22 ноября 2024, пятница11:25

Запись

Прэзентуем новы зборнік вершаў паэта Віктара Вабішчэвіча «Orbi»

22 марта 2013, 10:24

Пабачыў свет чарговы зборнік вершаў паэта са Століншчыны, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Вабішчэвіча. Гэта значная падзея не толькі для самога паэта, але і для культурнага жыцця Палесся.

«Вершы для зборніка былі падрыхтаваны даўно, назва таксама з’явілася даўно, – распавёў карэспандэнту «Медиа-Полесья» паэт Віктар Васільевіч Вабішчэвіч – Затрымка была толькі за працэсам выдання. Ён патрабуе пэўных маральных і матэрыяльных затрат ».

Выданне зборніка адбылося ціха. Не было ў раёне і прэзентацыі гэтай кнігі. Толькі 21 лютага, у Дзень роднай мовы, у Рубельскай сярэдняй школе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Іосіфаўна Ляшкевіч правяла літаратурную гасцёўню «Наша мудрасць затоена ў словах», прысвечаную творчасці Віктара Вабішчэвіча. На гасцёўню быў запрошаны і сам паэт.

«Дзеці вельмі хацелі парадаваць паэта. Віктар Васільевіч быў усхваляваны, было відаць, што яму спадабалася наша гасцёўня, – успомніла сустрэчу Любоў Ляшкевіч. – Безумоўна, паэту прыемна, што за яго творчасцю сочаць, дэкламуюць яго вершы і неабыякавыя да іх». Можна смела сцвярджаць, што першая прэзентацыя чацвёртага зборніка паэта-земляка адбылася менавіта ў Рубельскай школе.

Зборнік мае назву «Orbi», што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «свету», «міру». Як тлумачыць сам паэт, у зборніку, звяртаючыся да чытача, ён нагадвае, што жыць патрэбна годна і сумленна. Кожнаму прыйдзецца некалі развітацца з роднымі і блізкімі ў канцы свайго зямнога жыцця. А падысці да гэтай мяжы трэба абавязкова з верай у Бога. Не адкладваць знаёмства з Бібліяй на потым, а цяпер жыць па Божых запаведзях.

Сам зборнік складаецца з трох раздзелаў: «Ora pro nobis», «Dominus tecum», «Vitae supellex». Незвычайна багатая і трапная мова вершаў зборніка «Orbi», шмат можна знайсці яркіх афарызмаў, што выклікаюць на роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі. Паэт-філосаф, паэт-гісторык прысутнічае ў кожным вершы зборніка «Orbi».

«Для мяне гэта значная падзея. Кожны верш, што ўвайшоў у зборнік, прайшоў праз маё сэрца, шліфаваўся. Я вельмі рады, што зборнік нарэшце выдадзены. Спадзяюся, што тыя, хто прачытае вершы з яго, не застануцца абыякавымі да ўзнятых тэм», – зазначыў Віктар Вабішчэвіч.

Здароўя Вам, паважаны Віктар Васільевіч! Радуйце прыхільнікаў беларускай паэзіі доўгія гады!

Увазе наведвальнікаў сайта некалькі вершаў з новага зборніка Віктара Вабішчэвіча.

 

Ты сэрца аддавай

Шмат рэчаў дзіўных

Ёсць у нашым свеце,

Якія не тлумачацца законамі прыроды.

Згадаць тут можна дабрыню і сэрца,

І нават зло, якое часта ходзіць побач, –

Чым болей іх ты хочаш мець,

Тым больш ты аддавай іх іншым.

Калі захочацца вялікае мець сэрца,

То сэрца ўласнага

Ніколі не шкадуй для іншых –

Заўсёды шчодра аддавай яго –

І чалавеку кожнаму,

І кожнай кветцы,

І дрэвам, і звярам, і птушкам –

Усяму, што ўбачыш.

Аддай ты сваё сэрца

Іншым,

Каб чалавекам быць

З вялікім сэрцам.

 

Прасветлы шлях

Каханне –

Такое светлае заўжды –

Людскога роду ты выратаванне.

 

Сумлненне –

Да збавення верны шлях –

Ты наша неўтаймоўнае маленне.

 

Дарога…

З усіх дарог сапраўдная адна:

Што нас вядзе да райскага парога.

Сыну

Ідзі рашуча ў новы дзень

Насустрач лёсу і сумненням.

Святло цябе няхай вядзе

Да зорных радасных імгненняў.

 

Не бойцся цяжкасцяў, віхур,

Нападаў злосных ліхадзеяў,

І праз туманы дымных бур

Нясі прамень святой надзеі.

 

Спазнай жыцця нястрымны бег,

Спасцігні шчасця асалоду,

Спазнай ад альфаў да амег

Адданасць, ісціну, свабоду.

 

Любі заўжды свой родны край,

І нашу матухну-краіну,

І малады зялёны май,

І чарадзейны спеў птушыны.

 

Кахай і радуйся жыццю –

Не адчувай ніколі стомы,

Ідзі насустрач адкрыццю,

Каб ведаць свет наш невядомы.

 

Ідзі ўрачыста ў новы дзень –

Нясі з сабою ў справе кожнай

Навукі светлае прамень,

І Бог табе хай дапаможа.

 

***

Бойцеся, людзі, параніць паэта:

Раны яго не загоіць ніхто.

Болю яго не здымае нішто:

Бойцеся, людзі, параніць паэта.

Раны паэтавы – слёзы Сусвету.

Дайце ж Сусвету вы шчасця глыток –

Бойцеся, людзі, параніць паэта:

Раны яго не загоіць ніхто.


Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media
Александр Лукашенко принимает участие в церемонии открытия конференции ООН по изменению климата в Баку, Азербайджан. 12 ноября 2024 года. Фото: Reuters
Фото facebook.com/GeneralStaff.ua
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Посольство США в Украине (Фото: US Embassy Kyiv Ukraine)