22 ноября 2024, пятница14:12

Культура

Зараз у топе Мiша ды Сафiя, раней — Прузына, Яўхім, Аўдоцця. Якія нацыянальныя імёны мы страцiлi?

10 августа 2024, 13:09

Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Карусь Каганец… Iмёны многіх беларускіх нацыянальных герояў, гістарычных асоб, пісьменнікаў і паэтаў рэдка сустракаюцца сярод імёнаў сучасных беларусаў. Другi год запар самыя папулярныя iмёны ў беларусаў - Мiша ды Сафiя. Расскажам пра пра забытыя імёны, якiя былі папулярнымі ў беларусаў-палешукоў. Магчыма, што гэта будзе карысным у тым лiку для тых, хто сёння абірае імёны сваім дзеткам i імкнецца рабіць прывязку да Беларусі, да нашай гісторыі і культуры, піша Мікалай Заяц.

 

Дзе зафіксаваныя імёны нашых продкаў?

Узнавіць беларускія імёны, якія сёння амаль не ўжываюцца, можа дапамагчы шэраг архіўных дакументаў. Для генеалогаў — аматараў даследавання гісторыі свайго роду — асноўнымі крыніцамі ў гэтай справе будуць метрычныя кнігі, рэвізскія сказкі і інвентары маёнткаў. Гэта сёння існуюць архівы органаў ЗАГС, якія ў электронных базах фіксуюць асноўныя звесткі па нараджэннях, шлюбах і смерцях беларусаў, час ад часу публікуюць асобныя статыстычныя звесткі па насельніцтве краіны, а раней усё было прасцей — у папяровым выглядзе, у мясцовай царкве ці касцёле, пры дапамозе святара ці ксяндза альбо перапісчыка.

У метрычных кнігах з даўніх часоў беларусы фіксавалі тры асноўныя хрысціянскія абрады — хрышчэнне дзіцяці, вянчанне маладых, адпяванне памерлых. Па адпаведнай форме, якая адрознівалася ў розныя перыяды гісторыі, звесткі фіксаваліся святаром альбо ксяндзом (часцей — іх памочнікамі), а пазней кнігі дасылаліся на захоўванне ў мясцовае духоўнае ўпраўленне, у той жа час адзін экземпляр метрычнай кнігі заставаўся пры царкве ці касцёле.

Метрычныя кнігі на Беларусі вяліся з XVIII стагоддзя, а калі такія не захаваліся ці патрабуецца больш глыбокі пошук, выкарыстоўваюцца выніку перапісаў — гэтак званыя рэвізскія сказкі, а таксама інветары маёнткаў. XIX-XX стагоддзі.

Нарадзіўся Апанасам, а памёр Афанасіям

Цікавы факт з мовазнаўства: гістарычна беларускай мове не ўласцівы гук -ф, а словы з гэтым гукам, як правіла, запазычаныя. Вядома, сёння гэтая асаблівасць нашай мовы амаль сцерлася, але яшчэ некаторы час таму яе прыкметы можна было назіраць у палескіх імёнах. Выключэнні былі і ў той час, аднак трэнд у імёнах палешукоў у вусным маўленні выразна прасочваўся ў параўнанні з імёнамі з рускай мовы:

  • Стэпка, Стэпаніда — Стефанида
  • Хвёдар, Хвядот — Федор
  • Прузына — Евфросиния
  • Томаш, Тумаш — Фома
  • Апанас — Афанасий
  • Нікіпар — Никифор
  • Астап — Астафий
  • Агапа — Агафия
  • Марта — Марфа
  • Піліп — Филипп
  • Яўхім — Ефим
  • Тэкля — Фекла

Асаблівасці пісьмовай фіксацыі палескіх сялянскіх імёнаў у метрычных кнігах («метрыках») залежылі ад гістарычнага перыяду. Напрыклад, у часы Другой Рэчы Паспалітай імёны ў беларускіх метрычных кнігах запісвалі па-польску (у пачатку 1920-х гадоў — па-польску і па-руску).

Нагадаем, што ў склад Польскай Рэспублікі, па выніках Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, уваходзіла і тэрыторыя Заходняй Беларусі — сучасная Гродзенская вобласць, часткі Брэсцкай і Мінскай абласцей.

 Выгляд метрычнай кнігі Парэцкай царквы ў Палескім ваяводстве (цяпер на тэрыторыі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці)
 Выгляд метрычнай кнігі Парэцкай царквы ў Палескім ваяводстве (цяпер на тэрыторыі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці)

У тым ліку адгэтуль у пачатку мінулага стагоддзя і з’яўлялася «польская» адаптацыя запісу некаторых імёнаў: Зофья, Казімеж, Матэуш. Адпаведна, у часы Расійскай імперыі ў XIII-XX стагоддзях было і больш русізмаў: Ганна падмянялася Анной, Рыгор — Григорием. Але і не толькі польская і руская мовы мелі свой уплыў, іншыя замежныя госці таксама пакідалі свае сляды: напрыклад, сярод праваслаўнага насельніцтва некаторых вёсак Пінскага Палесся распаўсюджаным з’яўляецца прозвішча Фрыдрык.

Часцей за ўсё такія асаблівасці пераносіліся і на могілкі: у тых мясцінах, дзе імёны продкаў фіксаваліся на крыжах ці помніках (а гэта далёка не ўсе могілкі), часцей за ўсё прынята было пісаць імя «па-царкоўнаму». Але вось у штодзённым жыцці селяніна цяжка было знайсці «Григория» ці «Анну».

