На ўрачыстае адкрыццё галоўнага сёлетняга культурнага мерапрыемства на Століншчыну завітаў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік.
У памяшканні мясцовага Дома культуры разгарнулася выстава работ удзельнікаў V Міжнароднага пленэра ганчароў.
З музычнымі нумарамі выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” (кіраўнік П. Астапчук).
Васіль Чэрнік зачытаў прывітальны ліст міністра культуры Беларусі Барыса Святлова да ўдзельнікаў пленэра.
– Выказваю шчырую падзяку тым, хто зрабіў гэты пленэр. Думаю, што гэтыя дні на Століншчыне надоўга застануцца ў вашых успамінах, – адзначыў Васіль Чэрнік.
Старшыня Столінскага райсавета дэпутатаў Аляксей Дзямко пажадаў ганчарам плённай працы ў час пленэра.
У гэтым годзе ў пленэры ганчароў у Гарадной прымаюць удзел 30 майстроў керамікі з Арменіі, Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.
– У Гарадную прыязджаю ўжо гадоў дзесяць. Менавіта ў яе ваколіцах нарыхтоўваю гліну для заняткаў з дзецьмі на гуртку, які вяду ў Доме культуры на радзіме, – расказвае майстар Ала Капыціч. – Ад пленэра чакаю абмену вопытам з калегамі, пажадана даведацца пра новыя тэхналогіі працы з глінай.
У нядзелю, 31 ліпеня, будзе працаваць Гараднянскі кірмаш. На ім будуць прадстаўлены калекцыі работ удзельнікаў пленэра, пройдуць майстар-класы ад ганчароў, конкурсы, выставы-продажы вырабаў майстроў народнай творчасці, экскурсіі па Цэнтры ганчарства і па музеі-сядзібе ганчара, будзе арганізавана насычаная канцэртная праграма.
Прадоўжыцца пленэр ганчароў па 2 жніўня.
ДАВЕДКА МП
Міжнародныя пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная праходзяць з 2008 года. Раз у два гады збіраюцца тут майстры не толькі з Беларусі, але і з іншых краін свету. У чатырох пленэрах удзельнічалі ўжо ганчары з 12 краін свету. Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная быў створаны ў 2003 годзе з мэтай захавання і папулярызацыі лепшых традыцый народнага ганчарнага промыслу.