10 ноября 2024, воскресенье14:31

Культура

Анатоль Крэйдзіч: “З вёскі можна паехаць у сталіцу, а вёска з цябе не выедзе ніколі”

4 февраля 2018, 17:14

На Лунінеччыне на аднаго пісьменніка стала больш. Анатоль Крэйдзіч, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераехаў са сталіцы ў вёску Сасноўка, на радзіму сваёй жонкі.

Днямі Анатоль Крэйдзіч сустрэўся з чытачамі Лунінецкай цэнтральнай бібліятэкі. Жадаючых пазнаёміцца з пісьменнікам сабралася шмат. Анатоль Мікалаевіч распавёў пра сваё жыццё і творчасць, зачытаў урыўкі са сваіх твораў, шчыра адказаў на пытанні прысутных.

Сам-на-сам з пісьменнікам, які вырашыў крута змяніць сваё жыццё, пагутарыла і Медиа-Полесье.

– Анатоль Мікалаевіч, раскажыце крыху пра сябе: як праходзіла Ваша дзяцінства?

– “Вёска мая – Заверша…” Гэта гімн вёскі, у якой я нарадзіўся – Заверша. Мой верш, пакладзены на песню, стаў яе гімнам. Вёска невялічкая, але была цэнтрам калгаса. Зараз яна адносіцца да Бездзежскага сельсавета.

ДАВЕДКА “МП”

Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч. Нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Заверша Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Удастоены падзякі Прэзідэнта за ўклад у развіццё беларускай літаратуры (2012 год). Адзін з заснавальнікаў паэтычнага свята “Лунінская восень” і ініцыятар заснавання літаратурнай прэміі імя Ул. Калесніка, а таксама літконкурсу сярод дзяцей і юнацтва “Адкрыццё”. Аўтар кніг «Право на улыбку», «Полесский Наполеон», «Раненые мечты», «Сага о настоящем человеке», «Старший брат». Абедзве дачкі замужам, ёсць унучка.

У Завершскай школе адвучыўся да сёмага класа. Пасля мы пераехалі у Іванаўскі раён, у вёску Рудск. Маці ўладкавалася на працу даяркай, а я вучыўся ў мясцовай школе яшчэ год. Скончыў школу з добрымі адзнакамі. Пасля паступіў у Ржэўскі саўгастэхнікум. І з другога курса тэхнікума пачаў працаваць мастаком, адначасова працягваючы вучобу.

Калі гаварыць пра дзяцінства, то ўспаміны такія цёплыя і прыемныя, як парное малако. Калі маці пачала працаваць даяркай (тады даілі кароў уручную), яна выдзяляла мне каля васьмі кароў, і я раніцай і ўвечары хадзіў з ёй даіць. Маці падбірала для мяне каровак, якія не б’юцца, найбольш спакойных. Памятаю, браў з сабой батон, пасля дойкі зачэрпаў кружку свежага малака, еў гэта і пасля зашываўся ў салому і спаў. Цудоўныя ўспаміны (усміхаецца).

– Што было пасля сканчэння вучобы ў тэхнікуме?

– Там я давучыўся таксама з добрымі адзнакамі. Пасля служыў у войску касмічнай сувязі ў Воранава-Падольску, быў зноў-такі мастаком. Перачытаў усе кнігі ў вайсковай бібліятэцы (усміхаецца).

Пасля звальнення вырашыў, што агранамія – гэта не маё, у 1986 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі (зараз Інстытут журналістыкі БДУ), прыехаў да сваёй каханай – Тамары – у вёску Сасноўка Лунінецкага раёна. Мы з ёй толькі перапісваліся, а ні разу не бачыліся. Я ёй пісаў вершы, а яна малавала малюнкі на мае вершы. Тамара выкладала ў Ракітнянскай школе, была піянерважатай.

Недзе праз месяц пасля майго паступлення мы ажаніліся. Хутка ўсё адбывалася.

– Як пачыналася Ваша прафесійнае станаўленне?

– Пачаў пісаць у Іванаўскую раённую газету, публікавацца ў рэспубліканскіх выданнях. Пісаў вершы, прозу. Першай газетай была “Чырвоная змена” – яна была стартавай пляцоўкай для ўсіх маладых літаратараў. Таксама мяне запрасілі ў часопіс “Першацвет”. Вучыўся завочна і працаваў у раённай газеце, і ў гэтым часопісе курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці. Вышукваў таленты, дамапагаў аўтарам рыхтаваць творы да друку.

Працаваў таксама ў газеце “Новая зямля”. Пасля перайшоў у “Народную волю” на пасаду ўласнага карэспандэнта па Бресцкай вобласці. Газета была палітызаванай, і мне гэта не падыходзіла. Я любіў грунтоўнасць. Пасля патрапіў у абласную газету “Заря” на пасаду аглядальніка. У той жа час быў прыняты яшчэ на паўстаўкі ў “Чырвоную змену”.

У той час узначаліў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкую райгазету “Заря над Бугам”. Працаваў так больш за 10 гадоў. Пасля ўзначаліў Іванаўскую раённую газету, адначасова працягваючы кіраваць пісьменніцкай арганізацыяй вобласці.

