20 сентября 2024, пятница12:31

Запись

60-гадовы юбілей адзначае Столінскі раённы краязнаўчы музей

2 августа 2013, 12:55

Свой чарговы дзень нараджэння адзначае Столінскі раённы краязнаўчы музей у першы дзень жніўня. Менавіта 1 жніўня 1953 года Столінскім раённым Саветам дэпутатаў працаўнікоў было прынята рашэнне аб адкрыцці ў г.Століне раённага краязнаўчага музея. Таму ў гэтым годзе музею споўнілася 60 год.

На Століншчыне  зараз дзейнічае  16  грамадскіх  музеяў. Разам са Столінскім, які з’яўляецца  каардынуючым цэнтрам ўсёй краязнаўчай работы ў раёне, яны ўносяць свой уклад ў справу захавання і прапаганды гісторыка-культурнай  спадчыны роднага краю. Таму ў гасцях у Медыя-Палесся дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Паўлаўна Вярэніч і навуковы супрацоўнік музея Юрый Сямёнавіч Юркевіч. Яны ахвотна расказалі гісторыю музея і пазнаёмілі з экспазіцыйнымі заламі.

Пра тое, як з’явіўся музей

Ідэя стварэння ў Століне краязнаўчага музея ўзнікла на пачатку 1950-х гадоў. А ўвасабленне яе ў жыццё адбывалася на працягу 1954-1955  гг. Першым дырэктарам (з 1 студзеня 1954 г.) і фактычным яго стваральнікам стала Вера Мацвееўна  Очкіна – ураджэнка Расіі, якая пасля вызвалення Століншчыны ад  нямецка-фашысцкіх захопнікаў цесна звязала свой жыццёвы лёс з нашым  краем. Менавіта яна ўзначаліла  нялёгкую справу стварэння музея.

Насельніцтва раёна актыўна адгукнулася на ідэю стварэння ў Століне краязнаўчага музея. Людзі пачалі несці ўсё, што мелі цікавага са спадчыны сваіх продкаў: каменныя сякеры, старажытныя дакументы,  прылады працы і побыту, розныя манеты і інш. З  ўспамінаў Веры Мацвееўны мы ведаем, што самым першым экспанатам стала медная  капейка з выявай Георгія Пабеданосца, якую ў 1954-м г. прынёс жыхар Століна Васіль İгнатавіч  Навумчык.

Першае месцазнаходжанне музея і адкрыццё яго першай экспазіцыі

Ля  вытокаў Столінскага раённага  краязнаўчага  музея  стаяў  і Яўстафій  Юльянавіч  Высоцкі, які вельмі шмат зрабіў для стварэння першай  экспазіцыі, а яшчэ асвоіў складанае рамяство таксідэрміста (спецыяліста  па  вырабу  чучалаў  жывёлін,  рыб  і  птушак). У выніку  набыў  шырокую   вядомасць  на  Століншчыне  і  за  яе  межамі.

Дзякуючы намаганням В.М. Очкінай і Я.Ю. Высоцкага,  першая экспазіцыя Столінскага раённага краязнаўчага музея была  падрыхтавана  ў  сціслыя  тэрміны.  Яе  адкрыццё  адбылося  5 лістапада  1955  г.  А размяшчалася яна на другім паверсе невялікага двухпавярховага будынка  у  цэнтры Століна, па вуліцы Леніна, 3. Экспазіцыйная плошча, на якой размяшчаліся аддзелы прыроды (1 пакой) і археалогіі (2 пакоі), была невялікай (усяго 52,7 м2). Тут размясціліся два аддзелы ― прыроды і археалогіі.

Шмат яшчэ цікавых  матэрыялаў  заставалася ў фондах музея, бо толькі аднаго паверха невялікага  будынка  было мала для размяшчэння усіх прадметаў, якія маглі быць  выкарыстаны  ў  якасці  экспанатаў. З цягам часу першы паверх таксама перайшоў да музея.

