24 ноября 2024, воскресенье04:11

Общество

Марыя Моніч: «Калі я закрычала: “Мама! Я сама з’ем! Не выкідай!”, маці заплакала…»

7 мая 2015, 15:35

Марыя Сямёнаўна Моніч тры гады правяла ў палоне ў Германіі. Працавала на металургічным заводзе ў горадзе Міндэн. Калі пачалася вайна, ёй было 17 год. Цяпер – 90 гадоў, жыве яна ў в.Калоднае Столінскага раёна. 

Каб не трапіць у Германію, ела тытунь

Калі немцы ўвайшлі ў Калоднае, пачалі збіраць моладзь і адпраўляць яе на прымусовую працу ў Германію, бацька Марыі не хацеў, каб дачка трапіла ў нямецкі палон. Як успамінае Марыя Сямёнаўна, куды ён яе толькі не хаваў: і ў родзічаў, і ў гаспадарчых пабудовах, і ў лесе, але нядобрыя людзі данеслі, і Марыя трапіла на работы ў Германію.

Немцы баяліся ўсякіх хвароб. Іх медыкі старанна аглядалі людзей, якіх адпраўлялі ў Германію. Хворых яны не бралі, пакідалі. Ды і кволы чалавек не зможа ў поўнай меры працаваць.

Марыя Сямёнаўна ўспамінае, што ў адной дзяўчыны была тоўстая шыя. Дык фашысты палічылі, што яна хворая і скасавалі яе. Марыю ж прызналі здаровай. Тады нехта параіў дзяўчыне наесціся лістоў тытуню, які рос на агародзе, пасля чаго пачнецца рвота і немцы абавязкова адпусцяць. Марыя так і зрабіла. “Ела я той табак, давілася ім, слёзы цяклі, кашляла. Зараз як успамінаю, дык зноў ванітаваць пачынае”, – успамінае яна.

Медыкі заўважылі, што з дзяўчынай нешта не тое. Яны зноў правялі агляд і вырашылі, што Марыя здаровая, а гэта – звычайнае атручванне прадуктамі. З’едзены тытунь не дапамог, паляшучка Марыя ў эшалоне з іншай моладдзю была адпраўлена ў горад Міндэн.

У цягніку былі людзі з усяго Столінскага раёна. З многімі Марыя Сямёнаўна працавала на заводзе, многія на яе вачах загінулі. «Калі ехалі ў Германію, некаторыя страцілі розум ад гора, –  расказвае Марыя Сямёнаўна. – Іх па прыезду ў пункт прызначэння сабралі разам і сказалі, што павязуць назад, у Беларусь. Але невядома, ці прывезлі іх на Радзіму, ці не… Ніколі я іх больш не бачыла».

Цяжкая штодзённая праца, або: У 17 год – 32 кг

«Калі працавала на заводзе, важыла ўсяго 32 кілаграмы. Кармілі нас дрэнна: перамешаныя, перакручаныя бручка і буракі – наша паўсядзённая ежа,  прычым, у малой колькасці. Дзяўчатам можна менш есці, а вось хлопцам  трэба больш, бо яны выконвалі больш цяжкую работу. Галодныя ўсе хадзілі… Калі хто ўкрадзе які бурак і наглядальнік гэта ўбачыць, то чалавека забівалі», – успамінае былы вязень.

Некаторы час Марыя Сямёнаўна працавала ля станка разам са старым немцам. Ён калі-нікалі дапамагаў ёй падымаць цяжкія дэталі і ўпотай карміў. Пасля чарговай бамбёжкі дзед не прыйшоў на працу. Відаць, тады ён загінуў.

«Рабіла я на заводзе ў розных месцах. Паколькі была маленькай і вельмі худой, занадта цяжкую работу фізічна не магла выконваць. Мяне часта ставілі на розныя аперацыі. Грузіла я і скрыні, рабіла і патроны, вазіла матэрыялы».

Галоўным на металургічным заводзе быў чалавек, імя якога Марыя Сямёнаўна не памятае. Як апісвае яна, гэта мужчына высокага росту, шыракаплечы, тоўсты. Заўжды хадзіў з сабакам Афрай, рост якой раўняўся росту падрослага цяляці. Яго некалькі разоў прызывалі ў армію, але той быў настолькі багаты, што кожны раз паспяхова адкупаўся. Адносіўся ён да палонных вельмі дрэнна. Таму рабочыя кожны раз радаваліся, калі яго выклікалі на службу ў армію, але гэта радасць была кароткачасовай: грошы рабілі многае.

Пасля працоўнай змены ў палонных быў вольны час. Яны маглі адпачыць. У пакоі, дзе жыла Марыя Сямёнаўна, жылі яшчэ дзевяць дзяўчат. Ложкі былі драўляныя, двух’ярусныя. Некалькі разоў яна выходзіла ў горад і прасіла ў мясцовых жыхароў якую-небудзь работу: ежы, якой іх кармілі, было мала, палонныя ўвесь час галадалі.

Марыя Сямёнаўна навучылася шыць карсэты для дзяўчат. Да яе многа хто звяртаўся з адпаведнымі заказамі. Шыла яна ўручную пасля працы на заводзе, за што магла набыць якую-небудзь ежу.

 

Вяртанне на Радзіму

Калі дзяўчына вярнулася дамоў і маці карміла дачку абедам, убачыўшы, што засталася бульбачка, а маці хоча яе выкінуць свінням, Марыя адабрала ў матулі чыгунок са словамі: «Мама! Я сама з’ем! Не выкідай!» Маці на гэта заплакала…

Калі савецкія самалёты пачалі бамбіць Міндэн, Марыя была паранена асколкамі бомбы ў руку і нагу. Асколак з рукі так і не дасталі. Ён застаўся з ёй на ўсё жыццё. Боль у правай руцэ з-за яго – напамінак аб страчаных маладых гадах на нямецкім заводзе.

Марыі Сямёнаўне Моніч пашчасціла вярнуцца ў родную вёску. Іншыя хлопцы і дзяўчаты так і засталіся ляжаць у нямецкай зямлі.

Былы вязень, Марыя Сямёнаўна Моніч, - чаканы госць у школе, дзе дзеці ў цішыні слухаюць яе ўспаміны


На суде во время дачи показаний рядом с девушкой была собака, которая была предоставлена судом для эмоциональной поддержки жертвы. Скрин видео: france3paca / YouTube
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pravo.by
Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com