25 ноября 2024, понедельник06:08

Культура

“Не забывайце, адкуль вы пайшлі”, – папярэджвае “каралева ганчарнага кола”

1 декабря 2018, 18:18

“Каралева ганчарнага кола”, баба Ліпа, яна ж Алімпіяда Леанавец з вёскі Гарадная, што на Століншчыне, – гераіня матэрыялу на Медиа-Полесье.

“Прыедзь у край мой ціхі, тут продкаў галасы, тут белыя бусліхі і мудрыя лясы, – цытуе паэзію Яўгеніі Янішчыц яшчэ адна паляшучка – Алімпіяда Леанавец, ласкава запрашаючы на Палессе, у Гарадную.

Чаму Алімпіяда?

А пачалося ўсё з Дзераўной, дзе ў сям’і Алены Піліпаўны і Дзмітрыя Ільіча нарадзілася дачушка Алімпіяда. Так склалася, што яна адзіная з пяці дзяцей Леанаўцоў засталася жыць практычна на сваёй малой радзіме: у суседняй з роднай Дзераўной – вёсцы Гарадной.

Галіна на руках у маці, Вера, Алімпіяда, бацька трымае сына Адама. Фота з сямейнага архіва

На пытанне, чаму бацькі Алімпіяды Дзмітрыеўны назвалі яе менавіта такім нераспаўсюджаным на Палессі імем, яна, смеючыся, зазначыла: “Тут, як кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве”.

А гісторыя такая. У 1939 годзе ў Дзераўной адкрылі хату-чытальню. Працаваць прыехала туды жанчына па імені Алімпіяда. Была яна вельмі вясёлай, добрай. За яе аптымізм, душэўнасць жанчыну палюбілі і старыя, і малыя. Дзеці з задавальненнем бегалі ў хату-чытальню, бо цётачка Алімпіяда не толькі давала цікавыя кнігі, але і расказвала дзіўныя гісторыі, прыгожа спявала. Паколькі хата-чытальня знаходзілася насупраць дома дзядулі Алімпіяды Дзмітрыеўны, то яго ўсе ўнукі былі частымі наведвальнікамі гэтай культурнай установы. І так гэта жанчына спадабалася старэйшай сястры Алімпіяды Дзмітрыеўны, што дзяўчынка настойліва прасіла бацькоў назваць яе сястрычку імем гаспадыні хаты-чытальні. Бацькі згадзіліся.

Так і выйшла па жыцці: Алімпіяда Леанавец, як і гаспадыня хаты-чытальні ў Дзераўной, такая ж артыстка, спявачка, танцорка, жанчына, якая стала захавальніцай фальклорнай спадчыны палешукоў.

Алімпіяда Дзмітрыеўна з бацькамі, сястрой і сынам. Фота з сямейнага архіва

Чатыры сястры: Вера, Галіна, Алімпіяда, Таццяна і брат Адам. Жыццё раскідала іх па ўсёй Беларусі. Малодшая Галіна ўвогуле жыве ў Расіі.

– Калі мы ўсе збіраемся разам, то спяваем. І так хораша спяваем, што ніхто не застаецца раўнадушным ад нашых спеваў, – кажа Алімпіяда Леанавец.

Яна б у кансерваторыю пайшла, але жыццё распарадзілася інакш

Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі Алімпіяду Леанавец і яшчэ некалькі дзяцей з вёскі бацькі адправілі на вучобу ў Столін. Там дзяўчынка скончыла восьмы клас.

