10 ноября 2024, воскресенье08:05

Культура

Двайны юбілей адзначылі ў радзівілаўскім парку ў Століне

3 июля 2015, 15:23

Адразу два юбілеі адзначылі ў Століне 2 ліпеня. На мерапрыемства, прысвечанае 130-годдзю парку “Манькавічы” і 60-годдзю Столінскага раённага краязнаўчага музея, прыйшлі жыхары і госці Століна. Сярод гасцей і дэлегацыя з Ікшкільскага краю (Латвія), якая сёння прымае ўдзел у святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Святочная праграма пачалася наведваннем выставачнай залы (некалі гэта быў домік прыўратніка), дзе наведвальнікі не толькі ўбачылі творчыя работы мастака Сяргея Місюна, але і пазнаёміліся з іх аўтарам. Ён зрабіў невялікі экскурс па галерэі.  

Удзельнікі ансамбля =Выцінанка=  ігралі для тых, хто прыйшоў на свята

Ля ўваходу ў парк “Манькавічы” пад гукі музыкі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” (кіраўнік Пётр Астапчук) гасцей свята сустрэў Летапісец. Ён зачытаў загад аб перадачы гэтых палесскіх зямель ва ўладанне Радзівілаў.

Навуковы супрацоўнік музея А.Вярэніч вядзе экскурсію па парку

Пасля гэтага людзей запрасілі ў парк. Супрацоўнік музея Аляксей Вярэніч правёў усіх па галоўнай дарозе парку і расказаў гісторыю яго стварэння, асаблівасці, значнасць. Парк створаны па ініцыятыве княгіні Марыі Дароты дэ Каштэлян, якая была жонкай князя Антонія Радзівіла. Плошча парка дасягала 50 гектараў, зараз гэта амаль у два разы меней – 23 гектары. Парк “Манькавічы” па праву лічыцца адным з лепшых паркавых аб’ектаў нашай краіны і з’яўляецца візітнай карткай Століна. Сын Марыі Дароты дэ Каштэлян Станіслаў Радзівіл устанавіў у цэнтры парка камень-валун з падзячным надпісам у адрас сваёй маці, які і па сённяшні дзень знаходзіцца на сваім месцы. 

Пасля экскурсіі па парку на пляцоўцы перад музеем з’явіліся чатыры музы: Мельпамена (муза тэатра), Эўтэрпа (муза паэзіі і музыкі), Кліа (муза гісторыі), Тэрпсіхора (муза танца). Разам з імі і прадоўжылася святкаванне двух юбілеяў.

Чатыры музы – Мельпамена (муза тэатра), Эўтэрпа (муза паэзіі і музыкі), Кліа (муза гісторыі), Тэрпсіхора (муза танца)

Перад гасцямі выступілі супрацоўнікі музея, прадстаўнікі ўлады, госці з Ікшкільскага краю.

У ролі Мнішкі С.Сень, у ролі Боны Сфорцы – Н.Лісавец

Граматамі ўзнагародзілі былога дырэктара музея Юрыя Камарова, цяперашняга дырэктара Святлану Вярэніч, краязнаўца Мікалая Бразоўскага з Давыд-Гарадка, а таксама Ларысу Аляшкевіч, якая больш за 30 год працавала музейным наглядальнікам.

В.Заруба ўручае С.Вярэніч узнагароду

Узнагароду атрымаў краязнаўца з Давыд-Гарадка М. Бразоўскі

Удзельнікі святочнай праграмы танцавалі, чыталі вершы, спявалі.

 Выступае ўзорнае аб’яднанне аматараў фальклору “Згадка” (кіраўнік І.Ляшкевіч)

Перад гледачамі выступілі ўдзельнікі ўзорнага аб’яднання аматараў фальклору “Згадка” (кіраўнік Ірына Ляшкевіч), народны ансамбль народнай музыкі “Вятліца” (кіраўнік Генадзь Капко), удзельнікі творчага клуба “Альтанка” Столінскага РМЦ (кіраўнік Ніна Лісавец), народнага тэатра “Пагарынне” (кіраўнік Іна Філановіч).

Народны ансамбль народнай музыкі “Вятліца” (кіраўнік Г. Капко)

Пасля ўрачыстай праграмы на працягу гадзіны дзверы музея былі адчынены для ўсіх наведвальнікаў. Бясплатна ўбачыць усе экспазіцыі і сфатаграфавацца ля іх змаглі тыя, хто прыйшоў на свята.

Кожны мог наведаць музей ў гэты дзень

Цяпер фонды музея налічваюць 24.000 музейных прадметаў асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў. Найбольш багата прадстаўлены ў экспазіцыі і фондах калекцыі нумізматыкі, фалерыстыкі, баністыкі, іканаграфіі, прадметаў этнаграфіі і быту, старых друкаваных выданняў, халоднай агнястрэльнай зброі, чучалаў звяроў, птушак і рыб.

Госці свята

Святочнае мерапрыемства завяршылі, але вароты парку і дзверы музея адчынены для ўсіх амаль кожны дзень.  


Снимок носит иллюстративный характер / Фото: msavto.by