Яе муж — рэкламіст і рэдактар CityDog.by Мікола Шакель. Расказвае, што пакуль не сустрэў Алу, не думаў, што каханне, пра якое пішуць у кніжках, існуе насамрэч. «Наша Ніна» запісала іх гісторыю.
«У камеры Ала палюбіла сала»
Будні Міколы — перадачы і лісты. Стараецца нагадваць жонцы пра сябе як мага часцей.
«Каб парадаваць, перадаю ёй хэнд-мэйд зефір, розныя арэхі, сухафрукты, — дзеліцца ён. Але ў асноўным гэта клопат пра тое, каб там была свежая садавіна і гародніна. З таго, што Ала раней не ела — гэта сала, абсалютна белае. Яна там яго палюбіла.
Перадаю акварэльныя алоўкі — Ала вельмі шмат малюе. Раней пісала акрылам ці акварэллю, але фарбы ў СІЗА не прымаюць. Я глядзеў на яе працы дома і стараўся падабраць колеры, якія яна любіць выкарыстоўваць.
Яе карціны змяніліся, сталі больш яркімі. Ала ў камеры прачытала Даўлатава і дасылала яго цытату пра тое, што на малюнках мастакоў з зоны ўсё вельмі яркае, бо там не хапае колераў і святла. Яна сама некалькі разоў пісала, што ёй не хапае сонца. І я стараюся перадаваць ёй яркія алоўкі, бо бачна імкненне стварыць штосьці каляровае сярод шэрага».
«Наша Ніна»: Любімыя мастакі ў Алы ёсць?
Мікола Шакель: Не згадаю, каб яна кагосьці вылучала, але яна добра разбіраецца ў сучасным мастацтве. Мы неяк разам трапілі ў музей сучаснага мастацтва ў Парыжы, Бабур, — у мяне быў нібыта свой экскурсавод. У ейным выпадку гэта не дзіўна — яна і ў журналістыцы доўгі час спецыялізавалася на мастацтве. Рабіла для дзяцей адукацыйныя перадачы на радыё пра тое, як разумець мастацтва і што гэта насамрэч цікава.
Але калі ў музеі Арсэ мы даходзілі да твораў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, тут ужо я быў экскурсаводам — расказваў пра імпрэсіянізм, постімпрэсіянізм.
«Лёс вадзіў нас па адных і тых жа сцежках з 90-х гадоў»
«НН»: Да прыходу ў Прэс-клуб дзе Ала працавала?
МШ: Калі мы з ёй пазнаёміліся, яна працавала загадчыцай службы інфармацыі на адной з радыёстанцый (Ала Шарко працавала на радыё АНТ, Бі-Эй, і «Мелодыі стагоддзя» — «НН»). І ў мяне быў падвойны бонус: я мог кожную гадзіну ў інтэрнэце чуць яе голас, бо калі была змена Алы, яна чытала навіны. Калісьці яна працавала на тэлебачанні, была аўтарам сюжэтаў пра мастацтва, літаратуру, гісторыю. Рабіла некалькі выставаў як куратар.
Апроч гэтага, Ала добра фатаграфуе. Яе праца выстаўлялася на біенале мастацтваў у Берліне. Там такая гісторыя: яна шторазу, калі едзе да бабулі, на развітанне фатаграфуе яе. І адзін з гэтых здымкаў, зробленых на мабільнік, трапіў на біенале.
«НН»: Як вы пазнаёміліся?
МШ: Лёс вадзіў нас па адных і тых жа сцежках з 90-х гадоў. Я вучыўся на рамана-германскай філалогіі ў БДУ, на французскай мове і літаратуры, а Ала вывучала французскую мову ў Лінгвістычным універсітэце. Мы маглі перасякацца на франкафонных івэнтах, арганізаваных амбасадай. Першы раз, калі яна мяне дакладна ўбачыла, было ў газеце, якую выдаваў асветніцкі цэнтр пры амбасадзе. Я ў 1998 годзе знянацку выйграў конкурс на веданне культуры, літаратуры і гісторыі Францыі і паехаў туды на чэмпіянат свету па футболе. А ў лінгвістычным усе зайздросцілі: як гэта хлопец з першага набору БДУ перамог у конкурсе, які адназначна павінен быў выйграць нехта з іх?
Пасля, калі я выкладаў у БДУ, Ала на нашым факультэце вучылася ў магістратуры, але на іншай кафедры.
Мы бачыліся і на мерапрыемствах у Прэс-клубе, яшчэ задоўга да таго, як Ала прыйшла туды працаваць.
