22 ноября 2024, пятница11:33

Запись

Цэнтр ганчарства ў вёсцы Гарадная: старадаўняе рамяство – у сучаснасць

12 февраля 2013, 12:43

Цэнтр ганчарства ў вёсцы Гарадная на Століншчыне вядомы далёка за межамі Беларусі. Хутка, 31 сакавіка, гэтай незвычайнай установе споўніцца 10 гадоў.

Калі зазірнуць у гісторыю вёскі Гарадная, то, як сведчаць крыніцы, тут у кожнай сям’і сын павінен быў умець рабіць гаршкі. Вырабы прадавалі ў навакольных вёсках, з гэтага сем’і ганчароў і жылі. Напрыклад, у Гарадной на пачатку ХХ ст. было каля 6.700 жыхароў, сямей ганчароў – болей 300.

Як паведаміла карэспандэнту “Медыя-Палесся” дырэктар Цэнтра Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец, штуршком адкрыцця Цэнтра стала перамога аддзела культуры ў конкурсе праектаў, на грант якога была абсталявана частка другога паверха мясцовага дома культуры.  Галоўнае, што ёсць ганчары, якія перадаюць рамяство моладзі, захоўваючы традыцыі.

Сёння для працы ў Цэнтры ёсць 3 японскія ганчарныя колы, 2 свае электрычныя і 1 нажное кола. Абпальваюцца вырабы ў электрычнай муфельнай печы  (пры тэмпературы 1.110 градусаў) і ў 2 горнах (адзін знаходзіцца каля Цэнтра ганчарства, а другі – на сядзібе ганчара). Вельмі патрэбны тут вакуум-прэс для перамешвання гліны. Можа, знойдзецца спонсар, які дапаможа набыць гэтую прыладу?

Студэнт Палескага ўніверсітэта Сяргей Шэлест, каля прыязджае дадому на выхадныя, спяшаецца ў родны Цэнтр: “Ох, як засумаваў!”. На канікулах ён таксама з задавальненнем займаецца любімай і асноўнай справай сваіх продкаў. Падае надзеі і выхаванец Цэнтра Аляксей Сенько, прадзед якога знакаміты ганчар з роду Вячоркаў. 

У Цэнтры арганізаваны класы па ганчарству для дзетак мясцовай школы. “Большасць наведвальнікаў класаў па ганчарству і глінянай цацкі – хлопчыкі, якім споўнілася 11-13 год”, – распавядае Алімпіяда Леанавец.

Працуюць з дзецьмі майстры-ганчары Аўраам Мікалаевіч Басавец, Рыгор Восіпавіч Кавалька і Васіль Андрэевіч Казачок. Дарэчы, Аўраам Басавец у 2003 годдзе стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Васіль Казачок – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гараднянскай школы, які ў цэнтр ганчарства прыйшоў адразу пасля яго адкрыцця. “Жаданне займацца ганчарнай справай прыйшло з гадамі, бо мой бацька таксама быў ганчаром. Я з маленства быў побач з ім і бачыў, як ён працаваў ля ганчарнага кола, абпальваў гатовыя вырабы, нават ездзіў з бацькам па сёлах прадаваць гліняны посуд”, – дзеліцца ўспамінамі Васіль Казачок.

Былы дырэктар школы Георгій Паўлавіч Захарэвіч шмат клапаціўся аб аднаўленні ганчарнай справы ў школе ў 80-90-я гг. Дзяцей вучылі Іван Яфімавіч Лічэўскі і Аляксандр Паўлавіч Вячорка. А адзін з сыноў ганчара Мірановіча – Мікалай Ермалаевіч у свой час нават арганізаваў у сябе дома своеасаблівы гурток для хлапчукоў.

Сёння на сценах залы Цэнтра ганчарства прадстаўлены фотаздымкі і звесткі 2-х дынастый ганчароў: Мірановіча Ермалая і Мірановіча Сцяпана.  Наогул, калі гаварыць пра дынастыі ганчароў, то можна смела казаць, што іх было шмат.

На пачатку ХХ стагоддзя каля сотні горнаў дымілі ў вёсцы. Ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як успамінаюць старажылы, нямецкія захопнікі з-за гэтага дыму думалі, што тут наладжана нейкая вытворчасць, што тут дымяць заводы. У савецкі перыяд ганчарная справа прыпынілася: знішчаліся горны (печы для абпальвання гаршчкоў), а ганчары лічыліся аднаасобнікамі.

На базе цэнтра ў 2008, 2010 і 2012 гг прайшлі І, ІІ і ІІІ Міжнародныя пленэры ганчароў.  У якасці ганчарнага цэнтра, Гарадная вядома з ХIV ст. У 1579 г. вёска атрымала Магдэбургскае права і 200 гадоў ім карысталася, мела свой герб.

Вельмі яскрава сутнасць ганчарнай справы перадаў Васіль Казачок у вершы “Ганчар”:

Было так і хай будзе ж так навек:

Зямля і Бог, як твор з тварцом адзіны,

Бо створаны быў першы чалавек

З зямлі і са звычайнай гліны.

Ад Бога атрымаўшы шчодры дар,

Ад раніцы да ночы несупынна,

Як  Бог той, завіхаецца ганчар  –

Гаршкі ён лепіць са звычайнай гліны.

Ля горна ён шчыруе да знямогі

І праўду кажуць, што не гавары:

“Абпальваюць гаршкі зусім не Богі  –

Гартуюць у агні іх ганчары”.                       

Шмат прыязджаюць у Цэнтр ганчарства з экскурсіямі. Дарэчы, тут можна заказаць і набыць гліняныя сувенірныя вырабы. Тэлефон Цэнтра – 8 (01655) 36-5-96.


Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media
Александр Лукашенко принимает участие в церемонии открытия конференции ООН по изменению климата в Баку, Азербайджан. 12 ноября 2024 года. Фото: Reuters
Фото facebook.com/GeneralStaff.ua
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Посольство США в Украине (Фото: US Embassy Kyiv Ukraine)