У Пінск на пленэр прыехалі вядомыя беларускія мастакі: Уладзімір Уродніч, Эдуард Агуновіч, Святлана Наздрын-Платніцкая, Алесь Суша, Кастусь Качан, Аляксандр Збаўчык, Алена Шарып. Вынікам працы павінна была стаць выстава карцін, напісаных на Піншчыне.
Выстава сарвалася не з-за нейкіх там перашкодаў з боку чыноўнікаў, а з-за нядбайнасці арганізатара мерапрыемства. Як распавялі мастакі, пленэр адразу пачаўся неяк сумбурна – не было яснай праграмы. Запрашаючы бок (адзін з мясцовых мастакоў) не пацягнуў мерапрыемства ні ў фінансавым, ні ў арганізацыйным плане. Тады да справы далучыліся простыя гараджане і два пінскія прадпрымальнікі, якія і ўзялі на сябе адказнасць за прыём гасцей. А месца для выставы, якое ўзгаднілі мясцовыя ўлады, проста не паспелі падрыхтаваць.
Аднак мастакі запрасілі ўсіх жадаючых у свой гатэль, у калідорах якога адбылася імправізаваная выстава. Мастакі проста “на каленцы” падпісвалі свае творы і дарылі іх гараджанам, якія дапамаглі правесці пленэр.
Удзельнікі пленэра падзяліліся сваімі думкамі аб мерапрыемстве:
Мікалай Качаноўскі, прадпрымальнік:
-Цяжкасці з арганізацыяй былі для мяне крыху нечаканымі, аднак, як кажуць, “Госць у хату – Бог у хату”, таму прыйшлося дапамагаць.
Цямчык Яўген, прадпрымальнік:
-Не хацелася, каб у такіх вядомых гасцей засталіся дрэнныя ўспаміны пра Пінск, таму я далучыўся да гэтай справы.
Уладзімір Уродніч, мастак:
-Думаю, што мы зладзім яшчэ вялікую выставу ў музеі беларускага Палесся. Пінск варты таго, каб сюды прыязджалі знакамітыя творцы.
Эдуард Агуновіч, мастак:
-Мне ў Пінску вельмі спадабалася, а трапіўшы на сядзібу ў вёску Качановічы, быў асабліва ўражаны: там такая ашаламляльная прырода і такія гасцінныя людзі.
Алена Шарып:
-Пінск – цудоўны горад. Тут такія прыгожыя вуліцы, дзіўная прырода. Я сама родам з Віцебшчыны, у нас такога няма. Я некаторы час была ў творчым крызісе, а ў Пінску прыйшло натхненне і вельмі захацелася маляваць. Шкада, канешне, што не адбылася выстава, аднак Пінск варты таго, каб сюды вярнуцца і правесці ўсё належным чынам.
У наведвальнікаў нашага сайта ёсць магчымасць паглядзець выявы карцін, якія ўжо зараз можна лічыць унікальнымі.