэспублікі, і нават будынка Адміністрацыі кіраўніка краіны на Карла Маркса, 38. Там нахабнічаем настолькі, што робім некалькі кадраў з розных ракурсаў. Аднак увагі не прыцягваем.
Урэшце ідзем ва-банк. Фатаграфуем… будынак КДБ з жоўтымі калонамі на праспекце Незалежнасці. Нуль увагі. Завяршаем эксперымент парай здымкаў будынка МУС, што таксама нікога не цікавіць. Так што калі ўнутраная пастанова аб забароне фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў і існуе, то выконваецца яна, мякка кажучы, не вельмі адказна.