28 ноября 2024, четверг09:40

Общество

Год пасля перамогі Майдана: Стодоларавая зарплата і бізнес на вайне

6 марта 2015, 9:12

Еўрарадыё з’езділа ва ўкраінскую правінцыю, каб пабачыць, як і чым жывуць нашы суседзі ва ўмовах вайны і пры новай уладзе.

Сярод ночы аўтобус спыняецца недзе за сто кіламетраў на поўдзень ад Кіева. Прадзіраю вочы, у акне блокпост з жалезабетону, з прарэхі паміж плітамі тырчыць кулямёт, побач невялікі бранявік. У салон увальваецца мужык у камуфляжы з АК на плячы. “Куды ты са зброяй у аўтобус? Тут людзі, нельга!” — ледзь не крычыць на ўкраінца кіроўца. Наш аўтобус нібы суверэнны кавалак мірнай Беларусі у самым цэнтры ахопленай вайной Украіны. Пасля праверкі дакументаў едзем далей.

Вайна

“Вы калі задаяце пытанні, то гаварыце гучней. Бо Ігар не чуе”, — папярэджвае Сяргей Лугера, старшы сяржант разведузвода 128-й пяхотнай брыгады. Ігар — гэта яго саслужывец. Не чуе Ігар таму, што тыдзень таму разам са сваёй часткай выходзіў з акружэння пад Дэбальцавам. Сяргей з Ігарам сядзяць перада мной у канферэнц-зале дарагога гатэля, як касманаўты. У мяне ў руках філіжанка кавы з вяршкамі, а Сяргей і Ігар расказваюць пра тое, як украінскія генералы прадаюць рускім высоткі. Дакладней, расказвае Сяргей. Ігар пасля Дэбальцава збольшага маўчыць. І я для яго не меншы касманаўт, чым Ігар для мяне. Старшы сяржант Лугера больш гаваркі: “Фатаграфуйце, мне нічога не страшна. Чаго мне баяцца? Я ў пачатку лета пайшоў дабравольцам у армію і дагэтуль хаджу ў тым самым бушлаце, які з сабой прынёс. Што мне могуць зрабіць? І так на смерць пасылаюць. Каб не валанцёры, мы б там калі не ад куль, то з голаду памерлі б… Вы зразумейце, для мяне нават не Пуцін галоўны вораг. Не з ім я там ваюю. Тут, ва Украіне, іх таксама хапае”. Імёнаў Сяргей Лугера не называе. Відаць, што баяцца ўсё ж ёсць чаго.

Маналог старшага сяржанта працягваецца каля паўгадзіны. Яго саслужывец Ігар падключаецца толькі пасля пытання аб бунце супраць прадажнага кіраўніцтва Генштаба: “Калі мы адмовімся выконваць загады, гэта будзе ўжо не армія, вы зразумейце. Гэта будзе ўжо невядома што”.

Ахвотней за ўсё ўкраінскія салдаты расказваюць пра тых, з кім ваююць: “Там харошыя хлопцы ёсць, прафесіяналы. Я сур’ёзна. Неяк да нашых пазіцый снайпер падпоўз. Марудна поўз, доўга. У маскіроўцы. Ну, мы заўважылі яго, пачалі паліць. А ён нічога, не спалохаўся, не пабег. Гэтаксама марудна папоўз назад, адстрэльваўся. Харошы быў салдат”.

Апазіцыя

“Вы з Беларусі? То адразу запішыце сабе, што я ўваходжу ў нейкую групу дэпутатаў Рады па Беларусі. Усе запісваліся ў Брусель, а я ў Мінск запісалася. Прыеду да вашага Бацькі вопыт пераймаць”, — расказвае дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны ад “Бацькаўшчыны” Аляксандра Кужаль. Дэпутатку слухаю падчас яе прыезду ў невялічкі гарадок Канеў. Канеў вядомы тым, што тут пахаваны Тарас Шаўчэнка. Ад нядаўняга часу ў Каневе з’явіўся яшчэ адзін вядомы гараджанін — мясцовы хлопец загінуў у зоне АТА. Раёнка прысвяціла яму цэлы нумар, а ўлады пачынаюць думаць над помнікам земляку.

“Калі б не вайна, я б іх першая раскрытыкавала. Але дзеля магчымага міру я гатовая нават рот сабе закрыць. Калі гэта дасць нейкі вынік”, — расказвае дэпутатка Кужаль пра сваё стаўленне да палітыкі прэзідэнта Парашэнкі і прэм’ер-міністра Яцанюка.

Але крытыкаваць пачынае ўжо праз некалькі хвілін. “Я не ведаю, ці размаўляюць усе міністры па-ўкраінску, але дакладна ведаю, што не ўсе з іх разумеюць па-руску” (гэта камень у міністраў-замежнікаў з Грузіі і Літвы), “ён прызначае спадарыню Гондараву, а яе сёння трэба судзіць, яна зруйнавала фінансавую сістэму Украіны!” (гэта пра старшыню Нацбанка, пры якім курс грыўні ўпаў у тры разы за некалькі месяцаў), “няма ніводнай нармальнай рэформы, няма нават ідэалогіі рэформ, усё, што ідзе, — гэта ўсё касметыка!” (пра ўсё астатняе). Старшыню сваёй партыі Юлію Цімашэнка Кужаль не крытыкуе, але згадвае ці не часцей, чым Парашэнку з Яцанюком. У станоўчым сэнсе, вядома. Пытанне, чым займаецца цяпер Юлія Уладзіміраўна, што робіць для вырашэння праблем, застаецца без канкрэтнага адказу.

