VІ Міжнародны пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная прайшоў пры арганізацыі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і пры падтрымцы аддзела культуры Столінскага райвыканкама.
30 майстроў-ганчароў з розных краін свету прынялі ўдзел у V| Міжнародным пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная. Усіх іх віталі на свяце.
Віталі і гараднянскіх ганчароў: Аўраама Басаўца, Сяргея Бяляўскага, Івана і Сяргея Шэлестаў, Адама Шэлеста, Макара Шэлеста, Рыгора Кавалька, Васіля Казачка, Ірыну і Аляксандра Аўчыннікавых.
Удзельнікі пленэрe, мясцовых майстроў і жыхароў Гарадной ушаноўвалі падчас святочнай канцэртнай праграмы. Ва ўрачыстым шэсці прайшлі ганчары ў суправаджэнні творчых калектываў да сцэнічнай пляцоўкі.
Старшыня Столінскага райсавета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч і начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыкнкама Сяргей Панасюк павіншавалі прысутных са святам і ўручылі ўдзельнікам пленэру ўзнагароды.
Загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко падкрэсліла, што ніколі не пераставала круціцца ганчарнае кола гараднянскіх майстроў.
– На Беларусі было шмат буйных ганчарных цэнтраў, якія зніклі цалкам і нічога не засталося. А ў нас – цудоўны музей, у нас маладыя ганчары з’явіліся, чым мы асабліва ганарымся, – дадала Ларыса Быцко.
Кірмаш супаў са святкаваннем 570-годдзя Гарадной. Таму ў гэты дзень адбылося ўшанаванне мясцовых жыхароў. Старшыня Гараднянскага сельвыканкама Мікалай Лічэўскі вітаў аднавяскоўцаў, віншаваў людзей настаяцель праваслаўнай царквы вёскі Гарадная айцец Віктар, прадстаўнікі Каладнянскага лясніцтва, КСУП “Агра-Глінка”, райспажыўтаварыства, раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай газеты.
На традыцыйным Гараднянскім кірмашы майстры прадставілі калекцыі сваіх работ, многія з вырабаў можна было набыць. Гліняны посуд, свістулькі для дзяцей, медальёны і іншыя рэчы прыйшліся даспадобы гасцям свята.
Жадаючыя маглі наведаць Цэнтр ганчарства, дзе размешчаны працы ўдзельнікаў мінулых пленэраў, а таксама работы мясцовых ганчароў.
Успаміны ад свята захаваюцца ў памяці яго ўдзельнікаў на доўгія гады. А праз два гады Гарадная зноў прыме Міжнародны пленэр ганчароў.
ДАВЕДКА “МП”
Міжнародныя пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная праходзяць з 2008 года. Раз у два гады збіраюцца тут майстры не толькі з Беларусі, але і з іншых краін свету. У чатырох пленэрах удзельнічалі ўжо ганчары з 12 краін свету. Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная быў створаны ў 2003 годзе з мэтай захавання і папулярызацыі лепшых традыцый народнага ганчарнага промыслу, адной з галін рамесніцкага промыслу.