Раман “Marginalis” беларускага пісьменніка Кірыла Стаселька стаў рэкардсменам беларускай літаратуры, ён прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры.
У рамане аб’ёмам 251.944 знака сустракаецца не менш за 136 персанажаў, яго дзеянні ахопліваюць больш за чатыраста гадоў і дзясяткі краінаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса – праектам «Рэкорды Куфара».
Мы паразмаўлялі з аўтарам і даведаліся, чым цікавыя ягоныя кнігі, чаму ён піша па-беларуску, ці можна жыць з літаратурнай працы, як прасоўваць свае творы і як стаць героем кнігі.
– Кiрыл, з чаго пачалася Ваша літаратурная дзейнасць?
– Пачалася яшчэ ў школьныя часы, калі я навучаўся ў студыі журналістыкі пры гарадской газеце, тады ж з’явіліся мае першыя публікацыі. Але першая паўнавартасная публікацыя мастацкай прозы з’явілася ў часопісе «Маладосць», калі навучаўся ў БДУ.
– У Беларусі, калі казаць пра моўны аспект, большасць рускамоўных пісьменнікаў. Чаму Вы вырашылі пісаць па-беларуску?
– Не буду казаць пафасна аб нацыянальнай культуры, важнасці роднай мовы. Перш за ўсё, я сам размаўляю па-беларуску. Акрамя таго, думаю, для пісьменніка важна ідэнтыфікаваць сваю прыналежнасць да той ці іншай культурнай прасторы.
Цяпер, магчыма, гэта не так відавочна, але ў выпадку, калі ў Беларусі ўсе загавораць на сваёй мове, рускамоўны пісьменнік можа апынуцца ў становішчы бяздомнага. Для беларускай культуры ён не будзе сваім, бо піша на іншай мове, але і для расійскай культуры ён не будзе сваім, бо належыць іншай краіне ды існаваў, як і яго творы, у іншым кантэксце. Але магчыма, я і памыляюся, ды развіццё глабалізацыі здолее нівеліяваць такія моманты. Дарэчы, менавіта з-за глабалізацыі ў апошні час штогод знікае мноства моў, перш за ўсё слабых. Таму, калі беларуская не стане моцнай мовай хаця б большасці, рускамоўным пісьменнікам можна не баяцца долі культурна бяздомных. Але я веру, што беларуская ўсё ж адужэе.
– Ці можа сёння пісьменнік у Беларусі жыць за кошт ганарараў ад сваіх кніг?
– Думаю, гэта, ў прынцыпе, магчыма толькі ў рэдкіх краінах і выпадках. Кнігі нашых пісьменнікаў выходзяць накладамі ў пяцьсот асобнікаў. Добра, калі тысяча. І толькі ў выключных выпадках наклад кнігі вылічаецца тысячамі. Нават, калі б кнігі з накладам пяцьсот або тысяча асобнікаў цалкам раскупляліся, палічыце, колькі каштуе кніга, колькі накручваюць прадаўцы і пасярэднікі, колькі атрымлівае выдавецтва, і ўбачыце, што пісьменніку, як і іншым удзельнікам працэсу, дастаюцца капейкі. Нават у Расіі, дзе насельніцтва значна большае, а кнігі таксама прадаюцца на постсавецкай прасторы, наклады вельмі маленькія, асабліва ў параўнанні з савецкімі.
– Шырокая аўдыторыя, кажучы пра нацыянальную літаратуру, як правіла, называе такіх пісьменнікаў, як Купала, Колас, Крапіва, Быкаў. Як Вы думаеце, чаму ў гэтым стандартным спісе практычна няма сучасных, у прыватнасці, маладых пісьменнікаў? Ці магчыма сёння ў нашай краіне стаць вядомым пісьменнікам?
– Калі казаць пра іншыя краіны, то лёгка можна назваць знакамітасцяў у розных сферах: пісьменнікаў, музыкаў, навукоўцаў, акцёраў, палітыкаў, бізнесменаў і інш. Але, нават жывучы ў Беларусі, на розум прыходзяць адзінкавыя выпадкі тых ці іншых айчынных знакамітасцяў і часцяком не самых годных асобаў, хоць і ёсць прафесіяналы, вядомыя ў вузкіх колах. Паспрабуйце для эксперыменту папрасіць мінака на вуліцы назваць хаця б пяць сучасных беларускіх бізнесменаў, акцёраў ці палітыкаў. Але справа не ў тым, што ў нас няма прэтэндэнтаў у знакамітасці. Вы, напэўна, заўважалі, што многія спецыялісты становяцца прызнанымі ў Беларусі пасля таго, як іх прызнаюць за мяжою. Думаю, справа ў тым, што ў нашай краіне ўсё яшчэ не здолелі сфарміравацца інстанцыі, здольныя “легітымізаваць” адмыслоўцаў, “эліту” ў сваёй справе.