– Нас там было вучняў аж у трох класах. Вучыў фізіцы настаўнік, якога мы між сабой ласкава называлі Сёмка-фізік. Ён асобна з усіх гэтых трох класаў дадаткова даваў рашаць складныя задачы па фізіцы толькі пецярым вучням. Гэта былі чатыры хлопчыкі і адна дзяўчынка – я. І я гэтым ганаруся. Ну, але так склалася, што на наступны год трэба было за інтэрнат, дзе жыла ў Століне, плаціць 17 рублёў. Для нашай сям’і гэта былі непад’ёмныя грошы. Бацька кажа: “А дзе іх ўзяць?” Ну, я і не пайшла вучыцца ў дзявяты клас, а прыехала дамоў і год працавала ў калгасе. Лён прыбірала, жыта жала, словам, усё, што трэба было рабіць, рабіла. Сена і ў Беражцах, і ў Церабяжове грабла, ну, я ж – калгасніца. Плацілі мне нейкія капейкі. Пасля гэтага года ў Гарадной адкрылася сярэдняя школа, з’явіўся дзявяты клас. Пайшла вучыцца ў дзявяты клас, але яшчэ і прадаўжала працаваць. І працавала па 11 клас. А як на пенсію выходзіць, дык накіравалася ў калгас за даведкай. А там кажуць: “Ты тут не працавала” Дык як так? І гэтыя чатыры гады калгаснай працы мне не ўвайшлі ў стаж! Калі я выходзіла на пенсію, то ў мяне было 40 гадоў стажу, а палічылі 36. І была б у мяне пенсія! Каравул! Вялікая! Але нічога страшнага, – не адчайваецца Алімпіяда Дзмітрыеўна.

Алімпіяда Дзмітрыеўна з альбомам падарожжаў

Алімпіяда Леанавец і Іван Супрунчык на фестывалі

Па заканчэнні школы выпускнікі пісалі адзін аднаму пажаданні і вывешвалі іх на стэндзе. Дык Алімпіядзе Дзмітрыеўне пажадалі яшчэ і кансерваторыю скончыць: дзяўчына заўжды прымала самы актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, была завадатарам цікавых спраў. Яна смяецца, узгадваючы гэта: да тэхнікума не так лёгка было дабрацца, не кажучы пра кансерваторыю. Скончыўшы Гараднянскую сярэднюю школу, дзяўчына сабралася вучыцца далей.  

– Гэта цяпер бацькі вязуць машынамі. А тады мы па пошце паслалі дакументы, прыйшоў выклік – ды паехалі. Далі мне бацькі 30 рублёў на дарогу. Я здала ўсе экзамены на чатыры, але не прайшла, бо ў мяне была тройка па фізкультуры. Помню, як фізіку здавала. Перад намі група – ні адзін не здаў. Ужо наша чарга. Я пайшла. Чытаю задачу, ну, думаю,  гэта такая лёгкая задача: і рашыла яе з лёгкасцю, на раз-два-тры! На экзамене мне паставілі чатыры толькі таму, што забыла формулу ператварэння механічнай энергіі ў электрычную. Я і зараз яе не помню! Карацей, вярнулася тады дамоў, ды падалася на кансервавы завод працаваць.

Піянерважатая і настаўнік Алімпіяда Леанавец

У хуткім часе актыўную дзяўчыну запрасілі на працу ў Гараднянскую сярэднюю школу старшай піянерважатай. Са студзеня 1967 года, калі яна пераступіла парог школы, каб працаваць з дзецьмі, пачалася яе педагагічная дзейнасць. З лістапада таго ж года школа размясцілася ў новым цагляным будынку.

15 гадоў працавала Алімпіяда Леанавец старшай піянерважатай. Усе гэтыя гады яна ўспамінае з задавальненнем і настальгіяй.

– Культпаходы арганізоўвалі мы тады з моладдзю не толькі па нашым раёне, але і па суседніх. Напрыклад, у Дубровіцкі раён ехалі на аўтобусе, а назад варочаліся пяшком. І ўсе нашы падарожжы вельмі запамінальныя былі. У адной з вёсак Дубровіччыны мы выступалі на сцэне мясцовага клуба – канцэрт ладзілі там. Запрасілі да нас аднекуль баяніста. Дык ён такі ўмелец быў, што, як толькі я пачынала спяваць, адразу лавіў мелодыю і акампаніраваў мне. Што за канцэрт атрымаўся тады! Супер, – узгадвае Алімпіяда Дзмітрыеўна. – Была з намі ў тым культапаходзе дзяўчына з Сіціцка. Яна ўзяла з сабою туфлі на шпільках. А я з сабою туфлі не брала: я і ў кедах танцаваць магу! Так і было. Аднак, калі давялося на сцэне выступаць, дык прыйшлося мне тыя яе туфлі абуць, бо ў кедах непрыгожа было.

