23 ноября 2024, суббота08:24

Общество

Спецпраект Медиа-Полесья: Асаблівасці вышыўкі на Столінскім Палессі. Частка першая

6 декабря 2016, 9:14

Каляровыя вышыванкі на вітрынах магазінаў прыцягнулі ў гандлёвыя кропкі не аднаго пакупніка.

Майкі, рубашкі, сукенкі, сарафаны з вышыванкай ёсць у многіх, хто, дзякуючы валоданню імі, у хуткаплыннасці сучаснасці адчуць каларыт гэтай народнай творчасці і дакрануцца да сваіх вытокаў.   

Гэта стала нагодай для пачатку новага спецыяльнага праекта Медиа-Полесья па вывучэнні аўтэнтычных вышыванак Столінскага Палесся. І для таго, каб высветліць адносіны да фабрычных вышыванак непасрэдна ад палескіх вышывальшчыц, карэспандэнт Медиа-Полесья накіравалася ў вёску Дзераўная, што знаходзіцца літаральна ля мяжы Беларусі і Украіны.

Марыя Мікалаеўна лічыць, што вышытыя ручнікі лепшыя, за фабрычныя маляваныя.

Марыя Мікалаеўна Саўчук, адпрацаваўшы апошнія 20 гадоў на ферме, зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У вольны час, а яго, як сцвярджае паляшучка, цяпер досыць, яна бярэ ў рукі іголку з ніткамі і вышывае. Вышывае прасціны, навалачкі, ручнікі, сурвэткі, якіх у яе нямала.

– З самого дзяцiнства вышывала, мо з пятаго класа. Усю дарогу вышываю, – на мясцовым дыялекце гаворыць жанчына. – Гладдзю люблю вышываць: лягчэй гладдзю. Крэсціком радзей вышываю. Летом – то ў лесе, то ягоды, то клюква. Вось і вышываю больш зімою, пасля Крашчэнья. Пяць-шэсць ручнікоў за зіму вышыю.

Успамінаючы дзяцінства, якое прайшло тут жа, у Дзераўной, Марыя Мікалаеўна ўзгадвае, што дзяўчынкай больш ланцужком вышывала. Вышыўку палюбіла на занятках у школе. Маці ж маленькай Марыі больш ткала, бо палатно было патрэбна для сям’і больш, чым яго аздабленне.

Марыя Мікалаеўна паказвае ручнік, які выткала яе маці

 Частку сваіх вырабаў гаспадыня падарыла, частку аддала на карыстанне дзецям і ўнукам. Аднак большасць яе работ упрыгожваюць дом гэтай сям’і палешукоў, што жыве літаральна ў трох кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы з Украінай. Таму і відавочна, што сярод вышытых рушнікоў жанчыны ёсць і украінскія ўзоры.

Адзін з рушнікоў, вышыты па ўкраінскіх матывах

Вышывальшчыца расказвае, што не толькі ўкраінскія ўзоры прывабліваюць яе. Час ад часу нават ніткі для вышывак набывае ў знаёмых з Дубровіцы (Украіна). Аднак у пераважнай большасці ніткі купляе ў Пінску, дзе ў гарадскіх крамах іх нямала.

Узорамі дзеравенскія вышывальшчыцы абменьваюцца, бяруць тыя, што даспадобы, а затым “отбіваюць”, як кажа жанчына.

Так паляшучка перанесла гэтыя кветкі для ручніка яшчэ ў адной мясцовай вышывальшчыцы

Марыя Мікалаеўна багатая на ўнукаў. Іх у яе 12. Старэйшая ўнучка Крысціна, як і бабуля, вышывае. Толькі дзяўчына для такога занятку выдзяляе мала часу, бо вучобу не трэба запускаць.      

Марыя Мікалаеўна вышыла яго тады яшчэ, як рыхтавала пасаг нявесты

Чырвоны кут у хаце палешукоў упрыгожаны вышыўкамі

Зараз шчыраваць над пасагам будучым нявестам не трэба: пры жаданні ўсё неабходнае можна набыць у краме ці на кірмашы. Аднак Марыя Мікалаеўна мэтанакіравана вышывае для ўсіх сваіх унучак ручнікі, што спатрэбяцца ў час вяселля.

– Што тое магазіннае! Раз пасціраў – і аблезе. Для большай унучкі вышыла, а тыя яшчэ малыя. Палатно под ногі ў царкву ўсім ёсць, а ўзоры – вышыю, – упэўнена кажа паляшучка.

