Skip to content
30 сентября 2026, среда 16:48
Полешуки

Паляшучка, пісьменніца Вольга Касцюк, якая жыве ў Новай Зеландыі: «Ёсць шмат падабенстваў паміж палескай культурай і маары»

Media-Polesye

Вольга Касцюк нарадзілася ў сэрцы беларускага Палесся – вёсцы Радчыцк на Століншчыне. Яе зборнік апавяданняў "Дубовые яблочкі", які ўбачыў свет у выдавецтве Skaryna Press у 2025 годзе, пачынаўся з пратэстаў 2020-га года, хаця на той момант паляшучка ўжо 8 гадоў жыла ў Новай Зеландыі. Пра свой жыццёвы і літаратурны шлях Вольга Касцюк распавяла "Медиа-Полесью".

«Гісторыя майго пераезду ў Новую Зеландыю не казачная»

— Усё вельмі банальна: мой муж — новазеландзец. Таму ніякай казачнай гісторыі не адбылося.

Пазнаёміліся мы ў Індыі. Туды я паехала працаваць з турыстамі. На той час – а гэта 2009 год – я жыла і працавала ў Маскве. Сябры прапанавалі мне правесці адзін сезон у Індыі. А яны былі знаёмыя з маім будучым мужам, так нас і пазнаёмілі.

Мы з мужам шмат вандравалі пераважна па азіяцкіх краінах: Індыя, Непал, Тайланд, Інданэзія. Упершыню ў Новую Зеландыю мы прыехалі ў канцы 2012 года, а ўжо ў 2013-м у нас нарадзіўся сын. З таго года мы трохі жылі ў Новай Зеландыі, потым прыехалі ў Беларусь. У Століне пражылі каля 9 месяцаў. А потым зноў вярнуліся ў Новую Зеландыю. Мы мусілі вяртацца, бо з-за дакументаў я не магла доўгі час знаходзіцца па-за межамі краіны: гэта пагражала ануляваннем візы.

Калі мы выправіліся ў новую вандроўку, то зразумелі, што чакаем другое дзіця. Тады вырашылі зноў вярнуцца ў Столін, дзе былі маці, брат. Малодшы сын  нарадзіўся ў Століне ў 2016 годзе.

— Чым захаплялі вас вандроўкі па азіяцкіх краінах? Чаму не Еўропа, не Амерыка?

— Бо Азія моцна адрозніваецца ад Еўропы, краіны маюць вельмі разнастайныя і цікавыя культуры. А ў Індыю мы проста закаханыя. Тлумачу сваё захапленне тым, што бацька маёй прабабулі па нацыянальнасці быў рома. Ён працаваў ў пана кузняцом. Каранямі рома тлумачу сваю любоў да Індыі, таму мы так часта і вяртаемся туды – то на месяц, то на некалькі тыдняў.

— Як сыны ўспрымаюць вашыя азіяцкія вандроўкі?

— Нармальна. Малодшаму трохі не падабаецца. Але нічога не зробіш – трэба…

— Як увогуле вас, беларуску, успрыняла Новая Зеландыя? І як вы прыжыліся ў краіне, дзе іншыя традыцыі, іншая мова, іншае ўсё?

-Усё, канешне, іншае. Але ёсць і падобнае. Мы жывем на поўначы Новай Зеландыі, як лічыцца, далёкі рэгіён. Па нашых мерках гэта Столін — далёка ад усяго. У нас жыве вельмі шмат карэнных жыхароў – маары, пагэтаму культура карэнных народаў тут паўсюль. Сама я працую ў школе. Тое, як тут захоўваюць карэнную культуру, дапамагае мне вяртацца і захоўваць сваю культуру. Ёсць шмат падабенстваў (хоць гэта і гучыць не вельмі праўдападобна) паміж беларускай, асабліва палескай, і культурай маары.

— А мову маары вывучылі дасканальна, трэба разумець, раз выкладаеце ў школе?

— Не-не-не! На ўзроўні дзяржавы выкарыстоўваюцца тры мовы: ангельская, мова маары і новазеландская мова жэстаў. Я выкладаю на ангельскай мове. Тут таксама існуе праблема з мовай маары, як у нас з беларускай. Але розніца ў тым, што дзяржава падтрымлівае ўсё, што звязана з маарыйскай мовай. Напрыклад, мінулы тыдзень быў абвешчаны тыднем маарыйскай мовы, калі нават англамоўныя жыхары стараюцца выкарыстоўваць у сваёй гаворцы маарыйскія прымаўкі, словазлучэнні ці нават асобныя словы. Атрымліваецца дзіўная мешаніна, але тут ніхто нікога не крытыкуе, наадварот, выкарыстанне хоць якіх словаў выклікае ўсеагульную падтрымку. Я ведаю трохі больш, чым некалькі словаў, намагаюся ўвесь час іх выкарыстоўваць.

