Нарадзіўся Мікалай Сідаравіч Аржахоўскі ў 1921 годзе пасля вайны. Як сам ён кажа, у нешчаслівыя гады. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Аржахоўскіх, як і другія сем’і аднавяскоўцаў, вымушана была стаць бежанцамі. Жылі ў вёсцы Аўсямірава, дакладней – у ваколіцах вёскі. Марознымі снежнымі начамі прыходзілася спаць у лесе. Уся моладзь тады жыла ў лесе.
Калі захварэла маці Мікалая Сідаравіча, бацька завёў яе ў вёску Аўсямірава і папрасіўся ў хату да людзей. Праз некаторы час на тыф захварэў і сын Мікалай. “Усе думалі, што я не выжыву. Калі бацька агледзеў мяне, не знайшоў пульс, то вырашыў, што мяне ўжо няма і з мужыкамі пачаў рыхтаваць дошкі на труну. У гэты час ля мяне сядзела бабуля. Яна прыгледзелася і заўважыла на шыі нейкі рух. Адразу расказала пра гэта бацьку. Бацька не верыў, што я жывы. Зноў мяне агледзеў і знайшоў пульс на шыі і на руцэ, – успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Сідаравіч Аржахоўскі. – Калі прыйшлі рускія, немцы пачалі абстрэльваць вёску. Мяне, кволага, бацька занёс у лес і пасадзіў пад дуб. Вось так я і выжыў”.
“Я крыху паправіўся, але па-ранейшаму быў вельмі слабы: скура ды косці. Пасля хваробы паспеў толькі два дні выйсці на вуліцу, як мяне забралі ў палон на роботу ў Германію. Да Германіі не давезлі. Прымусілі працаваць у Віцебску. Разам з вёскі са мной было яшчэ 9 чалавек. Цераз некаторы час гэтых 9-цёх вярнулі, а мяне пакінулі. Потым перавезлі ў Лунінец. Нейкі кіраўнік выйшаў да нас і сказаў, што мы дрэнна працавалі, таму нас і вярнулі. І прадаставіў выбар: працаваць тут на рацэ на сплаве лесу, альбо ў самім лесе”. Мікалай Сідаравіч выбраў лес, бо адтуль была магчымасць уцячы. Зімой 1943 года яму гэта ўдалося. “Уцякалі ноччу па балотах, – расказвае ветэран вайны. – Вярнуўся ў вёску, а тут – партызаны, якія грабяць аднавяскоўцаў. Ад каго ратавацца: ад немцаў ці ад такіх партызанаў? Вось як было”.
20 лютага – адзін з двух значных дзён у жыцці Аржахоўскага. Першы – калі яму ўдалося вызваліцца з палону і вярнуцца дамоў, а другі (20 лютага 1945 года) – калі ён зноў вярнуўся дамоў, але ўжо з ваеннага шпіталя.
У жніўні 1944 года Мікалай Сідаравіч пайшоў на фронт. Першых мабілізаваных аднавяскоўцаў накіравалі на Украіну ў Белую Царкву, а Мікалай Сідаравіч трапіў ужо на 2-гі Беларускі фронт. На вайне быў пехацінцам, даводзілася страляць і з кулямёта. У Польшчы быў ранены снайперам у нагу: “Я не адразу здагадаўся, што гэта снайпер. Калі мяне раніла, нага не балела, забалела ў грудзях. Я не мог зразумець: дзе ж мая рана. Спусціўся з дарогі да невялічкай канавы і стаў сябе аглядаць. Пабачыў, што пашкоджана нага. Калі рухаўся, у мой бок неаднаразова стралялі. Стала ясна, што нельга рухацца, бо ў мяне страляе снайпер з невялічкага ляска. Ён не трапіў ў мяне зноў: мне ўдалося схавацца ў канаўцы, і кулі траплялі ў дарогу. Нагу нечым перавязаў. Па-пластунскі поўз уздоўж канавы ў накірунку лесу. Сабраў усе свае сілы і перайшоў у лес. З’явілася надзея, што выжыву”. Непадалёку ад лесу была вёска, там размяшчалася санчасць. Мікалай Сідаравіч лячыўся аж у пяці шпіталях, апошні з якіх быў у Туле.
Вярнуўся з вайны інвалідам. Дома – нічога свайго няма. Вельмі цяжкім было жыццё. У 1948 годзе ажаніўся, а ў 1949 годзе пачалі ствараць калгасы. “Маладосць мая цяжкая, голая, бедная, поўная горычы”, – заключыў ветэран.
З Ганнай Дзмітрыеўнай нарадзілі трох дзяцей. Зараз у іх 6 унукаў і пяць праўнукаў: Ангеліна, Севасцьян, Ігарок, Ілюша і Сашка. Ганна Дзмітрыеўна хуценька ўсіх назвала.
Двор Аржахоўскіх чысценькі, акуратны, на градцы ля хаты красуюцца цюльпаны Ганны Дзмітрыеўны, а ля веранды вісіць гаршчок з цвітучай петуніяй: “Унучка Жана пасадзіла, – кажа Ганна Дзмітрыеўна. – На выхадныя дзеці і ўнукі прыязджаюць, дапамагаюць, бо нам ужо вельмі цяжка”.
Ганна Дзмітрыеўна частуе сокам, зробленым з яблык, што выраслі ў пасаджаным Мікалаем Сідаравічам садзе. А яблынь і груш там не менш за пяцьдзясят! “Шкада, што многія зараз хваляць яблыкі, прывезеныя з-за мяжы, ды і каштуюць яны даражэй, чым нашы. Але ж нашы натуральныя і смачныя”, – зазначае ветэран вайны.
Мікалай Сідаравіч і Ганна Дзмітрыеўна – ветлівыя, гасцінныя і вясёлыя гаспадары. “Плач у жыцці не дапаможа, – упэўнены яны. – Таму ў нас заўжды ўсё з гумарам”.
Здароўя, радасці, светлых дзён усім ВАМ, паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! ДЗЯКУЙ ЗА ПЕРАМОГУ!