А пасля ў 2017-м мы прыйшлі вучыцца на адну медыяшколу. І там ужо, напэўна, лёс сказаў: хопіць 20 гадоў вадзіць вас побач. І мы ў першы ж дзень выцягнулі карткі з адным і тым жа заданнем і пасля гэтага больш не развітваліся. Мне было ўжо бліжэй да 40.
«НН»: Вы ў той момант яшчэ верылі, што можна сустрэць каханне?
МШ: Гэта асноўная думка, якая ў мяне пастаянна ўзнікае ў галаве.
Да таго моманту ты ўжо крыху набраўся негатыўнага досведу і думаеш, што, напэўна, такое каханне, пра якое пішуць у кнігах і спяваюць, можа і не існуе, у жыцці ўсё больш празаічна. І тут сустракаеш чалавека, з якім думаеш аднолькава, рэагуеш аднолькава, нават даслоўна. Мы вельмі часта кажам услых адны і тыя ж фразы — і з самага пачатку так.
Я нават і не думаў, што ў жыцці так бывае, гэта насамрэч нейкая фантастыка.
«НН»: А чаму вырашылі распісацца афіцыйна?
МШ: Для нас гэты штамп нічога асабліва не значыць. Але аднойчы я патрапіў у шпіталь, і тады мы размаўлялі пра тое, а што, калі раптам здараецца нешта — умоўна, рэанімацыя, — калі трэба дакументальна даказаць, што ты сваяк. Ну і вось яно здарылася.
Канечне, вялікі спадзеў, што справа да суда не дойдзе. Але калі дойдзе, то я прынамсі змагу паказаць свой пашпарт і патрапіць на суд, бо цяпер туды пускаюць толькі сваякоў.
«НН»: Як любілі праводзіць час разам?
МШ: Мы вельмі шмат вандруем, і па Беларусі таксама. Мы абое любім дакументалкі і лекцыі. Нават было смешна, калі мы толькі пачыналі перапісвацца і здараліся такія супадзенні — я кажу, што прасую бялізну і гляджу дакументалку і Ала: о, я таксама прасую бялізну і слухаю лекцыі. Мы дзелімся кніжкамі. Я цяпер чытаю тое, што Ала дагэтуль.
Па выходных у нас быў час для хобі. Ала малявала ў пакойчыку, а я музыку пісаў. У жонкі і пасля страшных падзей было жаданне нешта намаляваць, выліць тое, што адбываецца, у фарбах. А я пасля жніўня гітару ні разу ў рукі не ўзяў. Цяпер не да музыкі.
«НН»: Ці лёгка знайшлі агульную мову з дзецьмі Алы? Яны ж дарослыя ўжо.
МШ: Так, вельмі лёгка. Атрымалася, што як свае. Я не ўзгадаю нейкія канфлікты. Цяпер мы пастаянна стэлефаноўваемся, і я ім дапамагаю, чым магу. Калі прыходзяць мне нейкія вестачкі, ім перасылаю. Яны добрыя і пазітыўныя рабяты.
«НН»: Яны студэнты цяпер?
МШ: Сын Алы, Максім, скончыў каледж па мастацкай спецыяльнасці. А дачка Вольга вывучае ва ўніверсітэце ахову помнікаў прыроды і культуры.
«Першыя суткі — гэта быў нейкі фільм жахаў»
«НН»: Як Алу затрымалі?
МШ: Перад гэтым Ала цяжка хварэла, хутчэй за ўсё гэта, быў ковід, і мы абмяжоўвалі выхады на вуліцу. Але часам выбіраліся на прагулкі. Акурат у той момант калі да нас пачалі ламіцца ў дзверы, мы пераапраналіся, каб выйсці. Не было зразумела, што адбываецца — было вельмі шумна, сцены трэсліся, невядома, хто гэтыя людзі ў масках. Я паспеў патэлефанаваць сваім на працу, Ала таксама паведаміла блізкім. Мы ўбачылі, што людзі настроены сур’ёзна, і вырашылі адчыніць — нам няма чаго хаваць.
Большасць часу мяне трымалі асобна. Спачатку на кухні, пасля ў іншым пакоі. Мяне дапусцілі, толькі калі быў агляд у шафе, дзе знаходзяцца мае рэчы.
Мне патлумачылі, што гэта не вобшук, а дагляд: «Калі б гэта быў вобшук, маглі б і плітку падняць». Я ўвесь час паўтараў: калі ласка, не чапайце жонку. І наколькі мог бачыць і чуць па танальнасці размовы, з ёй сябе паводзілі карэктна. Пасля дагляду забралі мабільныя тэлефоны і камп’ютары.
Перад тым як яны сыходзілі, мяне пусцілі да Алы развітацца. Да апошняга моманту я думаў, што таксама паеду з ёй. Мы знайшлі Аліны акуляры, рукавічкі, паспрабавалі хуценька сабраць хаця б самае неабходнае на першы час. Яны казалі, што едуць проста на размову. Але калі я пытаўся пра статус, жонка затрыманая ці не, даволі нервова рэагавалі.
