Пра валанцёрства Ірыны Ганчаровай ў Чырвоным Крыжы распавяла “Настаўніцкая газета”.
У былой настаўніцы матэматыкі Ірыны Аляксандраўны амаль 40 гадоў педагагічнага стажу. У савецкія гады некаторы час ёй давялося папрацаваць у школе ў Прыбалтыцы, куды па размеркаванні накіравалі яе мужа-фельчара. Але большую частку свайго працоўнага жыцця яна аддала Лунінеччыне — настаўнічала ў школах вёскі Бараўцы і аграгарадка Вулька-2.
— Я з дзяцінства любіла матэматыку. Калі не магла рашыць нейкую задачку, нават перад сном працягвала думаць над ёй і раніцай прачыналася з гатовым адказам. Мне вельмі падабалася выкладаць гэты прадмет у школе, захапляць ім дзяцей. Пры гэтым я заўсёды ўлічвала тэмперамент і здольнасці кожнага вучня, не заганяла іх у адзіныя рамкі. Пры такім падыходзе дзеці больш эфектыўна засвойваюць прадмет і атрымліваюць трывалыя веды, — расказвае Ірына Ганчарова.
Пасля таго як дасягнула пенсіённага ўзросту, яна працягвала працаваць яшчэ тры гады. А потым вырашыла, што прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак.
— Справа не ў тым, што я стамілася. Проста адчула, што мой узрост стаў пэўнай перашкодай паміж мной і вучнямі. Я ўспрымала іх нармальна, а вось яны мяне — не зусім так, як трэба. А так быць не павінна, — адзначае мая суразмоўніца.
Спакойнае, размеранае жыццё пенсіянера яна вытрымала ўсяго два месяцы. Заняцца заўсёды было чым: у Ірыны Аляксандраўны чатыры дачкі, пяцёра ўнукаў і праўнук. Але не хапала сацыяльнай актыўнасці, хацелася быць карыснай грамадству, дапамагаць людзям. І яна звярнулася ў раённае аддзяленне Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з прапановай стаць валанцёрам. І вось ужо 9 гадоў удзельнічае ў яго дзейнасці на добраахвотных асновах.
За гэты час паспрабавала сябе ў самых розных кірунках. Разам з іншымі валанцёрамі ўдзельнічала ў акцыях за здаровы лад жыцця, дапамагала бежанцам, збірала ахвяраванні для малазабяспечаных грамадзян.
А яшчэ Ірына Аляксандраўна ў якасці валанцёра дапамагае сацыяльным службам клапаціцца аб адзінокіх пажылых людзях.
Актыўны лад жыцця дапамагае ёй быць у форме і захоўваць пазітыўны настрой.
— Неяк давялося паспрачацца з адной сваёй знаёмай, якая сказала, што выйшла на пенсію дажываць. Што значыць дажываць? Трэба жыць! Пакуль здароўе дазваляе, на пенсіі можна рабіць усё, што ты хочаш. Як сам сябе настроіш, так і пойдзе. Таму настройвацца трэба на актыўнасць і пазітыў! — упэўнена Ірына Ганчарова.