Для пісьменніка такімі інстанцыямі могуць выступаць СМІ, літаратурныя прэміі, выдавецтвы, крытыкі. Калі казаць адкрыта, то ў Беларусі пакуль яшчэ няма па-сапраўднаму аўтарытэтных для многіх СМІ, літаратурных прэмій. У заходніх краінах, напрыклад, Францыі ці ЗША, існуюць сотні літаратурных прэмій, праграмы на тэлебачанні і радыё. У параўнанні з імі, у Беларусі літаратурная інфраструктура проста адсутнічае. Таму прыходзіцца чакаць, пакуль Нобелеўскі камітэт або іншая замежная інстытуцыя скажа нам: “Вось гэты беларускі пісьменнік рэальна круты”.
– З якімі яшчэ складанасцямі, на Вашую думку, сёння сустракаецца сучасная беларуская літаратура?
– Асноўнай праблемай з’яўляецца пошук чытача. Гэта, перш за ўсе, пытанні прамоцыі, рэкламы, піяру. Але піяру, станаўленню ў публічнай прасторы не толькі асобнай кнігі, але і пісьменніка. Тут, у сваю чаргу, пытанне як да фінансавых магчымасцей, так і да той літаратурнай інфраструктуры, якая існуе ў нашай краіне.
– А як спрабуеце вырашыць гэтую праблему, як шукаеце свайго чытача?
– Я спрабую актыўна звяртацца да пазалітаратурнай прамоцыі, якая не звязана непасрэдна з тэкстам кнігі. То бок класічныя рэцэнзіі, водгукі, агляды, канешне, былі таксама, але варта рабіць акцэнт на сучасных формах і метадах. Напрыклад, мой раман “Marginalis” паставіў рэкорд у беларускай літаратуры па канцэнтрацыі персанажаў у мастацкім тэксце (быў зафіксаваны праектам Рэкорды Куфара), і гэта стала добрай інфармацыйнай нагодай.
Добра прайшла эстафета ў сацыяльных сетках, калі вядомыя беларусы, сярод якіх Саша Варламаў, Ганна Бонд, Андрэй Мартыненка, Яўген Булка, Аляксей Хлястоў, Таццяна Караткевіч і іншыя знакамітасці публікавалі ў сваіх акаўнтах здымкі і сэлфі з маімі кнігамі “Дзіцячы Маніфест” і “Marginalis”.
Нядаўна выйшла серыя стыкераў па матывах “Marginalis” у мэсанджары Telegram. Гэтыя стыкеры маюць універсальны характар, і імі могуць карыстацца і тыя, хто не чытаў кнігу. Але гэта адначасова і прамоцыя кнігі. Магчыма, некаму гэты стыкер спадабаецца і чалавек захоча даведацца і пра “Marginalis”. За адзін месяц гэтыя стыкеры ўжо спампавала некалькі соцен чалавек. Гэта, на мой погляд, досыць добры паказчык.
– А літаратурны квэст па вашай кнізе?
– Так, гэта яшчэ адзін добры спосаб не толькі прамоцыі кнігі, але таксама заахвочвання і камунікацыі з чытачом. У сувязі з тым, што раман “Marginalis” не мае класічнай структуры, няма галоўнага месца, часу дзеяння і галоўнага героя, я абвесціў літаратурны квэст, конкурс. Я прапанаваў чытачам знайсці сярод мноства герояў кнігі галоўнага ці, прынамсі таго, хто б мог прытэндаваць на ролю галоўнага героя і дасылаць мне свае версіі ў сацыяльных сетках. Імём таго чытача, які першым дасць правільны адказ, я паабяцаў назваць аднаго с персанажаў у сваёй наступнай кнізе. Гэты конкурс яшчэ працягваецца, таму любы пінчанін можа трапіць у мой наступны раман.
Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. Cкончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыялогія”, магiстратуру і аспірантуру Акадэміі навук. З’яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).
На дадзены момант з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук, дырэктарам “Агенцтва інфармацыйных тэхналогій”, кіраўніком праекта Infographer.
Публікаваўся ў такіх часопісах, як «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж», «pARTtisan», а таксама ў зборніку «Параходзік сучаснасці».
Испания оштрафовала пять бюджетных авиакомпаний — Ryanair, EasyJet, Vueling, Norwegian Air и Volotea — за…
Премьера состоится в следующем году.
Начиная с 6:00 утра 22 ноября зафиксировано как минимум 14 заходов российских дронов-камикадзе типа «шахед»…
Министр иностранных дел России приехал в Брест на совместную коллегию и решил пообщаться со студентами.
С каждым годом на дорогах Полесья увеличивается количество автомобилей, и вместе с этим растет число…
Увы, главная проблема не в том, что они быстро заканчиваются.