Калі я пазней прыехаў да ДФР, там ужо былі адвакаты і сваякі астатніх затрыманых — так мы і пазнаёміліся. Цяпер, калі мы сустракаемся на перадачах, адбымаемся і дзелімся навінамі. Гэта цудоўныя людзі, якія мне сталі сябрамі.
«НН»: Вы тады разумелі, што Алу не выпусцяць?
МШ: Не. Першыя суткі — гэта быў нейкі фільм жахаў. Калі мы ўвечары зразумелі, што нам не дадуць ніякай інфармацыі, раз’ехаліся кожны да сябе. А раніцай першай справай я прыехаў у ДФР і спрабаваў вызначыць, там жонка ці не. Урэшце дзяжурны сказаў, што такіх у іх няма. Што з ёй адбывалася ў тую ноч, цяжка нават уявіць. І далей мы са сваякамі насіліся па ўсіх месцах, дзе нашы блізкія могуць быць — ІЧУ, СІЗА КДБ, аддзяленні міліцыі, прыёмная МУС.
Толькі праз дзень даведаліся, што яны на Акрэсціна. І вось гэтыя суткі без інфармацыі — у мяне няма слова, каб гэта неяк назваць. Але я ведаю, што так нельга з людзьмі.
«НН»: У вас былі спатканні?
МШ: Не. Але адзін раз пабачыліся. Калі іх пераводзілі ў СІЗА, мы чакалі ў двары ДФР. І калі іх павялі да машыны, мы не змаглі стрымацца — падышлі і абняліся. Гэта было 24 снежня.
Адвакаты кажуць, што затрыманыя настроеныя больш пазітыўна, чым многія людзі, з якімі яны размаўляюць на волі. Ала піша, што там цалкам пераасэнсоўваюцца адносіны з людзьмі. На маленькай прасторы ты вучышся паважаць прастору іншага чалавека, дамаўляцца і быць нашмат дабрэйшым, чым у рэальным мітуслівым жыцці.
«НН»: Што жонка наогул піша?
МШ: Што нават у такой сітуацыі хапае месца для гумару і нейкага пазітыву. Яна шмат чытае, у камеры нават чарга па кніжкі. Просіць шмат сшыткаў, бо яны вядуць літаратурныя дзённікі, занатоўваюць цытаты.
З прачытанага для Алы быў адкрыццём, напрыклад, Жванецкі — наколькі там шмат жыццёвай мудрасці і гумару. Цяпер яна чытае Мішэля Уэльбэка, эсэ пра літаратуру і мастацтва — яна радуецца, што атрымліваецца ўспрымаць складаныя тэксты і пераключацца на такое. Прачытала некалькі рэчаў Даўлатава, кнігі па псіхалогіі. Рэгулярна займаецца ангельскай мовай.
Яны не прапускаюць прагулак — на іх развучваюць танцы народаў свету. Гэтыя танцы і рэгулярныя фізічныя практыкаванні добра трымаюць у форме і не даюць завальвацца ў песімізм.
І Ала шмат піша лістоў — агулам напісала больш за 100. Заўсёды пытаецца, хто атрымаў, і перадае шчырую падзяку людзям, якія пішуць. Кожны яе ліст — з малюнкам.
«НН»: А што вам дапамагае трымацца? Вы пісалі, тое, што нават з самай вялікай бядой паступова звыкаешся, — няпраўда.
МШ: Людзі і лісты. Шмат сябровак Алы адразу з’явілася, сваякі побач. Некалькі сяброў у любы складаны момант на падхваце. Я, канечне, ведаў, што так бывае, але калі на сваім уласным досведзе бачыш, што вакол столькі добрых людзей, усё не здаецца такім дрэнным.
Дапамагаюць сваякі іншых затрыманых. Мяне асабліва ўражвае дзяўчына Пятра Слуцкага — сваёй стойкасцю і ўпэўненасцю. Яны нават першае «кахаю» сказалі ў лістах ужо адтуль. Яна так за яго змагаецца і піша лісты іншым затрыманым. Такія людзі — гэта цуд і промень святла для мяне.
На гэтым тыдні працяглы час не было лістоў, і ты пачынаеш больш у сваіх думках жыць, усякае глупства ў галаве круціцца. Я тады дасылаю тэлеграмы — яны нібыта даходзяць. Лісты — гэта спосаб паразмаўляць з каханым чалавекам, як увечары пасля працоўнага дня. Затарможаны, але дыялог, які моцна падтрымлівае.
Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан і з асабістага архіву