Старшыня Пінскага аддзялення Беларускага грамадскага аб’яднання экскураводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна распавяла Медиа-Полесью:
– Нягледзячы на тое, што Пінск мае багатую гісторыю, экскурсія будзе толькі адна, затое ўнікальная. Гэта выключна новы экскурсійны прадукт, які яшчэ ніхто ніколі не бачыў. Запрашаю пінчан і гасцей горада 18 красавіка ў 11.00 на вуліцу Кулікава да будынку эканамічнага факультэта ПалесДУ.
У 1690 г. пінскі стараста Ян Караль Дольскі заснаваў пад Пінскам прадмесце Каралін і запрасіў туды жыць заможных яўрэяў. Тут з’явіліся сінагогі, школы, крамы, склады, пуні. Кемлівыя каралінцы выпрасталі русла Прыпяці каналам Струмень і пачалі перахопліваць грузы і тавары, якія ішлі з боку Дняпра. З часам па таваразвароце і даходах насельніцтва Каралін пераўзыйшоў Пінск.
У прадмесці нарадзіліся, жылі, вучыліся сусветна вядомыя людзі: першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, прэм’ер-міністр гэтай жа краіны Голда Мэір, нобелеўскі лаўрэат у галіне эканомікі Сайман Кузнец, трэнер чэмпіёна свету па шахматах Анатоля Карпава Сямён Фурман, продкі аднаго з заснавальнікаў кампаніі Майкрасофт Cтыва Балмара. Прадмесце Каралін – святыня для габрэяў-хасідаў, адсюль у XVIII ст. пачала развівацца гэта рэлігійная плынь.
У 60-70-я годы мінулага стагоддзя Карлін знаходзіўся па-за ахоўваемай дзяржавай зонай гістарычнай забудовы і страціў большасць сваіх адметнасцяў: могілкі, сінагогі, яўрэйскія дамы. Апошні ўдар быў нанесены ў 2009 годзе, калі пры будаўніцтве студэнцкай вёскі ПалесДУ быў знішчаны цэлы квартал даваеннай яўрэйскай забудовы.