А яшчэ з “піянерска-камсамольскай маладосці” Алімпіяда Леанавец узгадвае злёт важатых у Мінску. Як яна адзначае, гэта быў першы і апошні такі злёт піянерскіх важатых. Са Століншчыны на той злёт дэлегіравалі чатырох чалавек, сярод якіх была і піянерважатая з Гарадной.

– Весела мы тады жылі, справы добрыя з задавальненнем рабілі, – кажа Алімпіяда Дзмітрыеўна. – Па восені дапамагалі пажылым адзінокім аднавяскоўцам бульбу капаць, іншым разам па гаспадарцы шчыравалі, у хаце маглі прыбрацца ці другую работу выканаць.

– А яшчэ вясковая моладзь тады бавіла вечары разам. Мы і ў “Ручаёк” гулялі, і ў “Калечка, вылятай”, і ў “Бутэлечку”, і танцы з “платочкам” былі ў нас, – узгадвае субяседніца. – Гуляем, напрыклад, у “Ручаёк”, ды глядзім, хто каго выбера: той таму і падабаецца. Добра было!

У 1974 годзе Алімпіяда Дзмітрыеўна стала шчаслівай мамай маленькага Жэні. Жэня ўжо вырас, зараз жыве і працуе ў Брэсце, аднак пры магчымасці спяшыць на Палессе, у Гарадную, дзе яго чакае маці.

Алімпіяда Леанавец з сынам. Жэня

Але вернемся назад. Час ішоў, рос сынок, Алімпіяда Леанавец скончыла Брэсцкі педуніверсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры. З піянерскім жыццём прыйшлося развітацца: гераіня матэрыялу стала працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, з цягам часу пераехала ў Гарадную.

Працяглы час Алімпіяда Леанавец плённа супрацоўнічала ў раённым метадычным аб’яднанні настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, уваходзіла ў склад группы настаўнікаў раёна, якія распрацоўвалі алімпіядныя заданні для школьнікаў, была ў ліку педагогаў, якія першымі на Століншчыне прымянялі новыя адукацыйныя тэхналогіі.    

З роднымі людзьмі

Адначосова  яна вяла фальклорны гурток у школе і танцавальны гурток у мясцовым клубе. Пад кіраўніцтвам Алімпіяды Леанавец дзеці вучыліся танчыць і народныя, і сцэнічныя танцы. Свае ўменні гурткоўцы паказвалі на канцэртах і вячорках, што ладзіла настаўніца. Дарэчы, усе сцэнарыі выступленняў і вершы, якія гучалі ў іх, Алімпіяда Дзмітрыеўна складала сама. Многія яе вучні выбралі настаўніцкі шлях і зараз працуюць ва ўстановах адукацыі краіны. Адна з яе вучаніц цяпер выкладае беларускую мову і літаратуру ў Гараднянскай сярэдняй школе.

36 год жыцця прысвяціла Алімпіяда Леанавец педагагічнай дзейнасці. Пасля чаго пачаўся не менш цікавы перыяд жыцця.

Як Алімпіяда Леанавец “каралевай ганчарнага кола” стала

У 2003 годзе выйшла на пенсію, але з 1 чэрвеня таго ж года стала працаваць у Цэнтры ганчарства. З гэтага часу, як адзначае Алімпіяда Дзмітрыеўна, у яе жыцці пачаўся “новы віток”.

