Імя Ірыны Ляшкевіч вядома ў культурных колах Брэстчыны і па-за яе межамі. Жанчына піша вершы, спявае, займаецца ўзнаўленнем мясцовых абрадаў, прыцягвае да гэтай справы вясковых дзетак.
Паляшучка спявае, піша вершы з дзяцінства. Як яна кажа сама, творчасць падтрымлівае яе, дае сілы жыць і працаваць. Першы зборнік паэзіі Ірыны Ляшкевіч ўбачыў свет у 2000 годзе. Другі – праз 18 год. Кніга вершаў «Вас я чакала» выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» (бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»).
– Я шчаслівая. Шчаслівая, бо адчула падтрымку і дапамогу неабыякавых да беларускага слова людзей, да маёй творчасці, – падзялілася ў размове з карэспандэнтам Медиа-Полесья паэтэса Ірына Ляшкевіч. – Я нават не думала, і не спадзявалася, што кніга з’явіцца, што яна будзе надрукавана. Проста пісала вершы, адчуваючы ад гэтага працэсу асалоду.
Кніга лірыкі «Вас я чакала» складаецца з пяці раздзелаў: «Вас я чакала», «Роднае», «Мы галлё аднаго радаводу», «Кава і вершы ў ложак», «Сувой». Усяго ў зборнік увайшлі больш за сотню вершаў, напісаныя паэткай у розныя гады.
Тэматычны дыяпазон – шырокі. Гэта як глыбока лірычныя, інтымныя вершы, так і пейзажная лірыка, філасофскія разважанні.
Зборнік паэзіі і яго першы раздзел названы па аднайменным вершы «Вас я чакала, пэўна, Вас…» . Менавіта з гэтага верша і пачынае знаёмства з новай кнігай Ірыны Ляшкевіч чытача.
– Чаму назва для зборніка «Вас я чакала» менавіта такая? Таму што свайго чытача я сапраўды доўга шукала і вельмі рада, што сустрэча адбылася, – адзначыла Ірына Ляшкевіч. – Дзякуючы маім чытачам, маім сябрам, я зараз проста купаюся ва ўсеагульнай любові. Аказваецца, у нас вельмі шмат прыхільнікаў беларускай паэзіі.
Вас я чакала…
Вас я чакала, пэўна, Вас…
Калі апошні промень згас
Малінавага дня.
А шаты неба нада мной
І вечар сіняю сцяной –
Найблізкая радня.
Вам я шаптала, пэўна, Вам
Кахання словы, а багам –
Малітвы ўдзячнасці.
Там сцежка вузкая ў траве,
І вэлюмам туман плыве,
Хвіліны шчаснасці.
Вы ўсё ж былі, напэўна, Вы…
Зляцелі гусі на ставы
З нябёс анёламі.
Пяшчотнасць Вашых вуснаў, рук…
А сведкі – той магутны дуб,
Жаўрук над сёламі.
Сябры Ірыны Ляшкевіч атрымалі магчымасць першымі прачытаць вершы паэткі, калі яны яшчэ знаходзілія ў рукапісе. Многія з вершаў друкаваліся ў сацыяльных сетках, дзе атрымлівалі водгукі. Прычым, водгукі станоўчыя. Вось некаторыя з іх:
Andrey Ilnitsky: «Мне пашчасцiла прачытаць гэтую кнiгу ў рукапiсу. Прызнаюся, што атрымаў шчырае задавальненне ад яе сапраўднай лiрычнасцi i няштучнасцi. У сучасным нашым жыццi, калi мазгi атручаны палiтыкай цi заняты спажывецтвам, а месца для сапраўднага – фiласофii, культуры i рэлiгii быццам бы i няма, калi мы так i не здолелi выбрацца з-пад савецкага друзу i не стварылi анiякай праграмы будучынi, бяздарна корпаючыся ў дробязях, просты немудрагелiсты голас жанчыны без прымiтыўных адценняў барацьбы, валтузнi i незадаволенасцi, якi гучыць са сваёй спакон зямлi, выглядае глытком свежага паветра».
Ці вось яшчэ водгук аднаго з чытачоў: «Оценку такому не дают, такое только перечитывают много раз».
Ірына Ляшкевіч выказвае шчырыя словы падзякі Брэсцкаму аддзяленню Саюза беларускіх пісьменнікаў за садзейнічанне ў выданні кнігі, а таксама Міколе Аляхновічу і Сяргею Амельчуку, якія рэдагавалі кнігу.
Ужо 28 верасня ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя зборніка паэзіі Ірыны Ляшкевіч «Вас я чакала», а на 6 кастрычніка прызначана аналагічнае мерапрыемства ў Галерэі ТУТ.БАЙ у Мінску.
Набыць кнігу паэзіі «Вас я чакала» Ірыны Ляшкевіч можна ў кнігарнях, а таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by.
ДАВЕДКА МП
Ірына Ляшкевіч нарадзілася ў вёсцы Мачуль у 1969 годзе. У роднай вёсцы скончыла агульнаадукацыйную школу і музычную школу ў Альшанах. Пасля заканчэння Беларускага інстытута народнай гаспадаркі плённа пачала працаваць на педагагічнай ніве.
Зараз Ірына Мікалаеўна працуе ў ДУА «Мачульская базавая школа». Яна – кіраўнік узорнага дзіцячага аб’яднання аматараў фальклору «Згадка» Мачульскага сельскага дома фальклору, краязнаўца, збіральніца і выканаўца старадаўніх палескіх песень.
З 2004 года Ірына Ляшкевіч – член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы з’яўляліся і з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет і часопісаў. Сярод іх можна назваць часопісы «Маладосць», «Крыніца», «Роднае слова», альманах «Вытокі» (выдаецца ў Лунінцы пад рэдакцыяй журналіста Вадзіма Жылко).