Арганізатары мерапрыемства – Грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міра”.
Першы сакратар Столінскага РК ГА “БРСМ” Вадзім Заруба адзначыў, што перададзеныя Беларускім фондам міра на Століншчыну 54 шыльды амаль ужо ўсе прымацаваны да дамоў ветэранаў.
Да дома ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з Калоднага Мікалая Сідаравіча Аржахоўскага шыльду прымацавалі школьнікі. Ветэран адчувае сябе кепска, з-за гэтага ён не мог выйсці на вуліцу. Яго жонка паказала на месца, дзе лепш за ўсё будзе відаць шыльда. Там яе і прымацавалі.
– А я ўжо чакала, калі прыйдуць і яе прынясуць. Як па тэлевізары паказалі пра гэта, то і пачала чакаць з Мікалаем Сідаравічам, – усміхаецца Ганна Дзмітрыеўна.
Мікалай Сідаравіч пайшоў на фронт у жніўні 1944 года. Трапіў ён на 2-гі Беларускі фронт. На вайне быў пехацінцам, але страляў і з кулямёта. У Польшчы быў ранены снайперам у нагу. Вярнуўся з вайны інвалідам.
У сям’і Аржахоўскіх нарадзіліся трое дзяцей. Заўжды чакаюць яны да сябе ў госці сваіх унукаў і праўнукаў, якіх разам крыху больш за дзесяць.
– Няхай ніколі вам не давядзецца на сабе пазнаць, што твакое вайна, – на развітанне кажа Ганна Дзмітрыеўна.
Рэспубліканская акцыя “Тут жыве ветэран” стартавала ў Беларусі 20 студзеня. Як лічаць арганізатары акцыі, у год 75-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна яшчэ раз прыцягне ўвагу грамадства да лёсу тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Радзімы.
На Брэстчыне шыльды будуць прымацаваны на дамах 1.873 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.