 “Каралева ганчарнага кола” Алімпіяда Леанавец

– Калі мяне запрасілі сюды на працу, думала, што не змагу, – узгадвае значную падзею на пачатку ХХІ стагоддзя для Гарадной і для яе асабіста Алімпіяда Леанавец. – Некалі думала: як я змагу жыць без вучняў? А потым стала думаць: як я магла жыць без Цэнтра ганчарства?

Алімпіяда Леанавец праводзіць экскурсію па Цэнтры ганчарства ў час адкрыцця чарговага пленэру, 2016 год

Менавіта чэрвень 2003 года, калі быў адкрыты Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная, стаў момантам нараджэння “каралевы ганчарнага кола”, іменна так Алімпіяду Дзмітрыеўну назавуць пазней тыя, хто цікавіўся і цікавіцца гараднянскім ганчарствам.

– Самыя першыя экспанаты ў Цэнтр ганчарства мы перавезлі з ганчаром Аўраамам Басаўцом са школы: яны месціліся там у асобным кабінеце. Аднак гэтага было мала, – узгадвае першыя гады працы ў Цэнтры ганчарства Алімпіяда Леанавец. – Вельмі шмат хадзілі па хатах гараднянцаў, прасілі падарыць ганчарныя вырабы для цэнтра, для выставы прац мясцовых умельцаў. А пачыналі з двух ганчарных колаў на ўвесь цэнтр.

10-годдзе Цэнтра ганчарства. Алімпіяда Леанавіц, Васіль Логвінаў і Ларыса Быцко, 2013 год

Дзякуючы падтрымцы раённых улад, супрацоўнікам культуры, мясцовым энтузіястам, цэнтр пачаў працаваць. Тут з’явіліся гурткі для дзяцей, дзе ганчары вучылі маленькіх гараднянцаў сакрэтам справы іх продкаў. І, як адзначае Алімпіяда Дзмітрыеўна, яна вельмі ганарыцца, што са сцен Цэнтра ганчарства выйшлі маладыя ганчары: браты Сяргей і Іван Шэлесты. А з 2008 года ў Гарадной ладзяцца Міжнародныя пленэры ганчароў, дзякуючы якім пра Гарадную ведаюць далёка за межамі краіны, а само гараднянскае ганчарства стала брэндам не толькі Століншчыны, але і Беларусі.

Адам Шэлест, Алімпіяда Леанавец, Мікалай Шэлест за прылаўкам

– Я вельмі ўдзячна ганчарству. Ганчарства стала для мяне тым важным, тым асаблівым, чым я жыла многія гады. Праз ганчарства я адкрыла новы для сябе свет, свет, поўны таямніц, поўны таленту, прыгажосці, шчырасці, – зазначае Алімпіяда Леанавец.  – Усе тыя святы, фестывалі, пленэры, выставы, дзе давялося прадстаўляць гараднянскае ганчарства, памятаю і кожны раз успамінаю з цеплынёй. Бо менавіта з цеплынёй нас заўжды сустракалі ў месцах гэтых падзей, дзе б яны ні адбываліся: у Беларусі ці за яе межамі. Новыя месцы наведала, новых людзей убачыла, адчула адносіны да нашага, гараднянскага ганчарнага рамяства. Ды і кожная паездка сама па сабе была ўжо значнай падзеяй для Цэнтра ганчарства і для мяне.

12 гадоў была “каралева ганчарнага кола” нязменным кіраўніком Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная. На плечы Алімпіяды Леанавец легла даволі складаная справа – захаванне мясцовага майстэрства. І з гэтай справай яна справілася на выдатна.