Гандаль з сепаратыстамі

Валерый Макееў — валанцёр. Летам два месяцы сядзеў у палоне ў Луганску. Цяпер возіць туды ежу, цёплую вопратку і матрацы для ваеннапалонных. Часам атрымліваецца дамовіцца пра абмен. Пра тое, за якія сумы ўкраінскія генералы здаюць пазіцыі сепаратыстам і ці праўда гэта ўвогуле, Макееў не ведае. Але ведае выпадкі, калі “грошы прапаноўваліся на ўзроўні камбатаў і камбрыгаў”: “Прыходзяць цывільныя да камбрыга, гавораць, што дадуць за высотку 300 тысяч грыўняў (10 тысяч долараў). Ён паслаў іх. На наступны дзень прыйшлі, прапанавалі 400 тысяч. Ён сказаў ім, што калі ўбачыць яшчэ раз — расстраляе. Прыехалі ізноў, ён расстраляў. А назаўтра камбрыгу пазванілі на мабільны і сказалі, што цяпер за яго галаву даюць 500 тысяч. Але высотка выстаяла. А суседняя чамусьці не”.

Яшчэ Макееў расказвае, што Генштаб фактычна пераклаў адказнасць за вызваленне ваеннапалонных на валанцёраў: “Не яны дамаўляюцца з сепаратыстамі на месцах, не яны перадаюць палонным ежу і ваду, медыкаменты. Нават спісы ў нас больш поўныя… Я вам скажу нават, што калі ты ў палоне, то ты ведаеш, што валанцёры пра цябе памятаюць, дамагаюцца твайго вызвалення. Я часта езджу на той бок фронту, ведаю гэта. Нашы салдаты тут, з гэтага боку, не ўпэўненыя, што камандаванне іх не здасць”. Калі верыць украінскаму валанцёру, то яму часта лягчэй дамовіцца пра абмен з сепаратыстамі, чым з украінскім камандаваннем.

Змена ўлады

Сяргей Пасечнік паўгода працуе дырэктарам Дэпартамента інфармацыйнай дзейнасці аблвыканкама Чаркасаў. “Да ўлады” прыйшоў пасля Майдана, раней працаваў у недзяржаўнай арганізацыі. Расказвае, што пасля рэвалюцыі мясцовыя чыноўнікі “абнавіліся” працэнтаў на 30%. Гаворыць, што шмат хто вярнуўся ў трэці сектар праз месяц працы ў выканкаме. Прычына самая банальная — грошы: “Прыйшлі людзі на чыноўніцкую пасаду, атрымалі першы заробак памерам 100 долараў і сышлі назад у НДА. Там можна больш зарабіць”.

Яшчэ Пасечнік расказвае, што можна замяніць і 90% людзей ва ўладзе, але пакуль змены не закрануць пракуратуру і сілавыя структуры — нічога не будзе. А там пераменаў акурат найменш. 70-80% тых, хто год таму разганяў і збіваў дэманстрантаў альбо аддаваў загады гэта рабіць, дагэтуль займаюць свае пасады і ніякіх крымінальных справаў не заведзена. Найбольш абнавілася Вярхоўная Рада. Аднак туды прыйшлі людзі, якія не маюць патрэбнага досведу і атрымліваюць яго толькі цяпер. Таму праводзіць хуткія і рашучыя рэформы яны ў прынцыпе не могуць. У дадатак ёсць людзі, якія хацелі б пакінуць усё як ёсць — мутная і незразумелая сітуацыя шмат каму ва ўладзе дае магчымасць атрымаць сабе выгаду. “Шмат хто з дэпутатаў цяпер намагаецца свае фінансавыя пытанні вырашыць. Каму вайна, а каму маці родная”, — простым тэкстам расказвае мне чыноўнік.

Расказвае і пра заробак. Дакладней пра тое, што ад яго засталося. Бо за год 300 долараў ператварыліся ў 100. І расці ён наўрад ці будзе.

Калі запытаць украінца, калі жылося лепш, за Януковічам альбо цяпер, канкрэтнага адказу не будзе. Але вам абавязкова раскажуць пра заробак памерам 100 долараў, рост камунальных плацяжоў у 2-3 разы, павелічэнне цаны бензіну ў 2 і росквіт злачыннасці. Навіны пра выбух баявой гранаты ў кавярні альбо перастрэлку на “калашах” ужо нікога ва Украіне не дзівяць. Перад ад’ездам дадому ў Беларусь пытаюся ў выпадковага знаёмца:

— Як вам тут жывецца цяпер?

— Хораша, усё будзе добра. Уступім у Еўропу, і будзе добра.

— Гэта зразумела. А цяпер як?

— А цяпер усё горш і горш.

 Фота AFP, Reuters


Фото: Pixabay
Фото иллюстрационное
Многие старались запечатлеть эти моменты на свои телефоны, фотоаппараты