23 ноября 2024, суббота18:47

Политика

Дагэтуль невядомы лёс аператара Дзмітрыя Завадскага

7 июля 2014, 19:05

Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала "ОРТ", знік без вестак 7 ліпеня 2000 г.

Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала "ОРТ", знік без вестак 7 ліпеня 2000 г. Ён паехаў у аэрапорт "Мінск-2" сустрэць свайго калегу – журналіста Паўла Шарамета. Аднак на стаянцы аэрапорту Шарамет знайшоў толькі пустую машыну Завадскага.­­

14 сакавіка 200­2 г.
Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні журналіста групу былога супрацоўніка спецпадраздзялення "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча, асудзіўшы дваіх чалавек (В. Ігнатовіча і М. Маліка) на пажыццёвае зняволенне, а яшчэ некалькіх – на розныя тэрміны пазбаўлення волі. (Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баявікоў). Асуджаныя не прызналі сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г.
Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым.

10 снежня 2003 г.
Пракуратура РБ аднавіла расследаванне па справе аб знікненні Завадскага. Не выключана, што аднаўленне справы было звязана з візітамі ў Мінск спецыяльнага дакладчыка паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса, які рыхтаваў справаздачу пра зніклых і ў лістападзе-снежні 2003 г. двойчы наведваў Мінск.

31 сакавіка 2004 г.
Пракуратура Рэспублікі Беларусь другі раз прыпыніла расследаванне справы аб знікненні Дзмітрыя Завадскага, спаслаўшыся на "необнаружение безвестно исчезнувшего лица".

9 красавіка 2004 г.
Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" і Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" выступілі з супольнай заявай, у якой выказалі сваю заклапочанасць з нагоды спынення расследавання крымінальнай справы, заведзенай па факце знікнення тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага.

20 ліпеня 2004 г.
На прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных журналістаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, што валодае дакументамі, паводле якіх "справа Завадскага ператворыцца ў антысправу".

4 жніўня 2004 г.
Маці зніклага журналіста Вольга Завадcкая падала ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь заяву аб аднаўленні расследавання справы аб знікненні Дз. Завадскага ў сувязі з наноў адкрытымі абставінамі. Паводле заявы, са словаў А.Лукашэнка на прэс-канферэнцыі вынікае, што ён валодае фактычнай інфармацыяй і дакументамі, якія маюць дачыненне да справы аб знікненні Д. Завадскага, але дагэтуль не абнародаваныя і не вывучаныя следствам і судом. Вольга Завадская запатрабавала правесці пракурорскую праверку гэтых фактаў і, пры наяўнасці падставаў, узбудзіць вытворчасць па справе ў звязку з наноў адкрытымі абставінамі. Пракуратура ніяк не адрэагавала на зварот, і 17 верасня В. Завадская падала ў суд Цэнтральнага раёна Мінска скаргу на незаконныя дзеянні пракурорскіх работнікаў, патрабуючы абавязаць іх даць матываваны адказ.

12 кастрычніка 2004 г.
Суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Мінска С. В. Ганчар адмовіўся разглядаць скаргу В.Завадскай на дзеянні службовых асобаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь у сувязі з "непадведамаснасцю" справы. Пасля гэтага В.Завадская падала скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі.

25 лістапада 2004 г.
Калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам суддзі Лугіной адхіліла скаргу Вольгі Завадскай.
3 снежня 2004 г. В. Завадская атрымала ліст з Пракуратуры Рэспублікі Беларусь за подпісам начальніка ўпраўлення Ф. А. Шэдава, у якім сказана, што "вывучэннем крымінальнай справы па абвінавачанні Ігнатовіча і Маліка ўстаноўлена, што ў ёй сабраны ўсе матэрыялы па ўказаным эпізодзе злачынства (…) Іншых матэрыялаў у органах пракуратуры і іншых дзяржаўных арганізацыях няма. Пры такіх абставінах няма падставаў для ўзбуджэння вытворчасці па наноў адкрытых абставінах…". З адказу пракуратуры не зразумела, ці былі запатрабаваныя і вывучаныя дакументы, аб існаванні якіх заявіў на прэс-канферэнцыі 20 ліпеня А. Лукашэнка і якія прасіла ў сваёй заяве вывучыць В.Завадская.

