Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам Медиа-Полесья дырэктар Столінскага раённага метадычнага цэнтра Алена Дубойская, аб удзеле ў пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная заявілі майстры ганчарнай справы з Арменіі, Украіны, Польшчы, Расіі і іншых краін.
Акрамя таго, запрашэнні да ўдзелу ў кірмашы рамёстваў “Гараднянскі кірмаш”, які адбудзецца ў межах пленэра 31 ліпеня, са Століна накіравалі ва ўсе 16 выканкамаў Брэстчыны. Гатоўнасць прыехаць на кірмаш ужо выказалі з суседніх Лунінца і Пінска, а таксама з шэрагу іншых раёнаў.
У самой Гарадной падрыхтоўка да маштабнага мерапрыемства зараз ідзе поўным ходам. Так, у Цэнтры ганчарства вёскі Гарадная вядзецца касметычны рамонт, адноўлены скульптуры, праводзіцца работа па пашырэнні фестывальнай пляцоўкі. Павялічваюць колькасць экспанатаў і на «Сядзібе ганчара». Дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч адзначыла, што ў планах супрацоўнікаў музея ў час пленэра правесці першы раённы дзіцячы пленэр па ганчарству з пражываннем на сядзібе.
Выстава прывезеных удзельнікамі пленэра калекцый керамікі, выраб прадметаў утылітарна-мастацкага характару, кірмаш рамёстваў з магчымасцю рэалізацыі сувеніраў з прыватных калекцый майстроў), майстар-класы і многае іншае чакае ўдзельнікаў і гасцей міжнароднай падзеі ў Гарадной. З падрабязнай праграмай пленэра можна будзе пазнаёміцца на сайце МП ў бліжэйшы час.
Міжнародныя пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна праходзяць з 2008 года. Раз у два гады збіраюцца тут майстры не толькі з Беларусі, але і з іншых краін свету, каб прыняць удзел у пленэры. У чатырох пленэрах удзельнічалі ўжо ганчары з 12 краін свету: Беларусь, Украіна, Швецыя, Данія, Польшча, Літва, Латвія, Грузія, Арменія, Малдова, Расія, Узбекістан.
Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная быў створаны ў 2003 годзе па рашэнню Столінскага райвыканкама з мэтай захавання і папулярызацыі лепшых традыцый народнага ганчарнага промыслу.