20 сентября 2024, пятница10:00

Культура

«Прызнанне» Васіля Казачка

16 ноября 2018, 9:23

Кніга вершаў «Прызнанне» сёлета выйшла з друку ў Пінскай рэгіянальнай тыпаграфіі. Зборнік стаў пешай паэтычнай кнігай Васіля Казачка.

Васіль Казачок нарадзіўся і ўсё жыццё жыве ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна.

 Адслужыў у арміі, вярнуўся на радзіму, скончыў філалагічны факультэт педагагічнага інстытута. Працаваў у роднай школе настаўнікам мовы і літаратуры, выяўленчага мастацтва, намеснікам дырэктара школы. Зараз з’яўляецца дырэктарам Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная. 

Васіль Казачок трымае падарунак для Цэнтра ганчарства ад удзельнікаў V Міжнароднага пленэра ганчароў

Кніга паэзіі «Прызнанне» складаецца з пяці раздзелаў: «Край бацькоўскі», «Спадчына», «Мой лепшы сябар», «Развагі аб вечным», «Крыху аб каханні». У зборнік увайшлі каля 50 вершаў, напісаныя паэтам з 2006 года па 2018 год.

Праз паэзію Васіля Казачка яскрава праходзіць прызнанне ў любові да сваёй малой радзімы, дарагой яго сэрцу Гарадной, што вядома далёка за межамі Беларусі ўнікальным ганчарным промыслам.

«Думаю, першая кніга Васіля Казачка знойдзе свайго чытача, пакіне водгук у сэрцы, а найбольш будзе цікавая для землякоў паэта. Яны ўбачаць сябе і сваю малую радзіму, увасобленымі ў паэтычных радках, якія ствараюць яшчэ адну старонку летапісу слаўнай Гарадной», – адзначыла ў прадмове да зборніка гараднянскага паэта сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Ірына Ляшкевіч.

Вокладка кнігі – рэпрадукцыя карціны Васіля Казачка «Возера майго дзяцінства». Паэт, мастак, ганчар не абмінуў у зборніку і рамяство, якім славіцца родная вёска, ушанаваўшы ганчароў.

Вокладка кнігі Васіля Казачка

Ганчар

Было так і хай будзе так навек:
Зямля і Бог, як твор з тварцом адзіны,
Бо створаны быў першы чалавек
З зямлі і са звычайнай шэрай гліны.
У Бога атрымаўшы шчодры дар,
Ад раніцы да ночы несупынна,
Як Бог той, завіхаецца ганчар:
Ён творыць цуды са звычайнай гліны.
Ля горна ён шчыруе да знямогі.
І праўду кажуць, што ні гавары:
«Абпальваюць гаршкі зусім не Богі –
Гартуюць іх у горнах ганчары».

Першая прэзентацыя зборніка Васіля Казачка адбылася ў час сустрэчы за круглым сталом дзвюх творчых суполак раёна ў Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце, дзе сабраліся прадстаўнікі клуба «Натхненне» і клуба «Літаратурнае кафэ».

Набыць зборнік з аўтографам і пажаданнямі Васіля Казачка можна, звярнуўшыся непасрэдна да аўтара. Тэлефон для сувязі: 7958904  (МТС).

Васіль Казачок у час прэзентацыі зборніка

Цікавым момантам стала тое, што, як высветлілася ў час сустрэчы, Васіль Казачок – былы вучань Юрыя Пірскага са Століна. І, як і свой настаўнік, Васіль Казачок піша вершы.

Сам Юрый Пірскі нарадзіўся ў Лунінцы, пасля вучобы ў Пінскім педвучылішчы яго жыццё цесна звязана са Століншчынай. У прысутных была магчымасць паслухаць вершы і гэтага паэта. Як адзначыў Юрый Пірскі, Столін – гэта яго малая радзіма. І многія паэтычныя творы гэтага аўтара прысвечаны любаму гораду, а таксама людзям, якія тут жывуць.

Юрый Пірскі нарадзіўся ў Лунінцы

У час круглага стала прагучалі вершы Святлана Кананчук, Ларысы Вырко, Людмілы Карчэўскай. Пра сваю малую радзіму, вёску Стахава, шмат гаварыла Вольга Шаламіцкая.

Вершы чытае Людміла Карчэўская

Удзельнікі сустрэчы дзяліліся ўражаннямі ад пачутых твораў. Як слушна зазначыла метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Марчанка, кожны чалавек, нягледзячы на ўзрост, на прафесію, пры жаданні можа знайсці ў жыцці месца для любімай справы і творчасці.

Удзельнікі прэзентацыі


Фото: Shutterstock
Фото РОВД
Фото из архива МП
Фото из архива МП
Фото иллюстрационное
Фото: Пинский телеграм
Фото: Pexels.com
Фото использовано в качестве иллюстрации, из архива МП
Место преступления СК
Фото использовано в качестве иллюстрации, с сайта proprikol.ru