10 снежня 2004 г.
В. Завадская накіравала скаргу Генеральнаму пракурору П. Міклашэвічу на адмову Рэспубліканскай пракуратуры ўзбуджаць вытворчасць па наноў адкрытых абставінах у справе аб знікненні яе сына.

7 красавіка 2005 г.
Маці Завадскага Вольга Рыгораўна атрымала паведамленне з Пракуратуры Рэспублікі Беларусь пра "узнаўленне папярэдняга расследвання ў адведнасці з ч.3 ст. 249 УПК Рэспублікі Беларусь". У дакуменце гаворыцца, што "папярэдняе расследванне крымінальнай справы №980159, узбуджанай па факце бясследнага зьнікнення 7 ліпеня 2000 года Вашага сына Завадскага Дзьмітрыя 4 красавіка 2005 года ўзноўлена ў сувязі з неабходнасьцю правядзеньня сьледчых дзеяньняў па дадзенай справе".

4 траўня 2005 г.
Ў "Народнай волі" з'явілася публікацыя М. Коктыш пад назвай "Труп Дмитрия Завадского может быть найден на одном из белорусских кладбищ". У ёй гаварылася, што ў Пракуратуру РБ паступіла хадайніцтва ад юрыста, намесніка старшыні БХК Гары Паганяйлы з просьбой правесці эксгумацыю і даследаванне некалькіх трупаў, каб выключыць альбо пацвердзіць прыналежнасць аднаго іх Дзмітрыю Завадскаму.

23 чэрвеня 2005 г.
На прэс-канферэнцыі ў Пракуратуры РБ намеснік генеральнага пракурора Беларусі Барыс Тарлецкі пацвердзіў, што пракуратуры аднавіла следства па справе аб забойстве Завадскага. "Створаныя і працуюць следчыя групы, праводяцца следчыя мерапрыемствы", – сказаў ён. Паводле Б. Тарлецкага, "ужо ёсць новыя напрацоўкі па гэтай справе".

31 сакавіка 2006 г. расследаванне крымінальнай справы аб выкраданні журналіста Дзмітрыя Завадскага было ў чарговы раз прыпынена. Пра гэта маці журналіста Вольга Завадская даведалася толькі ў траўні – з ліста намесніка начальніка аддзелу па расследаванні справаў аб карупцыі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, малодшага дарадцы юстыцыі Івана Бранчаля. Паводле дакумента, «уголовное дело, возбужденное по факту исчезновения Дмитрия Завадского, приостановлено 31 марта 2006 по п.6 ч.1 ст. 246 УПК РБ в связи с необнаружением бесследно исчезнувшего лица».

10 траўня 2006 г. Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" выказала абурэнне з нагоды чарговага прыпынення расследавання справы. Праваабаронцы нагадалі, што неаднаразова заклікалі беларускія ўлады пачаць незалежнае расследаванне.

30 траўня 2006 г. на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны пракурор РБ Пётр Міклашэвіч заявіў, што падначаленае яму ведамства "працягвае пошукі Дзмітрыя Завадскага". "На гэты момант месцазнаходжанне Дзмітрыя Завадскага не ўстаноўлена, але пракуратура Беларусі працягвае яго пошук. І раней праводзіліся праверкі шэрагу эпізодаў па дадзенай справе, і яны праводзяцца і цяпер. Месцазнаходжанне Дзмітрыя Завадскага выcветліць не ўдалося", – адзначыў П. Міклашэвіч на сустрэчы з журналістамі 30 траўня.

Каментуючы гэтае выказванне, намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец падкрэсліў, што Пракуратура РБ не звяртае ўвагі на рашэнне суда аб прызнанні Завадскага памерлым (27 лістапада 2003 г., суд Фрунзенскага раёна) і не ставіць пытання аб узбуджэнні справы аб забойстве журналіста: "Генеральны пракурор, здаецца, наўмысна акцэнтуе ўвагу на пошуках "месцазнаходжання Завадскага", быццам бы гаворка ідзе пра жывога чалавека. Складваецца ўражанне, што пытанне аб яго магчымым забойстве (а тым самым – аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у гэтым злачынстве) пракуратурай ігнаруецца".

