Ён ставіў мэтай сустрэцца з сябрамі і актывістамі арганізацыі, апісаць сваё бачанне на палітычную сітуацыю ў Беларусі і выслухаць не заўсёды прыемныя заўвагі пінчукоў.
Пасля сур’ёзнай размовы Юры Губарэвіч адказаў на пытанні карэспандэнта “Медиа-Полесья”.
– Юры, з якой мэтай Вы прыехалі ў Пінск?
– Гэта адна з шэрагу паездак па Беларусі .Хачу паразмаўляць з дасведчанымі актывістамі і з новымі людзьмі, які далучыліся да нас апошнім часам. Вельмі важна даведацца, якія зараз настроі ў людзей, якая эканамічная сітуацыя на месцах, ці гатовы людзі змагацца за свае правы.
ДАВЕДКА “МП”
Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух “За Свабоду” ўзнік пад час хваляў грамадcкіх пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года. Ад самага пачатку Рух яднае прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння, дэмакратычнага і еўрапейскага шляху развіцця Беларусі.
З чацьвёртай спробы, у снежні 2008 года, Рух атрымаў рэгістрацыю Міністэрства юстыцыі. Ад моманту стварэння Рух ачольваў Аляксандр Мілінкевіч. У кастрычніку 2016 года арганізацыю ўзначаліў палітык Юрый Губарэвіч.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Рух “За Свабоду” праводзіў уласную кампанію па назіранні.
У 2007 годзе Рух “За Свабоду” падрыхтаваў праект платформы “Наша бачанне будучыні Беларусі.
– Ну, і як – гатовы?
– Ну, тут пінчукі паставілі мне шмат жорсткіх пытанняў наконт нашай дзейнасці. Таму ёсць аб чым падумаць. Наконт адстойвання сваіх правоў, то веснавыя акцыі паказалі, што шмат людзей незадаволены тым, што адбываецца ў краіне і гатовы супраць гэтага мірна пратэставаць. Гэта, амаль што ўпершыню, прымусіла ўлады “адкруціць назад” і замарозіць “дармаедаўскі дэкрэт”. Яшчэ быў падобны выпадак з рэзкім падвышэннем коштаў на паліва, калі з-за пратэсту аўтамабілістаў кошты знізілі, праўда, потым паступова іх ізноў паднялі.
– У Пінску за ўдзел у веснавых сходах “недармаедаў” пакаралі больш за дзясятак чалавек, якія атрымалі штрафы і суткі адміністратыўнага арышту. Якім чынам Вы можаце ім дапамагчы?
– Мы (не толькі для Пінска) арганізоўвалі збор сродкаў на кампенсацыю штрафаў, аказвалі юрыдычную дапамогу. Акрамя таго, давалі парады па арганізацыі мерапрыемстваў, бо арганізаваныя акціі маюць большы эфект. У Пінску склалася такія абставіны, што веснавыя акцыі адбываліся спантанна.
– То бок, Вы лічыце, што, калі б увесну да Пінску даехалі апазіцыйныя лідары ці з’явіўся б свой мясцовы лідар, то гэта нешта змяніла бы?
– Так, калі б былі лідары, то гэта дапамагло б сфармаваць канкрэтнае пасланне. А так атрымалася проста размова людзей паміж сабой і журналістамі.
– Вы прыехалі ў Пінск, і на сустрэчу прыйшлі тыя актывісты, якія ўжо больш за 20 гадоў займаюцца гэтай справаў. Новых твараў амаль няма?
– Добра, што ёсць і гэтыя людзі, бо ў шмат якіх гарадах Беларусі вынішчана любая грамадская і палітычная актыўнасць. У Пінску ўсе гэтыя людзі застаюцца, яны, канешне, стомленыя гадамі змагання. Таму важна, каб далучаліся новыя, патэнцыял да гэтага ёсць. Я памятаю, што пад час прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе наша каманда ў Пінску налічвала некалькі дзясяткаў чалавек. Збіралася поўная зала ДК на сустрэчу з кандыдатам. То бок, патэнцыял ёсц,ь і мы намагаемся ў нашых унутраных дыскусіях разабрацца, як прыцягнуць новых людзей да нас.
– Якія перспэктывы ў Вашай арганізацыі?
