25 ноября 2024, понедельник06:15

Общество

Рыгор Кавалька – захавальнік ганчарнага промыслу

31 июля 2016, 9:22

Сярод удзельнікаў V Міжнароднага пленэра ганчароў, які праходзіць у гэтыя дні на Палессі, ёсць майстры і з самой Гарадной, якая каторы ўжо год становіцца цэнтрам гэтай міжнароднай культурнай падзеі.

Адзін з гараднянскіх ганчароў – 74-гадовы Рыгор Іосіфавіч Кавалька.

Нарадзіўся ён ў 1941 годзе ў Гарадной. Так атрымалася, што бацька маленькага Рыгора загінуў пасля вайны. Па іроніі лёсу мужчына падарваўся на міне ва ўласным агародзе у час работы. Таму хлопчык гадаваўся без яго.

За лічаныя хвіліны майстар робіць прыгожы гаршчок

Гаршчок гатовы. Засталося зняць яго з кола і абпаліць

У дзіцячыя гады Рыгор зацікавіўся справай аднавяскоўцаў – ганчарствам. Дапытлівы хлопчык навучыўся рабіць гліняныя рэчы, якія так патрэбны былі ў паўсядзённым жыцці палешукоў. Вось і стварае ўсё сваё свядомае жыццё вырабы з гліны: збаны, глечыкі, гаршкі, міскі, кубкі і г.д. Традыцыйныя вырабы, створаныя рукамі таленавітага майстра,  упрыгожваюць самыя розныя выставы народнай творчасці і карыстаюцца попытам сярод спажыўцоў.

Разам з Рыгорам Іосіфавічам у майстэрні шчыруюць і выхаванцы гуртка =Юны ганчар=

З 2010 года Рыгор Іосіфавіч кіруе гуртком “Юны ганчар” у Цэнтры ганчарства вёскі Гарадная. На занятках гуртка пад кіраўніцтвам Рыгора Іосіфавіча маленькія гараднянцы пазнаюць азы майстэрства продкаў, вучацца ганчарнай справе.

Майстар прызнаецца, што босымі нагамі кола круціць лягчэй, чым у галёшах. Аднак пры босых нагах пачынаюць балець пяткі

Гаршчок дзеда Рыгора

Месца, дзе стаяў гаршчок, патрэбна пачысціць

Цяперашняму ганчарнаму колу Рыгора Іосіфавіча ўжо пяцьдзясят гадоў. За дзень майстар кажа, што можа зрабіць каля пяцідзесяці вялікіх і малых гаршчкоў. Прычым, справу сваю ён ведае дасканала, што нават з заплюшчанымі вачыма зробіць ідэальны выраб.  

Васіль Казачок і Рыгор Кавалька ў час адкрыцця V Міжнароднага пленэра ганчароў

Рыгор Іосіфавіч – удзельнік усіх пяці Міжнародных пленэраў ганчароў, што праходзілі і праходзяць ў Гарадной. На гэтым пленэры майстар шчыруе над тым, што робіць ужо шмат гадоў. А ў нядзелю, на Гараднянскім кірмашы, можна будзе ўбачыць і набыць вырабы ганчара.  

Рыгор Іосіфавіч расказвае і паказвае, як накапаная гліна перапрацоўваецца, перш чым трапіць на кола ганчара

Нарыхтаваную гліну збіваюць у адзін вялікі камяк, пасля чаго спецыяльным прыборам яе стругаюць

Потым гліну даводзяць вось да такога стану. Цяпер загатоўку можна браць для працы над ганчарнымі вырабамі

Гараднянскія майстры, такія як Рыгор Кавалька, яскрава падцвярджаюць, што справа дзядоў не памерла, а перадаецца з пакалення ў пакаленне. У Цэнтры ганчарства школьнікі пад кіраўніцтвам мясцовых ганчароў навучаюцца лепцы і абпалу, спасцігаюць таямніцы гараднянскага посуду.


Иллюстрация media-polesye.com