— Атрымліваецца мешаніна кшталту беларускай трасянкі?

— Цяжка сказаць. У нас да трасянкі негатыўна ставяцца. А тут калі ты выкарыстоўваеш хоць якія маарыйскія словы, ты ўжо проста герой, бо захоўваеш мову.

«Пачала пісаць па-беларуску і ніколі больш не вярталася да рускай»

— Вы зкончылі філфак БДУ, спецыялізаваліся на вывучэнні русскай мовы і літаратуры. Якім чынам адбыўся паварот да беларускай мовы? Відавочна была нейкая кропка адліку?

— Я вырасла ў вёсцы, дзе ніхто на рускай мове не размаўляў. Думаю, вы мяне разумееце. Таму калі нечый брат ці сястра, якія пасля школы паехалі вучыцца ў Брэст ці Менск, прыязджалі ў вёску і пачыналі гаварыць на рускай мове, мы гэта страшна высмейвалі. І казалі, што мы такімі дзелавымі ніколі не будзем.

Дык вось, я вучылася ў беларускамоўнай школе, і адна з бабуль была беларускамоўная (родам яна была з Гарадзенскай вобласці, дзе карысталіся чысцюткай беларускай мовай). Я расла ў беларускамоўным асяроддзі.

Але пазней вучылася на філфаку БДУ, пасля з’ехала працаваць у Маскву. Зрабіла свой выбар толькі па адной прычыне: на той момант мне маглі толькі прапанаваць заробак у 30 даляраў і працу ў нейкай вёсцы Столінскага раёна. Такая сітуацыя не дужа задавальняла.

На гэтым мая беларуская мова скончылася. Вядома, я чытала кніжкі па-беларуску, глядзела навіны, але гэта не быў актыўны выбар мовы.

Пісала на рускай мове да 2022 года. І толькі пасля таго, як Расія ўварвалася ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, я апынулася ў роспачы… Не магла працягваць пісаць па-руску, але не ведала, ці здолею пісаць па-беларуску, бо мовай не карысталася 20 гадоў. Тады добры мой сябра сказаў: мова абавязкова да цябе вернецца. Бо ты вырасла ў беларускамоўным асяроддзі. І сапраўды, мова да мяне вярнулася: пачала пісаць па-беларуску і ніколі больш не вярталася да рускай.

— То-бок, цяпер вы пішаце выключна па-беларуску і па-палеску?

— Па-беларуску, па-палеску і па-ангельску.

«Усе плошчы прайшлі міма мяне. Але ў 2020 годзе пачала пісаць»

— Падзеі 2020 года істотна змянілі жыццё большасці беларусаў. Але якім чынам масавыя пратэсты перавярнулі ваша жыццё? 

— Так, усе плошчы прайшлі міма мяне. Пазней аналізавала, як такое здарылася. Калі ў Маскве працавала, можна сказаць, не асабліва задумвалася, што адбываецца ў Беларусі, думала толькі пра тое, што адбываецца са мной, з маёй сям’ёй.

Калі праходзілі пратэсты ў Беларусі, у мяне гасціла маці, і мы разам сачылі за навінамі. Тады думалася: вось-вось, магчыма, наступяць перамены. Паколькі я далёка за межамі Беларусі, значыць, магу нешта рабіць для сваёй краіны. Так пачала пісаць апавяданні, большасць з якіх былі надрукаваныя ў часопісах і анталогіях у розных кутках свету. Ужо пазней апавяданні выйшлі асобнай кніжкай.

Натуральна, актыўнічала ў сацсетках: падпісвала петыцыі, адпраўляла паведамленні. І наадпраўлялася… На мяне завялі нейкія крымінальныя, адміністратыўныя справы, нават тэлефанафанавалі з навазеландскага Інтэрпола.

— Вы так цяжка ўздыхаеце, бо пазбаўленыя магчымасці пабываць у Беларусі?

— Калі б нават у мяне і была такая магчымасць, я б туды не паехала: зараз сітуацыя непрадказальная. З аднаго боку, ты адчуваеш, што нічога незаконнага не рабіў, з іншага – прычапіцца можна да любой дробязі. А ў мяне цэлы воз і лайкаў, і напісанага, і ўсяго такога. Я не гатовая рызыкаваць.

— Ці сумуеце па родных мясцінах? Ці хацелася б пахадзіць па Радчыцку, пагаварыць з людзьмі, якіх не бачылі доўгія гады?

— Апошні раз на радзіме я была ў 2018 годзе. Канешне, хацелася б з’ездзіць, паглядзець, наведаць. Але не ў сучасных абставінах. Дасць Бог, нешта ў Беларусі ўсё ж зменіцца…

«Я мела сакрэтны план»

— «Дубовые яблочкі» – вашая першая кніжка. І яна адразу трапіла ў кароткі спіс прэтэндэнтаў прэміі імя Алеся Адамовіча. Ці давольныя вы такім вынікам?