– Меньш за год таму адбылася змена лідара (Аляксандр Мілінкевіч вырашыў не абірацца на чарговы тэрмін). Прыйшла новая каманда, у Мінску прыйшло шмат моладзі. У тых гарадах, дзе была нашая актыўнасць, удзел у перадвыбарчай кампаніі, назіранне, кампанія “народны рэфереэндум”, адбываецца рост колькасці прыхільнікаў і арганізацыя ажывае. Таму не трэба раслабляцца, а працаваць на розных узроўнях, у тым ліку і на лакальным.
– Колькі тэрмінаў на пасадзе кіраўніка Руху Вы збіраецесь прабыць?
– У нас ёсць дэмакратычныя працэдуры змены кіраўніцтва. Па статуце кіраўнік абіраецца на 4 гады. Потым збіраецца канферэнцыя і кіраўніцтва можа быць пераабрана. Таму, калі маю працу станоўча ацэняць нашыя актывісты, то буду пераабірацца.
– Ну, а калі не пераабіяруць, то пакрыўдзіцеся і сыйдзеце з Руху са сваімі паплечнікамі? Маецца на ўвазе дэмарш Алеся Лагвінца, якога не абралі старшынёй, пасля чпго ён сыйшоў і стварыў новую арганізацыю “Дзея” (такія расколы часцяком адбываюцца і ў іншых беларускіх дэмакратычных арганізацыях).
– Наша задача – каб існаваў дэмакратычны механізм змены лідарства, каб не было фальсіфікацыяў з’ездаў. Лічу, што лепшым сцэнаром паводзінаў таго, каго не абралі на пасаду кіраўніка, было б уключэнне ў працу, нарошчванне свайго патэнцыялу і спроба зноў балатавацца на пасаду старшыні. Месца і працы хапае ўсім, ёсць магчымасць для самарэалізацыіі і для таго, каб вынікі тваёй працы былі прызнаны.
– Ці будзе Рух прымаць удзел ў мясцовых выбарах, якія пройдуць у пачатку 2018 года?
– Так, у мясцовых выбарах будзем прымаць удзел. Хоць мы і не партыя, і не можам вылучаць кандыдатаў пратаколам. Зробім гэта праз збор подпісаў.
– Ёсць меркаванне, што выбары ў Беларусі непразрыстыя, фармальныя, што дэпутатаў прызначаюць улады. Калі Вашых кандыдатаў прызначаць на пасаду дэпутата, Вы пагадзіцеся на такі ход?
– У гэтым пытанні ёсць два бакі. Па-першае, як будуць праводзіцца самі выбары, ці будуць фальсіфікацыі, ці будзе празрысты падлік галасоў і так далей. Калі гэтага ня будзе, то мы дадзім жорсткую і адназначную ацэнку і данясем яе і да нашых грамадзянаў і міжнародных стркутураў, якія назіраюць за выбарамі. Напрыклад, апошнія парламенцкія выбары мы абвесцілі несвабоднымі і недэмакратычнымі, незалежна ад таго, што два чалавекі патрапілі ў Палату ад апазіцыі.
Іншая справа, як скарыстацца тым мандатам, калі раптам так атрымаецца, што нехта з нашых пройдзе ў мясцовы Савет дэпутатаў. Я перакананы, што пусцяць таго, хто правядзе моцную кампанію і будзе мець грамадскую падтрымку. Калі ў нашага кандыдата будзе рэальная большасць галасоў, тады, магчыма. будзе прынята рашэнне прызнаць ягоную перамогу. Таму, у любым выпадку, на выбарах трэба шмат працаваць.
– Ну дык, а калі ўжо ў Беларусі нешта зменіцца?
– Думаю, што хуткіх сцэнароў быць не можа. Наша грамадства расколатае па пытаннях культуры, незалежнасці, палітычнага ладу, эканамічнай мадэлі. Адныя грамадзяне за еўрапейскі выбар, іншыя глядзяць на Усход. Таму нават на дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбарах можа быць абраны такі ж, як дзеючы кіраўнік нашай дзяржавы. Таму трэба штодзённа і мэтанакіравана працаваць з людзьмі.
– Добра… А як Вам Пінск паказаўся?
– Я пакуль што мала што пабачыў, праехаў на аўто. Апошні раз тут быў больш за 5 гадоў. Цэнтр моцна змяніўся, будуецца жыллё, гандлёвыя цэнтры, больш рэкламы на вуліцах. Раней было адчуванне правінцыйнасці і савецкай спадчыны. Цяпер Пінск выглядае больш па-еўрапейску.