23 ноября 2024, суббота13:32

Запись

Знакамітыя беларускія мастакі сустрэліся з пінскай моладдзю

26 сентября 2014, 15:34

На пленэр у сталіцу Палесся прыехалі вядомыя беларускія мастакі: Уладзімір Уродніч, Эдуард Агуновіч, Святлана Наздрын-Платніцкая, Алесь Суша, Кастусь Качан, Аляксандр Збаўчык. Госці тыдзень прабудуць у Пінску, а вынікам экспедыцыі стане выстава твораў, напісаных за гэты час. У рамках праграмы пленэра, 25 верасня, мастакі сустрэліся з навучэнцамі ліцэя ПалесДУ. Праводзім цытаты з выступаў шаноўных гасцей.

Уладзімір Уродніч, былы дэкан кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Лаурэат Спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Выяўленчае мастацтва", старшыня секцыі "Традыцыя" Беларускага саюза мастакоў, член студыі ваенных мастакоў Міністэрства Абароны Рэспублікі Беларусь:

 

– Пінск паступова становіцца еўрапейскім горадам. Аднак мы жывем у Беларусі, у нас свае традыцыі і менталітэт. Таму трэба з асцярожнасцю адносіцца да прадуктаў масавай культуры, якія лёгка спажываюцца праз iнтэрнэт і тэлебачанне. Мы павінны паважаць сябе, сваю асобу, сваіх продкаў. Беларусы – гэта шчырыя людзі, якія паважаюць закон, дабрыню і чэснасць. Узаемапавага і грамадзянскасць – аб гэтым трэба думаць штодзённа. Мастакі праз свае творы як бы размаўляюць з публікай. Яны вывучаюць гісторыю і ўкладаюць сваё бачанне ў падмурак свядомасці народа. Беларусы больш разумеюць сваё, а не тое,  што ёсць за акіянам ці на Урале.

Святлана Наздрын-Платніцкая, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, удзельніца шматлікіх выставаў, працуе ў сферы кніжнай і станкавай графікі, плаката:

 

– Любая навука мае ступень свайго пазнання.  Мы неяк падлічылі, што мастаку трэба вучыцца 17 год: спачатку гэта гурткі, студыі, каледж мастацтваў, потым акадэмія. І юнаку, які вырашыў стаць мастаком,  неабходна пераадолець усе гэтыя прыступкі, пераскокваць іх нельга. Беларуская акадэмія мастацтваў штогод выпускае каля 20 сваіх навучэнцаў па розных кірунках. І толькі адзінкі з іх становяцца мастакамі. Гэта пакліканне, мастак павінен быць асобай непадобнай да іншых. Ну, і для дзяўчыны важна добра выйсці замуж, каб потым займацца выключна творчасцью – гэта жарт.

Кастусь Качан, член Беларускага саюза мастакоў, працуе ў станкавым жывапісу, пераважна ў жанры пейзажу. Ягоныя творы знаходзяцца ў музеях Беларусі, Расіі, у шматлікіх прыватных калекцыях:

 

– У мяне крыху іншая гісторыя. Я не адразу зразумеў, што я мастак.  Прыйшлося спачатку скончыць фізічны факультэт БДУ. І толькі пасля гэтага паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут. Так што я спачатку нарадзіўся мастаком, а зразумеў гэта потым. Але ж мяне зацікавіла іншае: у пачатку сустрэчы вядучы спытаўся ў навучэнаў, на якой мове будзем выступаць. Пачуліся розныя воклікі. Аднак тыя, хто жадаў чуць выступы па-руску, чым кіраваліся? Няўжо яны не ведаюць беларускую мову?

Эдуард Агуновіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Працуе ў графіцы, ілюстраваў творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Шамякіна і іншых вялікіх літаратараў. Аўтар мастацкага аздаблення літаратурных музеяў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Дома-музея І з'езду РСДРП у Мінску, мемарыяльных комплексаў у Бабруйску:

 

– Дзеці, якія падтрымліваюць беларускую мову, выказваюць сваю годнасць і душэўную шчырасць. Яны ведаюць свае карані, любяць Радзіму і прывядуць яе да росквіту. Таму што ніхто, акрамя іх, не зробіць нашу культуру і эканоміку. Я гэта ведаю, таму што павандраваў па ўсім свеце і зразумеў, што мы павінны спадзявацца толькі на саміх сябе.

Алесь Суша, член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выставаў, лаўрэат прэміі Прэзыдэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Працы Алеся ёсць у фондах матацкіх музеяў Беларусі і замежных прыватных калекцыях:

 

– Мы ёсць Еўропа, і тут заўсёды жылі годныя людзі, якія рабілі вялікія справы па ўсім свеце. Так што будзьце сапраўднымі грамадзянамі нашай бацкаўшчыны. З часам у людзей мяняецца стаўленне да мастацтва. Раней былі ў пашане крышталь і дываны, а цяпер спрабуюць набываць карціны. Аднак мастацтва даволі элітраная рэч, густ гледачоў трэба выхоўваць, напрыклад, праз выставы.

Аляксандр Збаўчык, мастак-абстракцыяніст, член саюза Беларускіх дызайнераў, удзельнік мастацкіх выставаў у Беларусі і па за яе межамі:

– Без творчасці чалавек ня ёсць паўнавартнасны. У вядомай кнізе сказана, што мы зроблены па вобразу і падабенсту тварца, і гэта было зроблена з творчым падыходам.  Таму творчасць можа праяўляцца ў любой справе, у будаўніцтве, эканоміцы, выхоўванні дзетак і гэта важна.

 

 


Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com
Скриншот видео в инстаграме
Степан Постоялко. На заднем фоне Ирина Абельская и Коля Лукашенко. Коллаж «НН»
Иллюстрация media-polesye.com
Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock