Валянціна Шубіч са Столінскага раёна паведаміла аб гэтым на старонцы ў Фэйсбуку. Паляшучка, заўважыла птушку, калі тая хадзіла па зямлі. Жанчына прыгадала словы сваёй бабулі, якая казала, што калі ўбачыш першага бусла ў палёце, то ногі цэлы год балець не будуць. “Ну, ничего, главное, что прилетел))))”, – не засмуцілася жанчына.
На яе навіну адгукнуліся яе фэйсбучныя сябры, якім ужо таксама давялося ўбачыць бусла.
Напрыклад, у 2016 годзе першага бусла на Століншчыне заўважылі ў апошнія дні сакавіка.
Уладзімір Караткевіч назваў Беларусь “Зямлёй пад белымі крыламі”. Менавіта крылы гэтай велічнай птушкі распасцёртыя над усёй Беларуссю. Разам з вяртаннем на радзіму буслоў вяртаецца лета.
Бусла спрадвеку шанавалі беларусы. Лічылася, што калі бусел селіцца ў двары, то ў гаспадароў сядзібы будзе шчасце, дабрабыт у хаце. Таму многія спецыяльна зацягвалі драўляныя колы ці майстравалі спецыяльныя падпоры, каб бусел на дрэве ці на крышы хлеўчыка змог зрабіць гняздо і пасяліўся там. На такой пляцоўцы буслам добра будаваць сваё гняздо. Зараз драўляныя колы выйшлі з ужытку, але тое ж самае можна зрабіць і з непатрыбным веласіпедным колам. Пры жаданні можна збіць у выглядзе літары Х дзве тоўстыя дошкі ці брускі і іх таксама замацаваць на дрэве між галін альбо на каньку хлеўчыка.
У 2015 годзе ўпершыню на Століншчыне працаўнікі Столінскіх РЭС усталявалі на слупах ліній электраперадач спецыяльныя пляцоўкі для буслоў. Яны замацаваны на слупах у Белавушы, Давыд-Гарадку, Лядцы, Рублі, Століне, Церабяжове.
Калі слуп ліній электраперадач знаходзіцца на прыватным падворку, то з заяўкай на ўстаноўку такой пляцоўкі трэба звяртацца ў Столінскія РЭС і быць гатовым за свой кошт аплаціць пляцоўку і работу па яе ўстаноўцы.
Яшчэ да прылёту буслоў вярнyліся дзікія гусі і качкі, журавы, чаплі і шпакі.