Старажытны ручнік – рэч адметная і сімвалічная ў беларускай народнай культуры.
Пра ручнікі ўвогуле і пра тое, чым унікальныя і чым адрозніваюцца столінскія ручнікі ад ручнікоў іншых рэгіёнаў Беларусі, Медиа-Полесье даведалася ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі, у фондах якога сабрана багатая калекцыя ручнікоў – каля 200 адзінак.
– Усе народныя абрады у жыццёвым коле багата і каларытна суправаждаюцца ручніком – прыгожым народным мастацкім творам, выкананым загрубелымі рукамі простай сялянкі. Творам, у які яна ўклала не толькі часцінку сваёй душы, але і часцінку сваёй малой радзімы. І няхай ён будзе неглюбскі, мотальскі ці з Браслаўшчыны – кожны дыхае сваім краем і нясе ў сабе яго хараство.
Ручнік заўсёды быў цесна звязаны з жыццём чалавека з таго моманту, як ён нарадзіўся і да моманту яго рытуальнай «пераправы» ў мір продкаў. Акрамя таго, ён суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з самай раніцы і да позняга вечара.
Навукоўцы раздзялялі гэты твор чалавечых рук на чатыры тыпы, кожны з якіх меў сваю сферу выкарыстання, – распавяла дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч. – Самым простым па вырабу лічыўся ручнік-«уціральнік», якім у паўсядзённым жыцці выціралі рукі і твар. Як правіла, ён не меў арнаментальнага ўпрыгожання.
А самым высокім статусам надзяляўся ручнік-«набожнік», якім упрыгожвалі чырвоны кут хаты, накрываючы абразы з выявай Багародзіцы, Ісуса Хрыста ці найбольш шануемых святых, напрыклад, Мікалая-Цудатворца. Аднак у нашых мясцінах назва «набожнік», якой называюць ручнікі для аздаблення абразоў у іншых рэгіёнах Беларусі, амаль не ўжывалася. Проста існавала назва «ручнік».
Яшчэ адным відам ручнікоў была «намітка» – своеасаблівы галаўны ўбор беларускіх жанчын. Вядома, што ручнікі-«наміткі» выкарыстоўваліся і ў шэрагу іншых вядомых рытуальных дзеянняў, напрыклад, такіх, як абвязванне найбольш ганаровых родзічаў на вяселлі. У нашых царквах, на старых крыжах захаваліся ручнікі – «абярэгі». Некаторыя вучоныя лічаць гэтыя ручнікі ручнікамі-«набожнікамі». Усё залежыць ад месца, дзе яны знаходзяцца. Напрыклад, на крыжы маглі павязаць і «намітку», і проста ручнік.
– Самыя прыгожыя ручнікі (узорыстыя ручнікі) аддавалі ў царкву, касцёл, капліцу, упрыгожвалі імі абразы. Маглі павязаць яго на крыж, што стаіць на скрыжаваннях дарог.
А ў царкве ў вёсцы Рухча-1 ручнік быў адлюстраваны нават на адным са старажытных абразоў. Цяпер ён знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, – працягвае малодшы навуковы супрацоўнік Столінскага раённага краязнаўчага музея Крысціна Жаўнерык. – А яшчэ дакладна вядома, што ў Струзе ручнікі-«уціральнікі» выкарыстоўвалі нават у язычніцкіх мэтах, хаця на вуліцы ўжо быў пачатак ХХ стагоддзя. У час засухі спецыяльна ўпрыгожвалі крыж ручніком і прасілі Бога паслаць на зямлю дождж.
У пераважнай большасці традыцыйныя беларускія ручнікі – ільняныя. Першапачаткова пры стварэнні ручніка выкарыстоўвалі два колеры: белы і чырвоны. Напрыклад, ручнікі-«уціральнікі» ўяўлялі сабой звычайнае льняное палатно без карункаў. Узор на ім нават не сімвалічны – проста ўзор. Адзінае, што было на такіх ручніках, – гэта чырвоная нітка.
У палескіх вёсках прынята было выкарыстоўваць тканыя і вышываныя ручнікі для стварэння святочнага інтэр’еру: іх вешалі на абразы, вокны, сцены, на рамкі з фотаздымкамі. Аднак гэта традыцыя за апошнія дзясяцігоддзі змянілася. На Заходнім Палессі да сярэдзіны XX стагоддзя прынята было доўгім чырвона-паласатым ручніком (каля 400 см) накрываць адразу некалькі абразоў, што віселі ў рад над вокнамі абапал кута. У куце размяшчалі адну ікону, якую ўпрыгожвалі асобным кароткім ручніком. Пры дапамозе доўгага чырвона-паласатага ручніка рабілі таксама «будку» – накрывалі ім тры абразы, кожны з якіх быў пакрыты асобным кароткім ручніком.
Паводле грунтоўных даследаванняў навукоўцы Вольгі Лабачэўскай, тэрыторыя сучаснай Століншчыны ўваходзіць у арэал распаўсюджвання і бытавання столінска-пінскіх ручнікоў (манаграфія «Повязь часоў – беларускі ручнік», двухтомнік «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Брэсцкае Палессе»).
– На Століншчыне аснову дэкора складалі безузорныя чырвоныя палосы са шчыльным уточным засцілам. Галоўная тэхніка – чатырохнітавае аднаўточнае ткацтва з саржавым перапляценнем. Чатырохнітавае ткацтва – гэта адна з найбольш старажытных і распаўсюджаных тэхнік народнага ткацтва. Аднаўточнае ткацтва на чатырох нітах дазваляла атрымліваць тканіну палатнянага, рыпсавага, саржавага, паўажурнага і ячэістага перапляцення, – працягвае Крысціна Жаўнерык. – У ручніках Столінскага раёна маналітнасць чырвоных палос разбіта пракідкамі жгуцікаў скручаных белых і чорных нітак і дробным шашачным арнаментам чорнага колеру.
