Як захапляе дзяцей краязнаўствам настаўніца гісторыі з Лунінца Дзіяна Сладзінская
Ураджэнка беларуска-грузінскай сям’і настаўніца з Лунінца Дзіяна Сладзінская служыць прыкладам шчырай любові да Беларусі. Ужо 37 гадоў яна выкладае гісторыю і захапляе дзяцей краязнаўствам.
Пра вядомую настаўніу Дзіяну Сладзінскую і проста добрага і шчырага чалавека распавяла “Настаўніцкая газета”. Перадруковаем з невялікамі скарачэннямі.
Карані жыцця
Дзіяна Раманаўна з цёплай усмешкай прыадкрывае старонкі сямейнай гісторыі. Яшчэ ў савецкія гады яе бацька праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Грузіі і дадому ў Лунінец вярнуўся не адзін, а з маладой жонкай.
— Я нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Лунінцы. Пакуль была жывая матчына радня, мы ездзілі ў госці ў Грузію. А потым быў перапынак амаль на 30 гадоў. Не так даўно я паехала туды ўжо як турыст, наведала роднае сяло маёй маці пад Батумі. Эмоцый было шмат. Але, вядома ж, усё маё жыццё — тут, на беларускай зямлі, — расказвае яна.
У іх сям’і раней не было настаўнікаў, але Дзіяна Сладзінская заўсёды была ўпэўнена, што яе прызванне менавіта ў рабоце з дзецьмі. Пачынала свой працоўны шлях у сярэдняй школе № 2 Лунінца піянерважатай. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ стала выкладаць тут гісторыю, што паспяхова робіць ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі. Навошта мяняць месца працы, калі яно дае ўсе магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял і ўвасобіць ідэі, справядліва адзначае яна.
Па Лунінецкім Арбаце
Дзіяна Раманаўна знаходзіцца ў пастаянным творчым і прафесійным пошуку… Дарэчы, кабінет гісторыі выглядае як этнаграфічны куток. Па ініцыятыве настаўніцы яго сумеснымі намаганнямі стварылі супрацоўнікі школы, навучэнцы і іх бацькі.
Самі за сябе аб выніках работы настаўніцы гавораць лічбы. Так, у 2022/2023 навучальным годзе сярэдні бал вучняў па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” склаў адпаведна 8,0 і 7,9, па выніках здачы цэнтралізаванага экзамену па гісторыі Беларусі ў 2023 годзе — 8,2.
Настаўніца выпрацавала сістэму эфектыўнага выкарыстання пры вывучэнні беларускай гісторыі краязнаўчага матэрыялу. Увесь той вялікі багаж ведаў па мінулым Лунінеччыны, які карпатліва назбірала за гады работы, яна перадае дзецям у цікавай і запамінальнай форме.
— Калі ўзгадваеш падзеі, імёны, якія звязаны з добра знаёмымі мясцовымі населенымі пунктамі, літаральна бачыш, як у вачах вучняў загараюцца агеньчыкі цікавасці. Вельмі важна максімальна выкарыстаць яе патэнцыял, — адзначае мая суразмоўніца. — Краязнаўчы матэрыял дапамагае паглыбіць веды вучняў, усвядоміць адзінства гісторыі краіны з гісторыяй роднага горада, вёскі і нават сям’і. Гэта матывуе дзяцей да вывучэння прадмета, аблягчае яго засваенне, а таксама робіць веды больш трывалымі.
Педагог актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі. Стварыла электронны дапаможнік “Выкарыстанне краязнаўчага кампанента на ўроках гісторыі Беларусі”, шмат выступае з дакладамі па гэтай тэме на навукова-практычных канферэнцыях, чытаннях, семінарах.
Дзіяна Сладзінская з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Мая Лунінеччына”, а таксама навуковай суполкі вучняў “Думка”. Пад яе кіраўніцтвам дзеці з захапленнем збіраюць матэрыял аб месцах і падзеях, праз якія могуць лепш усвядоміць гісторыю роднага краю.
Так, настаўніца з дзецьмі разам вывучалі так званы “Лунінецкі Арбат” — частку вуліцы ў цэнтры горада, на якой захаваліся будынкі пачатку мінулага стагоддзя — папулярнае ў свой час месца, дзе любілі прагульвацца прыгожа апранутыя дамы і кавалеры…
Дарогі і купалы
Вучні Дзіяны Сладзінскай з году ў год перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару, навучэнскіх навукова-практычных канферэнцыях. Прыемна здзіўляе, якія цікавыя тэмы заўсёды заяўляюць навучэнцы. Гэта адзін з важных прынцыпаў работы педагога: самы кароткі шлях да ведаў — праз шчырае захапленне пытаннем, якое хочаш паглыблена вывучыць.
— Даследчая краязнаўчая дзейнасць дапамагае дзецям лепш ведаць і разумець гісторыю роднага краю, любіць сваю краіну. Якую б прафесію ў далейшым ні выбраў наш выпускнік, гэты ўнутраны пасыл вельмі важны, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Акрамя таго, вучні атрымліваюць каштоўныя навыкі работы з інфармацыяй, вучацца выбіраць галоўнае, рабіць высновы. Прычым захоўваюць цікавасць да такой дзейнасці і ў далейшым. Прыемна чуць ад выпускнікоў, якія паступілі ва ўніверсітэты розных профіляў, што яны таксама пішуць там даследчыя работы. Значыць, зерне ўпала на добрую глебу і дае свае ўсходы!..
Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вк, Одноклассники, Facebook, Instagram, ТикТок.