Фактычна, паралельна існавалі дзве версіі імя — «сялянскае» і «афіцыйнае», «царкоўнае». Сітуацыя вядомая і сённяшнім людзям: кожны Коля ці Саша ў жыцці будзе Мікалаем і Аляксандрам «па пашпарце». Часам такая сітуацыя становіцца асаблівай праблемай для генеалогаў: маюць месца выпадкі, калі чалавек нараджаўся Апанасам, а паміраў ужо Афанасіем — і пацвердзіць, што гэта адзін і той жа чалавек бывае няпроста.

Уруня, Адарка, Малаша з XVIII-XIX стагоддзяў

Каб «капнуць» глыбей, варта звярнуцца да іншых гістарычных крыніц. Сярод іншых могуць быць рэвізскія сказкі — вынікі перапісаў у Расійскай імперыі — дазваляюць даведацца аб тым, якімі былі імёны на беларускіх землях у часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

Беларускія землі былі далучаныя да імперыі з 1795 года ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Першы перапіс новадалучаных земляў адбыўся амаль адразу — адпаведна, там былі зафіксаваныя і імёны большасці жыхароў былой Рэчы Паспалітай.

Лісты рэвізскай сказкі вёсак Пінскага павета. 1811 год
Лісты рэвізскай сказкі вёсак Пінскага павета. 1811 год
Сітуацыя моцна залежыла ад мясцовасці і чалавека, які перапісваў імёны сялян. Хоць рэвізскія сказкі і вяліся на рускай мове, але маглі даць уяўленне аб імёнах нашых продкаў. Вось, напрыклад, якія імёны былі ў некаторых вёсках Пінскага павета Мінскай губерні:
  • Уруня Гордеевна Базылик (нар. каля 1830 г.)
  • Адарка Хомова Базылик (нар. каля 1795 г.)
  • Ганна Уласова Осипчук (нар. каля 1834 г.)
  • Ульяна Талимоновна Янковская (нар. да 1840 г.)
  • Тарас Грицевич Осипчук (нар. каля 1829 г.)
  • Корней Васильевич Макарский (нар. каля 1822 г.)
  • Конон Алексеевич Рыжко (нар. каля 1824 г.)
  • Пелагея Кирилловна Янковская (Житилович) (нар. каля 1804 г.)
  • Астапий Данилович Базылик (нар. каля 1715 г.)
  • Каленик Ковалевский (нар. каля 1828 г.)
  • Якулина Андрусева Осипчук (Мовчан) (нар. каля 1776 г.)
  • Людвика Кастановна Янковская (нар. каля 1833 г.)

XVII-XVIII стагоддзі: Яська, Аўдоцця, Яўхім, Грыц

 Інветар маёнтка Чамярын у Пінскім павеце. 1759
 Інветар маёнтка Чамярын у Пінскім павеце. 1759

Iнвентары маёнткаў дапамагаюць вярнуцца яшчэ глыбей. Спецыяльныя вопісы маёнткаў — інвентары — утрымліваюць звесткі аб складзе ўласнасці магнатаў: пабудовы, маёмасць, крыніцы даходаў, падаткі, расходы — у іх можна знайсці шмат цікавых звестак. Размяшчаліся ў іх і спісы жыхароў. Адным з радоў, які валодаў маёмасцю на Пінскім Палессі, быў род Агінскіх. Звернемся да інветара фальварка Чамярын сярэдзіны XVIII стагоддзя, які захоўваецца ў навуковай бібліятэцы Польскай акадэміі ведаў і Польскай акадэміі навук у Кракаве. І ў спісе жыхароў знойдзем такія імёны:

  • Hryc — Грыц
  • Janko — Янка
  • Talim — Талім
  • Jaśko — Яська

Свае асаблівасці ёсць і ў палескіх прозвішчах — яны перадаваліся па спадчыне і ў меншай ступені падвяргаліся змяненням. Напрыклад, у вёсцы Табулкі Пінскага раёна многія насельнікі маюць прозвішчы Базылік, Макарскі, Асіпчук, Лазарчук, Сцепанюк, Мікалайчык, Лукашык, Амяльчук.

Верагодна, што іх уладальнікі — нашчадкі людзей з імёнамі Базыль (Васіль), Макар, Восіп, Лазар, Сцяпан, Мікалай, Лука (Лукаш), Амял’ян, а вось ужо ў суседнім Дастоеве Іванаўскага раёна, адкуль вядуцца карані славутага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага, прозвішчы грунтуюцца вакол пэўнай прафесіі — Кухарчук (Кухар), Кавальчук (Коваль), Такарчук (Токар), Мельнік, Фурман, Ткач.

Тэма беларускіх сялянскіх імёнаў і прозвішчаў — шырокая, і кожны рэгіён будзе мець свае адметныя ўласцівасці і адрозненні. Сёння цяжка знайсці беларусаў ці беларусак з прыгожымі беларускімі імёнамі Марцэся, Веляна ці Даменія. На жаль, такія імёны амаль цалкам адышлі ў гісторыю. Але тым не менш памятаць іх варта — у беларусаў было шмат сваіх, самабытных імёнаў і мянушак.


Скриншот видео в инстаграме
Степан Постоялко. На заднем фоне Ирина Абельская и Коля Лукашенко. Коллаж «НН»
Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media
Александр Лукашенко принимает участие в церемонии открытия конференции ООН по изменению климата в Баку, Азербайджан. 12 ноября 2024 года. Фото: Reuters
Фото facebook.com/GeneralStaff.ua
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com