Гэта было вельмі стамляльна: і мерапрыемствы, і пісаць, і кіраваць… Але ж неяк атрымлівалася.

А на пасаду намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі я трапіў наступным чынам. Бег на цягнік, а мне патэлефанаваў Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза, і прапанаваў быць яго намеснікам. Я на бягу згадзіўся. Нават і не зразумеў тады, пра што размова ішла (смяецца). Пасля з жонкай пагаварыў, яна падтрымала, таму што дзеці вучыліся ў Мінску.

 Васіль Рыгоравіч (нябожчык) і Настасся Трафімаўна, бацькі Тамары; малодшая дачка Крэйдзічаў Каця, Тамара (на пярэднім плане); жонка роднага брата Васіля Таццяна з сынам Максімам на руках і сынам Віктарам, правей (на заднім плане) іх сын Яўген; старэйшая дачка Крэйдзічаў Настасся (на пярэднім плане), Анатоль Кузьміч (нябожчык) і з жонкай Таццянай (сястрой Тамары)

– Як сталася, што пасля працы ў сталіцы Вы вырашылі пасяліцца ў невялічкай вёсцы Лунінецкага раёна?

– Занядужала жончына 97-гадовая маці, і на маю жонку перапісалі яе сядзібу. Жонка даглядае маці, бо так, як яна, гэта ніхто не зробіць. І я таксама прыехаў сюды. І адразу стала спакайней жыць, спаць стаў лепей. Хочацца гаспадарыць, хочацца пісаць пра людзей, якія жывуць у вёсцы.

З вёскі можна паехаць у сталіцу, а вёска з цябе не выедзе ніколі. Гэта я не пра прыніжэнне вяскоўцаў, ні ў якім разе. Я толькі хачу даказаць, што ў вёсцы можна займацца не толькі сялянскай працай, але і літаратурай, да таго – яшчэ лепш, чым у сталіцы, уздымаючы тым самым прэстыж вёскі.

Гэта жыццё, гэта аснова. Я ішоў да гэтага. І прыйшоў. Што далей будзе – пакажа час.

– Дзе Вы чэрпаеце натхненне для творчасці?

– Натхненне бярэцца з таго, што закладзена. Гэта тое, што ты можаш і хочаш сказаць. Яно зароджана яшчэ з маленства. Усё нараджаецца ў галаве. Астатняе – толькі час. Час на абдумванне, на афармленне. Справа не ў натхненні, а ў часе.

– Анатоль Мікалаевіч, раскажыце, над чым Вы працуеце зараз? Чаго чакаць чытачам?

– Працую над раманам. Яго сюжэтныя хады розныя. Асноўная лінія – пра хлопца, у якога ёсць магчымасць бачыць сны. І гэтыя сны бачаць і тыя, хто з ім побач. Гэтага хлопца пачалі выкарыстоўваць іншыя, каб трансліраваць яго сны, карыстацца імі ў сваіх мэтах. А яму, як на зло, каханне сніцца, а не тое, што трэба іншым (смяецца). Асноўнае рэчышча такое, хаця многа чаго і іншага.

Прыкладна падобна на “Бляшаны барабан” нямецкага пісьменніка Гюнтара Граса пра хлопчыка, які гукам умеў праразаць у шкле дзірачкі. Калі прачытаў гэты твор, нарадзілася свая ідэя.

Хоць гэта і фантастыка, але яна падчас бывае больш падобная на рэчаіснасць, чым рэалізм. У мастацтве не ўсё так проста.

– Як Вы ставіцеся да таго, што электронныя кнігі зараз больш папулярныя за папяровыя? Ці можа электронная кніга замяніць традыцыйную?

– Папяровую кнігу электронная, канешне, не заменіць. Але, калі папяровай пад рукой няма, ці яе складана знайсці, то электронная – гэта добра. Абы сама кніга была добрай. Я, напрыклад, вечарам, калі ўжо няма сіл працаваць, лягу і чытаю са смартфона.

Тамара і Анатоль Крэйдзічы ў сваім лясочку на фоне радзіннага дома Харкевічаў у в. Сасноўка

– Якія ў Вас мары, мэты на бліжэйшы час і ўвогуле?

– На сядзібе шмат працы, трэба працаваць там, займацца гаспадаркай. Рабіць літаратуру, займацца ёй нарэшце. Столькі гадоў займаўся іншым. Лепш я буду пісаць нешта сваё, чым бясконца займацца творамі іншых аўтараў. Думаю, гэта правільна для мяне і для маёй сям’і.

Пішу зараз у асноўным па нядзелях, святах, па вечарах, калі хапае сіл. Працы ж па гаспадарцы зараз процьма. Яна бясконцая – але мне вельмі па душы.

Дзякуй. Спадзяемся, што чытачоў нашага партала Вы таксама парадуеце сваімі публікацыямі!

 


Фото использовано в качестве иллюстрации, korabelov.info
Фото cryptowikipedia.ru