У якасці доказу паказвае магазінны ручнік, які ёй падарылі, і пераконвае, што з вышытым ручніком яго нават і блізка параўноўваць нельга.

Той самы магазінны рушнік

Вышыванне для Галіны Аляксандраўны – больш, чым проста хобі

Яшчэ адна вышывальшчыца з Дзераўной – Галіна Аляксандраўна Леанавец. Жанчына нарадзілася ў вёсцы Лучыца, а ў Дзераўную выйшла замуж. Яна, як і папярэдняя вышывальшчыца, таксама ўжо на заслужаным адпачынку. Апошнія гады плённа працавала ў галіне культуры. Вырабы Галіны Аляксандраўны можна было ўбачыць на раённых выставах, што ладзіліся ў Століне, а таксама летам гэтага года на Міжнародным пленэры ганчароў, што прайшоў у Гарадной.

Галіна Аляксандраўна са сваімі вышыўкамі

Любоў да вышыўкі ў Галіны Аляксандраўны з дзяцінства. У кожную вольную ад хатніх спраў і вучобы хвіліну дзяўчынка хутчэй садзілася за вышыванне. І тут ужо не было межаў яе творчай фантазіі! Першымі вышытымі вырабамі сталі сурвэткі.

Галіна Аляксандраўна на Гараднянскім кірмашы. Фота з архіва Г.Леанавец

Валошкi, рамонкі, бэз, каласкі пшаніцы, півоні, вяргіні, ружы з кожным разам атрымліваліся больш удалымі і маляўнічымі. Гэту любоў да народнага мастацтва Гліна Аляксандраўна захоўвае па жыцці. І сёння жанчына з задавальненнем сядае на ўслончык каля любімага журнальнага століка, што стаіць ля акна ў акружэнні пакаёвых кветак, бярэ ў рукі паркаль альбо наміткі, іголку з ніткамі і адпачывае душой.

Галіна Аляксандраўна за працай

Вось так паступова з-пад рукі выходзіць чарговы ўзор

– Вышываць люблю. Цікава, што атрымаецца,  – расказвае пра любімы занятак Галіна Аляксандраўна. – Больш вышываю крэсціком, бывае, што і гладдзю. Крэсціком вышываць цяжэй. Яшчэ, гледзячы на тое, у адну ці дзве ніткі вышываць: гэта залежыць ад канвы. Много і нітак ідзе.

Крыжыкам вышываць не проста

Прыгожая сурвэтка звісае з серванта

Ніткі для вышывак паляшучка асабіста купляе ў асноўным у Пінску і ў Дубровіцы, там жа набывае тканіну для будучых вырабаў.

Зараз Галіна Аляксандраўна спецыяльна купляе схемы вышывак

Вышыўкі ў яе разнастайныя, на розныя патрэбы: ёсць і вышытая пасцельная бялізна, і навалачкі на маленькія падушачкі для ўнукаў (а іх у жанчыны чацвёра!), і сурвэткі, і абрус. А болей за ўсё ручнікоў, ад якіх проста вачэй не адвесці.

Вуглы абруса расшыты такімі кветкамі

Ручнікі вышыты так акуратна, што нават прыдзірлівы аматар вышыўкі не знойдзе, да чаго прычапіцца

 P.S.

Для абедзвюх паляшучак вышыўка стала адным з любімых заняткаў па жыцці. Жанчыны з задавальненнем наносяць на тканіну яркія, палымнеючыя кветкі, якія зачароўваюць з першага позірку. Яны не імкнуцца схаваць усю гэту прыгажосць у шафу, а аздабляюць ёю дом. Як і дзясяткі гадоў таму, вышываныя ручнікі запатрабаваны ў іх сем’ях, а іх унучкі, гледзячы на бабуль, робяць першыя крокі ў пазнанні народнага матацтва ад носьбітаў гэтага віду творчасці.

Тэму вышыўкі мы працягнем у наступным матэрыяле, дзе сумесна з супрацоўнікамі Столінскага раённага краязнаўчага музея раскажам аб значэнні сімвалаў, якія сустракаюцца на вышыўках, зробленых умельцамі са Столінскага Палесся.


Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com
Скриншот видео в инстаграме
Степан Постоялко. На заднем фоне Ирина Абельская и Коля Лукашенко. Коллаж «НН»
Иллюстрация media-polesye.com
Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media