Ішоў час, папаўняўся музенйны фонд. Дзякуючы далучэнню  19 студзеня 1961 г.  да  Столінскага  раёна  тэрыторыі скасаванага  Давыд-Гарадоцкага раёна поле дзейнасці музея і геаграфія збору мясцовых  матэрыялаў пашырылася  амаль у 2 разы!

Не абыйшлося без цяжкасцей

Неўзабаве  абставіны  склаліся  так,  што  над  самім  фактам  існавання  музея  навісла  пагроза: на ўрадавым узроўні было прынята  непрадбачлівае рашэнне аб скарачэнні колькасці культасветустаноў, галоўным чынам за кошт невялікіх музеяў і бібліятэк. Пад скарачэнне папаў  і Столінскі раённы краязнаўчы музей. У  выніку спрэчак было  знойдзена кампраміснае рашэнне, паводле якога Столінскі музей захоўваўся, але як філіял Брэсцкага  абласнога краязнаўчага музея. Штат работнікаў пры гэтым быў скарочаны да  мінімуму: заставалася  толькі  адзінка  захавальніка  фондаў. У хуткім часе гэта рашэнне было прызнана памылковым. У 1963 г. штат супрацоўнікаў музея быў адноўлены. Чарговым кіраўніком музея на шмат гадоў стала  Ксенія Дзмітрыеўна Кожына.

Новы будынак музея – новая экспазіцыя

У  1970 г. музею быў выдзелены адзін з  карпусоў былога Дома састарэлых калгаснікаў у парку «Манькавічы», дзе ён знаходзіцца і сёння. Быў зроблены  капітальны рамонт. Адначасова супрацоўнікамі музея вялася праца па фарміраванні новай экспазіцыі: новыя памяшканні дазвалялі мець куды большую экспазіцыйную плошчу. Урачыстае адкрыццё новай, другой па ліку экспазіцыі Столінскага  раённага краязнаўчага музея (плошча 206м2)  адбылося 7 сакавіка 1976 г. у праграме раённага свята «Палескія зоры».

Незадоўга да гэтай падзеі музей  узначаліў Юрый  Мікалаевіч  Камароў, які    праяўляў павышаную цікавасць да распрацоўкі тэматыкі  Вялікай Айчыннай вайны.

У 1984 г. дырэктарам музея стала Святлана Аляксандраўна Луцкая. Яшчэ  зусім  маладой,  дапытлівай  дзяўчынай  прыйшла   яна  пасля    заканчэння  Столінскай сярэдняй школы ў раённы краязнаўчы музей. Пад кіраўніцтвам старэйшых калег вырасла ў дасведчанага кваліфікаванага  работніка. 

1 кастрычніка  1989  г.  музей  узначаліла 7 па ліку дырэктар – Святлана  Паўлаўна Вярэніч. А ў лістападзе 1994г. экспазіцыя музея была  дэманціравана ў сувязі з пастаноўкай  будынка  музея  ў  парку «Манькавічы» на капітальны рамонт. Разгарнулася праца па стварэнні новай, ужо трэцяй у гісторыі музея экспазіцыі (была адкрыта 11  снежня  2005 г.)

Экспазіцыя музея разгорнута ў 6-ці залах

Сучасная экспазіцыя разгорнута ў 6 залах: прыроды,  археалогіі,  гісторыі  (3  залы), этнаграфіі.

Агляд пачынаецца з залы прыроды. Яна знаёміць з геаграфічным  становішчам  раёна, яго багатым расліннным і жывёльным светам. Тут размешчаны стэнды з рознымі картамі раёна.  Можна ўбачыць шэраг  відаў звяроў і птушак, у тым ліку і тых, што занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Упрыгажэннем калекцыі з’яўляюцца чучалы  сямейства  зубраў.

Зала  археалогіі прысвечана  далёкай  мінуўшчыне  раёна. Яго тэрыторыя    была  заселена каля 10-7 тыс. гадоў таму назад.  Першыя  археалагічныя  раскопкі  на  тэрыторыі  нашага  раёна  былі  праведзены  яшчэ  ў  2-й  палове 1930-х  гг. пад  кіраўніцтвам  вядомага  польскага  вучонага  Рамана  Якімовіча, а месцам  іх правядзення  стала  Замкавая  гара,  што  ў  цэнтры  Давыд-Гарадка. У вітрынах – мноства разнастайных рэчаў і  прылад  працы  старажытных людзей. 