Навуковец Вольга Лабачэўская адзначае, што ручніковая палатніна заткана шэра-белым шашачна-геаметрычным арнаментам, які ўтвараецца непасрэдна ў працэссе ткання на чатырох ці васьмі нітах.
Дробнаўзорысты фон ператыканы чырвона-чорна-белымі палоскамі, якія рытмічна чаргуюцца па ўсёй даўжыні ці згушчаюцца па канцах, ствараючы кампазіцыйна-дэкаратыўнае завяршэнне ручніка. Большасць узораў такіх ручнікоў выяўлена ў Столінскім і Пінскім раёнах.
Тэхніка шматнітовага ткацтва не была распаўсюджанай у Заходнім Палессі. Шматнітовыя ручнікі з паласатым чырвоным дэкорам пераважаюць у асноўным у зарэчанскіх вёсках Пінскага і Столінскага раёнаў. Адсюль і іх назва.
Столінска-пінскія ручнікі і настольнікі, якія ткаліся ў асноўным на чатырох нітах, маюць не вельмі шырокі асартымент арнаментальных малюнкаў. Для іх і характэрны самыя простыя шашачныя матывы.
Сярод столінска-пінскіх шэра-белых ручнікоў з натуральнага і адбеленага льну сустракаюцца ручнікі блакітна-белага колеру. У іх аснове ўжыты пафарбаваны мінеральнымі і расліннымі фарбамі лён, ва ўтку – белая бавоўна. Канцы ўпрыгожаны плеценымі махрамі ці фабрычнымі карункамі. Карункі – гэта асаблівая рыса не толькі столінска-пінскіх ручнікоў. На карунках таксама выкарыстоўвалі пэўныя сімвалы: зоркі, маці, ураджаю.
Так, для Столінскага раёна характэрны ручнікі да 47 см шырынёй і 350 см даўжынёй, якімі па палескім звычаі пакрывалі адразу некалькі абразоў. Даўжыня ручнікоў залежыць ад іх функцыі: кароткія (150 см) прызначаліся для ўтылітарных мэт, доўгія (ад 380 да 430-460 см) ткалі ў якасці ахвяравання ў цэрквы, імі аздаблялі хатнія абразы.
Кожны з абрадавых ручнікоў меў свой асабісты арнамент, які нясе свой сэнс, мае патаемныя сакрэты. Калі вышывалі сімвалы на ручніках, то гэта, у першую чаргу, было звязана з абрадавым прызначэннем.
Напрыклад, ручнікі пад каравай, для павязвання рук маладых і г.д. Не характэрны на ручніках са Століншчыны, як, у прынцыпе, і па ўсёй Беларусі, геаметрычныя ўзоры. У асноўным на ручніках рабілі шашачны ўзор, і ўся сімволіка зроблена пры дапамозе гэтага ўзору. Палосы – шлях, дарога. І сам ручнік – таксама сімвал, як прамень сонца. Аналізуючы кола святаў і абрадаў, беларускі фалькларыст Арсень Ліс адзначаў, што ручнікі – гэта прамяні сонца, якія цягнуцца з неба да зямлі. Таму ручнік – гэта шлях ад неба да зямлі, і, адпаведна, сімвал жыццёвага шляху чалавека.
Гладдзю вышываць кветкі на ручніках і карунках пачалі пасля 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Сімволіка ў пасляваенныя часы была адкладзена, забыта. А кветкі – гэта кветкі. Таму яны амаль не змяніліся на ручніках. Пачынаючы з 80-х гадоў, калі тэмай арнамента пачалі займацца сур’ёзна, сталі вышываць ручнікі з арнаментам.
– Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя бабулі, разумеючы сімволіку, добра ведалі, што яны вышываюць, з якой мэтай гэта робяць. Без ведання значэння тых ці іншых сімвалаў пазнейшыя ды і нашы сучасныя вышывальшчыцы пачалі асабістую інтэрпрэтацыю. Таму ручнікі пачатку ХХ стагоддзя яшчэ могуць нешта расказаць пра тое, у што верылі нашы продкі, для чаго наносілі на ручнікі пэўныя сімвалы.
Гэтага, на жаль, нельга сказаць пра сучасныя ручнікі, бо яны вельмі часта ніякай сэнсавай нагрузкі не нясуць, – канстатуе Крысціна Жаўнерык. – А зараз вышываць увогуле проста: знайшоў кнігу, паглядзеў дзесьці ў Інтэрнэце і – працуй.
Медиа-Полесье выказвае словы падзякі супрацоўнікам Столінскага раённага краязнаўчага музея за дапамогу ў стварэнні артыкула!
Новый год все ближе и если вы хотите успеть купить новогодние аксессуары по низкой цене…
Процесс приготовления таких голубцов сэкономит время.
Пассажиру стало плохо сразу после отправления со станции, но поезд отказались остановить, когда спутники мужчины…
Предлагаем узнать, что приготовила для нас Вселенная на этот раз.
Сегодня отмечается Всемирный день молодёжи, Евpoпeйcкий дeнь виннoгo туpизмa, Дeнь пpocмoтpa чёpнo-бeлoгo фильмa, Мeждунapoдный дeнь…
Все мы родом из детства. Добрые и поучительные мультики, они сплелись с нами. И мы,…