30 чэрвеня 2006 г. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” распаўсюдзіла заяву напярэдадні 6-й гадавіны бясследнага знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага “…ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", выказваючы меркаванне больш як тысячы сваіх сябраў, настойліва патрабуе ад кампетэнтных праваахоўных органаў узбудзіць і правесці ў поўным аб'ёме расследаванне ўсіх абставін знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага. Мы не супакоімся да таго часу, пакуль не даведаемся ўсёй праўды пра гэтае агіднае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў. Мы памятаем і заўсёды будзем памятаць свайго калегу і сябра Дзіму Завадскага”, — гаварылася ў заяве. Поўны тэкст заявы знаходзіцца ТУТ

7 ліпеня 2006 г. у 6-ю гадавіну знікнення журналіста, у Мінску прайшла акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”: каля 18.30 некалькі дзесяткаў чалавек – калегі, знаёмыя, блізкія Дзмітрыя Завадскага, сябры моладзевых арганізацый – сабраліся на Кастрычніцкай плошчы і паспрабавалі разгарнуць партрэты журналіста і зніклых без вестак апазіцыйных палітычных дзеячоў. Аднак байцы міліцэйскага спецназу ў форме і ў цывільным выцеснілі сабраных з плошчы.

Акцыю падтрымалі і ў іншых гарадах краіны: у Магілёве на рэкламных шчытах і тумбах грамадскія актывісты расклеілі ўлёткі з напамінам аб тым, што злачынцы, якія выкралі журналіста, не знойдзеныя і не пакараныя.

У Брэсце паўтара дзесятка актывiстаў апазыцыі расцягнулiся ўздоўж адной з цэнтральных вулiц горада – Пушкiнскай, трымаючы ў руках партрэты журналіста. Яны раздавалі мінакам кнiжку "Рэалii беларускай журналiстыкi", выдадзеную Фондам імя Дзмiтрыя Завадскага.

У Гродна па ініцыятыве актывістаў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі 7 ліпеня была зладжана акцыя “Салідарнасць у імя свабоды”. Каля 17.30 дзесятак маладых людзей з запаленымі свечкамі стаялі на Савецкай плошчы. Амаль адразу ж да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і загадалі разыходзіцца. Удзельнікі акцыі не падпарадкаваліся, і сямёра з іх былі затрыманыя міліцыяй. Яны правялі 2 гадзіны ў РУУС Ленінскага раёна Гродна: з іх узялі тлумачэнні, пасля чаго адпусцілі.

30 жніўня 2006 г. расійскі “Первый канал” агучыў імёны лаўрэатаў штогадовай прэміі імя Дзмітрыя Завадзкага "За мужнасць і прафесіяналізм": у 2006 годзе імі сталі беларускія журналісты Андрэй Дынько (галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва"), Юлія Дарашкевіч (фотакарэспандэнт газеты "Наша Ніва") і Алег Улевіч (карэспандэнт газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии"). Прэмію заснавала шэсць гадоў таму ААТ "Первый канал ", дзе працаваў Дзмітрый. Гэтую ідэю падтрымала таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якая штогод бярэ ўдзел у абмеркаванні кандыдатаў на лаўрэаты: спачатку кандыдатуры ­абмяркоўваюцца Праўленнем БАЖ, а потым іх разглядае Рада дырэктараў “Первого канала”.
Уручэнне прэміі адбылося ў Мінску 11 верасня 2006 г. Прэміі ўручаў Павел Шарамет, кіраўнік аддзела спецпр­аектаў "Першага канала", калега Д.­Завадскага.


На суде во время дачи показаний рядом с девушкой была собака, которая была предоставлена судом для эмоциональной поддержки жертвы. Скрин видео: france3paca / YouTube
Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com
Скриншот видео в инстаграме