— Канешне. Нядаўна размаўляла са сваім сябрам і казала, што для мяне важна патрабіць у кароткі спіс прэміі Алеся Адамовіча, бо Алесь Адамовіч для мяне вельмі значная фігура, які быў для мяне не толькі пісьменнікам, але быў дысідэнтам, дзеячам, які зрабіў вельмі шмат не толькі для літаратуры, але і для Беларусі. Таму вельмі задаволеная такімі вынікамі.

— Адно з апавяданняў «Дубовые яблочкі» якраз напісана па-палеску. Думалася, давядзецца наноў вучыцца чытаць: адна справа размаўляць на мясцовай гаворцы, і зусім іншае – чытаць тэкст, напісаны па-палеску. Але не, чытанне далося надзіва лёгка.

— Гэтае апавяданне і мне далося даволі лёгка. Я мела сакрэтны план, калі можна так сказаць. У мяне захавалася некалькі відэазапісаў з маёй бабуляй, якой, на жаль ужо няма,яе размовы на мясцовым дыялекце. Пераглядала захаваныя відэа, выпісвала асобныя словы, прымаўкі, каб адмыслова ўключыць іх у апавяданне. Для мяне было вельмі важна, каб яно менавіта лёгка чыталася, нібыта чыясьці бабуля расказвае гэтую гісторыю.

— За першай кніжкай заўсёды мусіць быць працяг. Бліжэйшым часам збіраецеся штосьці пісаць і выдаваць?

— У канцы гэтага года, спадзяюся, да варшаўскай «Прадмовы», выйдзе анталогія, прысвечаная 40-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Я з’яўляюся ўкладальніцай гэтай анталогіі. Кніжка абяцае стаць унікальнай, бо складаецца з тэкстаў беларускіх і ўкраінскіх аўтарак. Тэксты беларусак будуць надрукаваныя па-беларуску, а ўкраінскіх аўтарак – па-ўкраінску. Тэксты падабраліся неверагодныя: і мастацкія, і паэтычныя, ёсць эсэ. Кніга выйдзе ў выдавецтве «Пляўфбаўм».

Сваіх асабістых твораў пакуль няма. Зараз – першы год, калі працую настаўніцай у школе на поўную стаўку. Адначасова заканчваю двухгадовую вучобу на настаўніцу, якая стала магчымай толькі таму, што здолела пацвердзіць дыплом БДУ. Таму год выдаўся да мяне проста шалёны.

— Вашыя калегі ведаюць, што вы пісьменніца і выдалі кнігу? 

— У мяне тут склалася група з мясцовых пісьменнікаў. Яны аказваюць мне вельмі сур’ёзную падтрымку. Калі даведаліся, што ў мяне выходзіць кніга, то сталі мякка намякаць: напэўна ж, будзе прэзентацыя. А якая прэзентацыя, калі кніга выдадзеная не па-ангельску: хто ж прыйдзе на гэтую прэзентацыю? Некаторыя твае апавяданні ўжо перакладзеныя на ангельскую мову, перакладай яшчэ парачку – і ўсё атрымаецца. Так вось мінулай восенню адбылася прэзентацыя, на якую прыйшло чалавек 30 – і ўсе слухалі беларускія апавяданні. Сядзелі і плакалі… Прыйшлі многія калегі, дырэктар школы, мае сябры, пісьменнікі і проста жыхары.

— Скажыце, а выхад вашай кнігі дазволіў наладзіць масты з землякамі, раскіданымі па свеце? Ці землякі паводзяць сябе стрымана?

— Землякі ўвогуле стрыманыя. Але тут, у Новай Зеландыі, жыве ўжо мая сяброўка Вольга з Ополя (з Іванаўскага раёна), якая выдала кніжку “Мое баба діректор морга”. Як мы пазнаёміліся? Яна шукала перакладчыка, здольнага перакласці яе палескую гаворку на ангельскую мову. Нехта параіў ёй звярнуцца да мяне. Я доўга адмаўлялася перакладаць, бо не з’яўляюся прафейным перакладчыкам. Тым больш, што мову вывучыла сама. Але для Вольгі было вельмі важна, каб перакладчык разумеў палескае жыццё і атрмасферу. З таго часу мы сябруем. І хутка ў нашым райцэнтры будзе кніжны фестываль, на якім я буду выступаць. А раз у меня няма англамоўных кніжак, то я буду прэзентаваць свой пераклад кнігі “Мое баба діректор морга”…

 

Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вк, Одноклассники, Facebook, Instagram, ТикТок.

Поделитесь новостью:

Все регионы

В стране и мире

Полешуки

В фокусе – Полесье

Для тебя