Створаны калектыў на базе раённага агранізацыйна-метадычнага цэнтра. Практычна ўсе ўдзельнікі калектыву – работнікі культуры.
Першапачаткова гэта быў ансамбль народнай песні “Ярок”, а пасля стаў клубам аматараў песні. З самага першага дня ім кіруе Валерый Шуркала.
У складзе калектыву 12 чалавек. Як адзначае кіраўнік, кожны з удзельнікаў нейкім чынам звязаны з мастацвам. “Артысты спяваюць, танцуюць, іграюць на розных традыцыйных народных інструментах, – кажа Валерый Шуркала. – Менавіта гэта творчая разнапланавасць, а таксама імкненне раскрыць творчы і інтэлектуальны патэнцыял удзельнікаў паспрыялі таму, што ансамбль народнай песні быў ператвораны ў клуб аматараў песні”.
У яго рэпертуары творы розных напрамкаў: беларускія і рускія народныя песні, песні Столінскага Палесся, аўтарскія кампазіцыі. У пастаянным пошуку твораў для выканання калектыў беражліва ставіцца да беларускай народнай песні, каб не згубіць яе духоўную чысціню, глыбіню і адкрытасць. «Прыносім песні, абмяркоўваем, – распавядае Валерый Шуркала. – Здараецца, песня не ідзе, не кладзецца на душу, тады і не варта час марнаваць. Бывае, адразу незразумела, як яе выконваць, а потым, пасля плённых рэпетыцый, атрымліваецца вельмі добрая песня».
У 2009 годзе для выступлення на заключным абласным туры VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” удзельнікам пашылі новыя касцюмы. Iнструменты, акрамя атрыманага ў мінулым годзе новага баяна, старыя. Вымушаны час ад часу карыстацца фанаграмай. Таму можна сцвярджаць, што ўдзельнікі «Ярка» – сапраўдныя энтузіясты. «Я зразумеў: калі самі не будзем з мёртвай кропкі ісці наперад, то застанемся на першапачатковым узроўні», – дадае Валерый Шуркала.
Ва ўсім раёне практычна няма месцаў, куды б ні завітаў “Ярок” са сваёй канцэртнай праграмай. Ды і за межы раёна выязджае штогод для ўдзелу ў конкурсах, фестывалях. Сярод значных: занальны тур абласнога фестывалю вакальна-харавога мастацтва “Ляці, наша песня”, свята народнага гумару “Спораўскія жарты”, абласны тур VIII і IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”, I і II адкрыты фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, абласное свята-конкурс гарманістаў і выканаўцаў прыпевак “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!”.
Кіраўнік клуба Валерый Шуркала па выніках раённага конкурсу двойчы станавіўся “Маладым чалавекам года” (2004, 2011) у галіне культуры.
Калектыў старанна працуе над павышэннем выканаўчага майстэрства і марыць аб атрыманні звання “народны аматарскі калектыў”.
А 27 ліпеня канцэртную праграму “Ярка” можна будзе пабачыць у Гарадной у час працы Міжнароднага пленэра ганчароў.