Чарговую ўзнагароду атрымлівае Алімпіяда Леанавец. 2016 год

Музей-сядзібу ганчара нельга ўявіць без бабы Ліпы

Пасля Цэнтра ганчарства жыццё зноў павярнула, дало “новы віток”. З 2016 года Алімпіяда Леанавец стала супрацоўнікам Музея-сядзібы ганчара, які з’яўляецца філіялам Столінскага раённага краязнаўчага музея. І вось баба Ліпа (менавіта так ласкава называюць у вёсцы Алімпіяду Дзмітрыеўну)  гасцінна сустракае ўсіх падарожнікаў на падворку Музея-сядзібы ў Гарадной. А пачынае сустрэчу такімі словамі:

“Добры дзень усім вам, нашы ягамосці!
Дзякую, што завіталі вы да нас у госці!
Рада я вітаць вас у нашай гэтай хаце,
Вам здароўячка, шчасцейка
І ўсяго добранькага пажадаці”.

Алімпіяда Дзмітрыеўна запрашае ўсіх на сядзібу ганчара, 2014 год

Пабываць на сядзібе ганчара імкнуцца ўсе, хто прыязджае ў сталіцу палескага ганчарства – Гарадную. У звычайнай вясковай хаце сабраны экспанаты, якія расказваюць пра жыццё гараднянскага ганчара, працаўніка, пра яго быт, сям’ю. У асобным пакоі месціцца печ, насупраць – працоўнае месца гаспадара. Менавіта адсюль пачынаецца цікавае падарожжа  ў таямнічае мінулае гараднянскіх майстроў. А баба Ліпа кіруе падарожжам так удала, што хочацца дакранацца да непаўторнай спадчыны гэтай палескай зямлі зноў і зноў.

Алімпіяда Леанавец (у цэнтры) з удзельнікамі фальклорнага калектыву пры Музеі-сядзібе ганчара, 2018 год

– Я вельмі ўдзячна дырэктару Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлане Паўлаўне Вярэніч за тое, што запрасіла мяне на працу сюды. Сядзібай ганчара жыву цяпер. І бачу, што наша праца недарэмная. Бачу гэта па людзях, якія прыязджаюць здалёк, каб паглядзець на ўсё тое матэрыяльнае і нематэрыяльнае з нашай спадчыны, што нам удалося захаваць на сядзібе ганчара. І сёння Музей-сядзіба ў Гарадной адыгрывае не меншую ролю, чым Цэнтр ганчарства ў працы па захаванні спадчыны нашага народа, спадчыны палешукоў. І важна, каб сюды дарослыя прывозілі дзяцей. Дзеці павінны ведаць сваю гісторыю: нельга жыць, не ведаючы свае карані.

Гульня, калі дзіця з заплюшчанымі вачыма спрабуе разбіць гаршчок, даспадобы і дарослым

Кніга любімага пісьменніка Алімпіяды Леанавец Уладзіміра Караткевіча займае пачэснае месца сярод экспанатаў Музея-сядзібы, бо на яе старонках узгадваецца мілая сэрцу Гарадная і яе ганчары. 

Тыя самыя Караткевічавы радкі пра Гарадную

– Гэта кніга са мной была і ў Цэнтры ганчарства, са мной яна і на сядзібе ганчара, – адзначае Алімпіяда Леанавец. – Люблю творчасць Уладзіміра Сямёнавіча, асаблівыя адносіны ў мяне да “Каласоў пад сярпом тваім”. Таму ўсім кажу, каб не забывалі, адкуль вы пайшлі, адкуль вашы бацькі, бо вельмі меркантыльнае зараз ўсё. Чалавек павінен быць чалавекам, а не зверам. І чалавекам добрым, не сквалыгаю. І павінен дапамагаць. А іначай ніяк.

Алімпіяда Леанавец на сядзібе ганчара

Алімпіяда Дзмітрыеўна нарадзілася ў першы дзень вясны – 1 сакавіка. І крочыць яна па жыцці, як тая вясна, што абуджае прыроду пасля зімовага сну, абуджаючы ў людзей жаданне спазнаваць таямніцы мінулага нашага краю і, дакрануўшыся да іх, захоўваць у сваім сэрцы ўсё жыццё.

Выступленне на свяце ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі, 2014 год

 


Иллюстрация media-polesye.com