Як паведаміў Медиа-Полесью метадыст Столінскага раённага метадычнага цэнтра Аляксандр Марушка, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 49 помнікаў: 48 матэрыяльных і 1 – нематэрыяльная (традыцыйны ганчарны промысел вёскі Гарадная). Дарэчы, нематэрыяльныя могуць павялічыцца: зараз ідзе збор неабходных матэрыялаў для ўключэння ў гэты спіс яшчэ і традыцыйнага народнага свята “Конікі” ў Давыд-Гарадку.
Калі гаварыць пра размежаванні помнікаў, то помнікаў гісторыі на Століншчыне налічваецца 88, помнікаў архітэктуры – 17, помнікаў археалогіі – 89, помнікаў прыроды – 3. З помнікаў прыроды – гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння парк “Манькавічы”, помнікі садова-паркавай культуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя – паркі “Нова-Беражное” і “Ніжні Церабяжоў”.
Сярод тых, што адносяцца да катэгорыі помнікаў воінскай славы, 72 – брацкія магілы, 30 – воінскія захараненні (26 – часоў Другой сусветнай вайны, 4 – пахаванні воінаў-інтэрнацыяналістаў).
За кожным гарадскім, пасялковым і сельскім Саветамі, школамі замацаваны пэўны помнік, ля якога своечасова павінен наводзіцца і падтрымлівацца парадак.
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета, якая існавала пры ЮНЕСКА і займалася пытаннямі аховы помнікаў і памятных мясцін. Мэта такога дня – прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў абароны і аховы сусветнай культурнай спадчыны.