Пра гэтую гісторыю сталася вядома ў 2020 годзе. У Пінску ў 11-месячнай дзяўчынкі выявілі ВІЧ. Ні ў каго ў сям’і інфекцыі не знайшлі, таму маці лічыла заражэнне ў лякарні асноўнай версіяй.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў медычным работнікам.
Справа фактычна спыненая
Тагачасны міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік абяцаў «максімальна прынцыповае, адкрытае расследаванне», паведамляў, што на ВІЧ праверылі ўсіх дзяцей, якія ў той жа час ляжалі ў Пінскай дзіцячай лякарні, і «больш ні ў каго дыягназ не пацвердзіўся».
Нягледзячы на ўсе абяцанні, расследаванне некалькі разоў то прыпынялі, то ўзнаўлялі, і цяпер справа фактычна спыненая, паведамілі незалежнаму выданню ў аб’яднанні былых сілавікоў «BELPOL». Афіцыйнаю падставаю называецца «немагчымасць знайсці асобу, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
Пры гэтым прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар сцвярджае: у іншых умовах знайсці падазраванага не было б складанай справаю.
«Даведацца, хто гэта быў, калі гэта нармалёвыя праваахоўныя органы, нескладана, бо ўсе асобы з ВІЧ-інфекцыяй пад кантролем, і такая асоба не магла б атрымаць допуск да працы. Мабыць, такая асоба там была», – кажа ён.
Паводле звестак «BELPOL», у гэтай справе не адно пацярпелае дзіця, а два. Расследаванне «спусцілі на тармазах» пасля ўмяшання адвакацкага бюро «ЛЕКСпро». Гэтую кампанію заснавала грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя ўрачоў». Яго з 2011 года ўзначальвае Дзмітрый Шаўцоў – кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа.
«Шаўцоў пры дапамозе створанага адвакацкага бюро «ЛЕКСпро» змог, так скажам, замяць справу аб заражэнні двух дзяцей ВІЧ-інфекцыяй у пінскай лякарні. Вінаватыя дагэтуль знойдзеныя не былі, і, на наш погляд, іх і не знойдуць», – кажа Жыгар.
Адвакацкае бюро было зарэгістраванае ў студзені 2020 года, і пасля завядзення справы ў лютым «Шаўцоў рэкамендаваў кампанію для перамоваў і замірэння з бацькамі дзяцей, якія заразіліся вірусам імунадэфіцыту», сцвярджае «BELPOL».
«Там была менавіта медыяцыя з боку «ЛЕКСпро», і паводле той інфармацыі, што мы маем, там проста бацькам заткнулі рот грашыма», – заявіў суразмоўца «Белсату».
Пра гэтую адвакацкую арганізацыю амаль нічога не вядома: ніякай інфармацыі пра яе дзейнасць з моманту рэгістрацыі не знайшлося. Як тлумачыў Дзмітрый Шаўцоў, адвакацкая служба мусіла «абараняць правы і законныя інтарэсы работнікаў сістэмы аховы здароўя: лекараў, сярэдняга і малодшага медычнага персаналу, усіх прадстаўнікоў медычнай супольнасці». А колішні старшыня Беларускай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц распавядаў, што ў бюро працуюць адвакаты, якія маюць паспяховую практыку абароны інтарэсаў лекараў у крымінальных і грамадзянскіх справах, а таксама «шляхам ужывання медыяцыі».
Паводле звестак адзінага дзяржаўнага рэгістру Міністэрства юстыцыі, арганізацыя была зліквідаваная ў леташнім сакавіку на жаданне ўласніка.
Карэспандэнт незалежнага выдання пазваніў па тэлефонным нумары, пазначаным на сайце https://lexpro.by/. Суразмоўца заявіла, што была партнёрам у «ЛЕКСпро», але каментаваць нічога не будзе: няма цяпер такой кампаніі, яна была зліквідаваная.
Артыкул, паводле якога была заведзеная справа, прадугледжвае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў са штрафам, таксама могуць пазбавіць права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнаю дзейнасцю. «BELPOL» перадаў «Белсату» копіі выракаў двум лекарам, якіх у свой час судзілі акурат паводле гэтага абвінавачвання: неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медычным работнікам, што выклікала смерць пацыента або заражэнне ВІЧ.
У абодвух выпадках пацыенты памерлі, і ў абодвух выпадках лекарам прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Уладзімір Жыгар адзначае: гэта звычайная справа ў Беларусі. «Адзінкавыя выпадкі, калі ўсё заканчваецца рэальнымі тэрмінамі. Звычайна нават смяротныя зыходы заканчваюцца для абвінавачанага ўмоўным тэрмінам. І часта такія крымінальныя справы прыпыняюцца або людзям наогул адмаўляюць у адкрыцці справы», – кажа прадстаўнік «BELPOL».
«Хто ведае свой ВІЧ-статус, атрымлівае тэрапію»
Галоўны лекар Пінскай дзіцячай больніцы Мікалай Целяціцкі ў той час сцвярджаў, што ва ўстанове «ўсе вельмі адказна працуюць» і што ён «можа паручыцца за свой калектыў».
«Сітуацыя вельмі складаная, мы хочам самі разабрацца аб’ектыўна, без паспешных высноваў. Гэта неабавязкова могуць быць медыкі або лячэбная ўстанова – дзіця нейкі час было ўдома. Тут трэба разглядаць розныя версіі», – казаў Целяціцкі.
Не дачакаўшыся аб’ектыўнага разбору і грунтоўных высноваў, ён звольніўся ў красавіку 2020 года і цяпер працуе намеснікам кіраўніка медычнага цэнтру «НОВАМЕД» у Берасці. Там дзіцячага хірурга хваляць.
«Кандыдат медычных навук, вельмі дасведчаны адмысловец. Вельмі добры, спакойны лекар, не пужае дзяцей», – сказалі ў цэнтры карэспандэнту «Белсату», які назваўся прыватнай асобаю.
Педыятр Мая Церакулава растлумачыла незалежнаму выданню, што ў выпадках інцыдэнтаў у лякарнях вывучаюцца ўсе медычныя дакументы і ўсе кантакты дзіцяці з якім-кольвек медычным інструментарыем:
«Правяраюцца ўсе журналы, ёсць журналы стэрылізацыйныя, ёсць стэрылізацыйныя пратаколы, кожная стэрылізацыя падпісваецца адказнай асобаю. Запісаны кожны раз, калі дзіця сутыкалася з якою-небудзь медычнаю паслугаю».
Церакулава выказвае здагадку, што ў Пінску дзяўчынка заразілася ад асобы, якая не ведала свайго ВІЧ-статусу.
«Усе ў Беларусі, хто ведае свой ВІЧ-статус, атрымліваюць тэрапію. Калі асоба з невызначальнаю віруснаю нагрузкаю штодзень прымае лекі, такая асоба не можа нікога заразіць, бо віруса ў крыві няма», – адзначыла лекарка.
Прафесарка, дзіцячая інфекцыяністка з Украіны Ала Валоха ў размове з незалежным выданнем згадала выпадак, калі яна была эксперткай у справе заражэння пацыента ў шпіталі.
«Гэта было 10 гадоў таму. Я працавала з медычнай дакументацыяй і ацэньвала сітуацыю. Тады мы не знайшлі прычыны інфікавання дзіцяці ў стацыянары», – сказала лекарка.