Раней ў гэтым будынку знаходзіўся Давыд-Гарадоцкі гарвыканкам, а філіял Столінскага раённага краязнаўчага музея ў Давыд-Гарадку месціўся ў адным будынку з Домам дзіцячай творчасці на галоўнай плошчы горада. Адрамантаваны будынак для філіяла Столінскага раённага краязнаўчага музея «Музей гісторыі горада Давыд-Гарадка» перададзены з аператыўнага кіравання Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама.
Ва ўрачыстай атмасферы быў адчынены новы музей. На адкрыцці сабраліся мясцовыя жыхары, школьнікі, госці. Да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч, старшыня Давыд-Гварадоцкага гарвыканкама Вячаслаў Стаднік, дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч.
У час адкрыцця назвалі ўсіх тых, хто на працягу жыцця цесна супрацоўнічаў з музеем, здаваў экспанаты. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас Мікалая Бразоўскага, які займаўся арганізацыяй музея горада Давыд-Гарадка, што размяшчаўся ў будынку на цэнтральнай плошчы горада.
Як раней распавяла Медиа-Полесью дырэктар Столінскага раёнага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч, спецыялістамі музея распрацавана канцэпцыя “Музея гісторыі горада Давыд-Гарадка”, створана даволі цікавая і змястоўная экспазіцыя.
Некаторыя экспанаты, якія датычацца горада Давыд-Гарадка, у музей перададзены з фондаў Столінскага раённага краязнаўчага музея. Усяго экспазіцыйная плошча займае 81 м кв. Музей гісторыі Давыд-Гарадка змяшчае тры залы: гістарычную, літаратурную гасцёўню і зал творчых прац мясцовых мастакоў.
Прадметы быту, іконы, адзенне, артэфакты з Замкавай гары, карты мінулых стагоддзяў, экспанаты, што распавядаюць аб Вялікай Айчыннай вайне і многія іншыя змешчаны ў першай зале музея.
У другой зале, літаратурнай гасцёўні, наведвальнікі пазнаёмяцца з творчасцю паэтаў, пісьменнікаў, дзеячоў культуры, якія нарадзіліся ў Давыд-Гарадку.
У трэцяй зале наведвальнікам прапануюць творчыя работы мастакоў, якія нарадзіліся на давыд-гарадоцкай зямлі. У творчых працах яны адлюстравалі Давыд-Гарадок і яго жыхароў такімі, якімі бачылі і бачаць іх самі.
Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Заруба, на пляцоўцы каля музея будзе створаны музей пад адкрытым небам. Тут будуць размешчаны прадметы быту жыцця палешукоў.
Музей працуе кожны дзень акрамя панядзелка і аўторка. Тут рады ўсім наведвальнікам, яго дзверы адчынены для кожнага.
Калі ў вас ёсць цікавыя экспанаты, што адносяцца да гісторыіі Давыд-Гарадка, падзяліцеся імі з музеем.