22 ноября 2024, пятница14:20

Культура

«Дарога ў восень» Галіны Бабарыкі. Зборнік вершаў столінскай паэтэсы ўбачыў свет

20 ноября 2015, 8:42

Зборнік вершаў паэтэса выдала на ўласныя грошы, тым самым зрабіла сабе падарунак у год юбілею. Выйшла кніга ў адным з брэсцкіх выдавецтваў. Пра сябе і творчасць аўтарка шчыра распавяла нашаму сайту.

Першыя вершы Галіна напісала ў дзяцінстве. Сур’ёзна займацца мастацкай творчасцю, як яна сама кажа, пачала год так пасля 35-ці. “Раней менш пісала вершы, а вось апошнія гадоў пятнаццаць вершаў стала шмат, – расказвае Галіна Сідараўна. – Так і збіраўся зборнік”.

Кніга паэзіі “Дарога ў восень” даўно была падрыхтавана да друку, планавалася выданне ў дзяржаўным выдавецтве ў Мінску, аднак для гэтага даволі працяглы час не было сродкаў. Таму і вырашыла выдаць кнігу за свае грошы.

На старонках зборніка сабраны вершы, што былі напісаны на працягу апошніх дзесяці гадоў. У новы зборнік увайшлі і некаторыя творы з першай кнігі Галіны Бабарыкі “Давер” (выдадзена ў 2004 годзе). Усяго каля двухсот вершаў увабраў у сябе новы паэтычны зборнік.

Вершы для дзяцей, вершы-прысвячэнні родным і блізкім, прысвячэнні роднай зямлі, дарагой сэрцу невялікай палескай вёсачцы… Аднак сярод усіх твораў самае важнае і вялікае месца займаюць вершы пейзажнай лірыкі. Нездарма Галіну Бабарыку называюць “мастачкай пейзажу”.

Вокладка зборніка Галіны Бабарыкі “Дарога ў восень”

“Пішу заўжды: калі ёсць час, калі ёсць нейкі своеасаблівы настрой, – гаворыць пра творчы працэс паэтка. – Пісаць вершы мне вельмі падабаецца. Ад усяго гэтага працэсу я атрымліваю своеасаблівую асалоду”

ДАВЕДКА “МП”

Галіна Сідараўна Бабарыка нарадзілася ў вёсцы Мачуль Столінскага раёна ў 1960 годзе. Пасля заканчэння  школы атрымала прафесію настаўніка ў Магілёўскім педвучылішчы, вучобу працягнула ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Уся яе працоўная дзейнасць звязана са школай. Зараз Галіна Сідараўна працуе настаўніцай пачатковых класаў Мачульскай базавай школы, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На пытанне, чаму зборнік названы “Дарога ў восень”, Галіна адказвае: “У ім, па-першае, змешчана шмат вершаў менавіта пра гэту залатую пару года, па-другое, я сама – нібыта тая восень – задуменная, спакойная. Ды і зачароўвае мяне гэтая пара года сваім хараством”.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч напісаў у прадмове да кнігі наступнае: “Зборнік Галіны Сідараўны – прыгожы, дастойны падарунак нашым вечным настаўнікам і кумірам з той зямлі, якая, з аднаго боку, найаддаленая ад беларускай сталіцы, а з другога – з’яўляецца асновай беларускасці і беларушчыны”.

У мінулым годзе Галіна Бабарыка стала лаўрэатам Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Сям’я – Адзінства – Айчына”, дзе атрымала другую прэмію ў намінацыі “Паэзія для дзяцей” за рукапіс кнігі паэзіі “Рачулка дзяцінства”. Дарэчы, у зборніку “Дарога ў восень” ёсць што пачытаць і маленькаму чытачу.

Творы Галіны Бабарыкі часта можна сустрэць ў перыядычным друку, многія з іх ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі “Па праву жывога”, “Беларускі ручнік”, “Сіла слабасці” і ў некаторыя іншыя.

Зборнік паэзіі Галіны Бабарыкі “Дарога ў восень” можна набыць непасрэдна ў аўтара ці ў вучэбна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама.

Вершы Галіны Бабарыкі са зборніка “Дарога ў восень”

Пейзажы восені

Страсае восень з дрэў лісты

Яшчэ нясмела і няспешна,

Паслухай… Чуеш? Ціха песню

У тумане шэпчуць чараты.

На ніцях – ягады-рубіны,

Імшары рдзеюць іх святлом.

Журботны вокліч. На крыло

Ланцуг узняўся жураўліны.

Ад сонца зажаўцела даль

Пад лёгкім цюлем павуціны.

На плечы стройныя рабіна

Надзела каляровы шаль.

Спраўляе ў яркай прыгажосці

Прырода свой адвечны баль

Ёй фарбаў не шкада, на жаль…

Да восені спяшаю ў госці.

Зрывае восень з дрэў лісты

І сцеле, сцеле іх паспешна…

Ты чуеш? Словы новай песні

Кілім шапоча залаты.

 

Мелодыі

Восень… Палае пажарам лістота.

Бабіна лета пасецца ў лугах.

Крык жураўліны апошняю нотай

Скоціцца ўніз і замрэ ў верасах.

Ягад рабіны апошнія гронкі,

Нібы ліхтарыкі, свецяць здаля,

Мрояцца сонцам над роднай старонкай,

Сонцам, якое стварыла зямля.

Нотай надрыўнаю восень-царыца

Скончыць іграць залаты паланэз.

Срэбная з неба ляціць калясніца,

Поўная снегу і белых імпрэз.

 

Залатая восень

Павуцінкі-ніткі на лугах,

Горкі пах асенняй прахалоды –

Хрызантэмаў палыновы пах.

Кружыць лісце лёгкі ветру подых.

Чырвань лісця, лісця жаўцізна –

Як гульня адценняў цёплых фарбаў.

Толькі бор стаіць, нібы сцяна,

Непрыступная для яркіх барваў.

Сінь нябёсаў просіцца ў раку,

Што нясе няспешна ў край далёкі.

У люстэрку купкі лазняку,

 А між імі – белыя аблокі.

Не спяшае восень са двара,

Не скідае ўборы з пазалотай.

Потым прыйдзе новая пара,

Потым прыйдзе час асенняй слоты.

Мары, што выношваліся мной,

Перад гэтай веліччу прыроды

Раптам сталі дробнай мітуснёй:

Вось дзе ёсць прастора і свабода.


Скриншот видео в инстаграме
Степан Постоялко. На заднем фоне Ирина Абельская и Коля Лукашенко. Коллаж «НН»
Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media
Александр Лукашенко принимает участие в церемонии открытия конференции ООН по изменению климата в Баку, Азербайджан. 12 ноября 2024 года. Фото: Reuters
Фото facebook.com/GeneralStaff.ua
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com