У  першай  зале  гістарычнай экспазіцыі знаходзіцца кальчуга  ХІІ ст.,  зброя  і  абмундзіраванне  салдат  рускай  арміі  Айчыннай  вайны  1812 г.,  фотакопіі дакументаў пра становішча прыгонных сялян, сялянскія  хваляванні,  самаробныя  мячы  паўстанцаў  у  1863-1864  гг.,  а  таксама  іншыя  ўзоры  халоднай  і  вогнестрэльнай зброі; дакументы і матэрыялы  пра  ўстанаўленне Савецкай улады ў краі, аб Палескім паўстанні  1918-1919 гг.; аб жыцці ў так званы міжваенны перыяд, калі  Століншчына знаходзілася  ў складзе адроджанай Польскай дзяржавы, аб першых сацыялістычных  пераўтварэннях. Багата прадстаўлены  фотаматэрыялы, нумізматычная  і  фалерыстычная калекцыі, баністыка.

Асобнае месца ў гістарычнай экспазіцыі адведзена раскрыццю  значэння вядомага магнацкага роду Радзівілаў у гісторыі і культуры  Століншчыны на працягу  звыш чатырох  стагоддзяў.

Тэме  Вялікай Айчыннай вайны прысвечана  асобная   зала.   Яе   экспазіцыя  расказвае   аб  такіх  памятных  старонках  вайны,   як  нямецка-фашысцкі  так  званы  «новы  парадак»,  антыфашысцкае  падполле,  партызанскі  рух  і  вызваленне Століншчыны Чырвонай  Арміяй у  ліпені  1944 г.,  першыя  аднаўленчыя  работы. У спецыяльнай вітрыне захоўваецца мундзір  ганаровага грамадзяніна Століна, удзельніка вызвалення Століншчыны  ад  нямецка-фашысцкіх  захопнікаў  генерал-маёра Сяргея Міхайлавіча  Маслава.  Гэты мундзір быў падораны  генералам  нашаму  музею  ў  1970-я  гады.

Замыкае  агляд  экспазіцыі  зала этнаграфіі. Тут сабраны шэраг прадметаў беларускага традыцыйнага побыту,  у тым  ліку сельскагаспадарчыя прылады  працы, узоры нацыя-нальнага  адзення, калекцыі работ мясцовых майстрых (посцілкі,  рушнікі  і  г. д.).

Плануецца стварэнне асобнай залы пасляваеннага развіцця Століншчыны.  Такім  чынам,  храналогія  ахопу  гісторыі  нашага  краю  будзе  даведзена  да  сучаснасці  і  лагічна  завершана.

Пастаянныя выставы

Акрамя ўласна экспазіцыі музей прапануе наведвальнікам  пазнаёміцца з некалькі пастаянна дзеючымі выставамі: ордэнаў  замежных  дзяржаў і былога  СССР, выстава славянскага іканапісу ХІХст., выстава  работ мастакоў-землякоў  Юрыя Сергіенкі, Сяргея Місюна і графікі  нашага таленавітага  земляка,  рэзчыка  па  дрэве, графіка і этнографа-аматара Івана Супрунчыка з  в.Цераблічы і іншых.

Наведвальнікі Столінскага раённага краязнаўчага музея  маюць магчымасць паглядзець цікавыя відэафільмы, прысвечаныя майстрам  ганчарнай справы з  вёскі Гарадная,  гарадам  Століну  і  Давыд-Гарадку.

Рэдакцыя сайта Медыя-Палессе віншуе супрацоўнікаў музея і тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю з юбілеем. Шчасця, здароўя, дабрабыту!


Фото: Shutterstock
Фото РОВД
Фото из архива МП
Фото из архива МП
Фото иллюстрационное
Фото: Пинский телеграм
Фото: Pexels.com
Фото использовано в качестве иллюстрации, из архива МП
Место преступления СК
Фото использовано в качестве иллюстрации, с сайта proprikol.ru