Юры Жыгамонт падзяліўся з Медыя-Пелессем сваімі думкамі аб карысці падобных мерапрыемстваў:
-Гэтая ідэя вельмі добрая, трэба не толькі размаўляць, а пісаць, чытаць і рабіць гэта не толькі з Velcom, а і з усімі. Таму што сёння беларуская мова знаходзіцца ў цяжкім стане. І вельмі патрабуе, каб больш ёй надавалі ўвагі на сённяшні дзень. Уявіце сабе, што, напрыклад, у Пінску няма аніводнай школы з беларускай мовай выкладання. І гэта сталіца Палесся, беларускі горад. І таму мы ладзім падобныя акцыі. Я лічу, што трэба школы пераводзіць на беларускую мову, рабіць гэта паступова, з першых класаў. У Беларусі павінна быць 90% навучальных устаноў з выкладаннем на беларускай мове.
– Чаму гэтая акцыя разлічана на малодшыя класы?
– Малодшыя класы таму, што зерне падае на глебу і пачынае расці, ператвараецца ў колас. І гэты колас, які вырасце з гэтага дзіцёнка, дасць шмат зерняў. І беларусы павінны сеяць такое зерне, вучыць дзяцей любіць і паважаць свой край і сваю мову і культуру. І так мы можам захаваць сваю нацыю. Мова – гэта душа беларускага народа. Пакуль ёсць душа, жыве народ. Калі ў чалавека няма душы – ён памірае, ён ляжыць у труне і яму нічога не трэба: ні есці, ні выпіць. А дзеці – яны будуць будаваць нашу краіну далей. Па іх дасягненням будуць пазнаваць, што яны беларусы.
– Ці цікава гэта дзецям?
– Цікаўнасць у дзетак вельмі вялікая, яны прыслухоўваюцца да кожнага слова. У мяне ёсць адчуванне, што ўнутры гэтых малых беларусаў сядзіць невычарпанасць і невыказанасць беларускага слова. Ім хочацца гаварыць на сваёй мове. І я пакуль нідзе не сустракаў адмоўнай рэакцыі.
– Ці можа даць плён разавая акцыя?
– Гэта плённая акцыя. Беларуская мова павінна гучаць паўсюль. А са школы ўсё пачынаецца. Калі мы ўсе пачнем гаварыць па-беларуску, то і дзяржава будзе вымушана беларусізаваць школы. У кожнага з нас быў нейкі міг, з якога мы пачалі размаўляць па-беларуску. Я, напрыклад, вырас у вёсцы і заўсёды размаўляў і чуў беларускую мову. А адчуў сябе беларусам, калі прыехаў у Нароўлю і там убачыў школьны падручнік пад назвай “Родная речь”, а ў мяне быў “Родная мова”. І гэта прымусіла мяне задумацца.
– Ці наша родная мова мае шанец адрадзіцца?
– Лёс краіны – гэта не лёс аднаго чалавека. Чалавек жыве 70-80-100 гадоў, а краіна жыве тысячы год. І зараз ідзе фарміраванне беларускай нацыі і нашай краіны, мы ідзем па наканаванаму нам шляху. І калі больш будзе такіх мерапрыемстваў, то усё адбудзецца хутчэй. Заўважце, ужо стала больш гадзін беларускай мовы ў пачатковых класах. Мы закладаем падмурак. Такія вялікія людзі як Колас і Купала пісалі для Беларусі і заклалі вялікімі валунамі падмурак у нашу беларускую хату. Магчыма, я не дажыву да таго моманту, калі збудуцца мае мары. Аднак я лічу, што раблю правільную справу і кладу сваю цаглінку ў будаўніцтва беларускай хаты.
– Якія Вашы любімыя беларускія аўтары?
– Я не магу сказаць, што у мяне ёсць нейкія куміры. У розныя перыяды хочацца чытаць аўтараў, якія пасуюць да сітуацыі. Часам, гэта можа быць Караткевіч, магу адкрыць яго кнігу на любой старонцы і чытаць. А калі хачу вярнуцца ў сваё дзяцінства, то тады бяру “Новую зямлю” Якуба Коласа. Часам хочацца Біблію пачытаць, яна ў мяне ёсць на беларускай мове. Дарэчы, мы зараз рыхтуем новы праект. Я агучыў па-беларуску чатыры Евангелля праваслаўных, і будзем выдаваць аўдыёдыск.
– А што стала з Вашай тэлепраграмай “Падарожжа дылетанта”?
– Разумееце, калі праграме ўжо 19 гадоў, то яна сталее і выходзіць на іншы ўзровень. Цяпер нас можна глядзець у інтернеце. За інтэрнэттелебачаннем – будучыня. Так што мы нармальна існуем і, магчыма, ў каторы раз наведаемся на Піншчыну.