Віталь Каратыш нарадзіўся ў Кажан-Гарадку Лунінецкага раёна ў траўні 1984 года , скончыў мясцовую школу, потым — Столінскі каледж. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце па спецыялізацыі «Дзяржаўнае кіраванне». Затым была вучоба ва ўніверсітэце ў Любліне.
Першае месца працы — эканаміст сельскагаспадарчага прадпрыемства ў вёсцы Лахва. Затым — дырэктар сельскага Дома культуры ў Дрэбску. За 3,5 гады працы закрытая да яго прыходу ўстанова культуры стала лепшай у раёне. У гэты час узначальваў штаб па зборы подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча на выбарах Прэзідэнта, за што быў звольнены.
У 2008 годзе, калі Віталь з’яўляўся кандыдатам у дэпутаты беларускага парламента, яго прызвалі на тэрміновую службу. У 2012-м зноў балатаваўся ў парламент, але з-за фальсіфікацый «не прайшоў». У 2017-2019 гадах працаваў у Дзіцячай вёсцы ў Бараўлянах, потым у Мінскай сацыялагічнай кампаніі.
Зараз жыве за мяжой, працуе ў IT кампаніі.
— Віталь, пасля прэзідэнцкіх выбараў 20220 года ты стаў ініцыятарам збору подпісаў супраць фальсіфікацый, а потым з’ехаў з Беларусі. Распавядзі, што і як адбывалася ў той час?
— Я выехаў напрыканцы 2021 года, калі зразумеў што заставацца ў Беларусі стала ўжо зусім небяспечна. Мяне затрымлівалі на суткі ў Мінску за ўдзел у акцыях пратэста. У офісе даследчай кампаніі, дзе я працаваў, прайшлі вобшукі, а мяне двойчы шукалі па месцы жыхарства. Не кажучы ўжо пра папярэджанне пракурора Лунинінецкага раёна і абсурдныя допыты і штраф ад Лунінецкай падатковай.
І хоць лічу сябе даволі рашучым чалавекам, не стаў чакаць, калі мяне пасадзяць.
Выязджаў я праз Расію, тады быў перыяд, калі не надта правяралі цягнікі і рэйсавыя аўтобусы. Давялося зрабіць тэст на кавід і ўсталяваць расійскае прыкладанне з верыфікацыяй тэста на мабільнік. Далей вылецеў у Еўропу.
Дарэчы, так я упершыню наведаў Маскву. І хоць часу прыглядацца да людзей і архітэктуры асабліва не было – розніца з Беларуссю заўважная. Паўсюль кантроль на уваходах у публічныя месцы. Запытаў у ахоўніка вакзала, дзе знайсці абменнік, а ён у адказ: “Адкуль я ведаю? Ідзі адсюль”. Так сабе гасціннасць.
Далей мая дорога была ў аэрапорт і вылет у Еўропу.
На пашпартным кантролі экран загарэўся чырвоным, я падумаў што гэта мяне ў вышук аб’явілі. Аднак абыйшлося – гэта быў звычайны глюк сістэмы.
Пазней услед за мной выехала і мая сям’я – жонка і дачушка.
Можна сказаць, што гэта быў своечасовы і абдуманы крок – выехаць з Беларусі. Мне пашанцавала знайсці працу ў IT, і я не залежу ўжо ад месцазнаходжання, працаваць магу з любога месца, дзе ёсць інтэрнэт.
— Ці захавалася твая актыўная грамадзянкая пазіцыя? Які вопыт мінулага хацеў бы ўзяць у будучае?
— Мая грамадзянская пазіцыя ніколі не змянялася. Я не аднойчы казаў, што ніякія перамены не даюцца лёгка.
Мая пазіцыя даволі простая – я супраць некампетэнтнасці і злачынстваў улады, за развіццё, свабоду бізнэса, культуры і мясцовага самакіравання. Некампетэнтнасць улады выцякае з вертыкальнага падпападкавання, якое ў сваю чаргу трымаецца на адсутнасці выбараў.

Хацеў бы яшчэ узгадаць неверагодную смеласць і годнасць сваіх землякоў, якія выйшлі на вуліцы горада, каб змагацца за праўду і справядлівасць. На будучае я ведаю: Лунінец — цудоўны народ, палешукі – рашучыя людзі.
Досвед працы з людзьмі ў будучым абавязкова спатрэбіцца.
Але ёсць і сумныя высновы: улада гатовая не проста ісці на злачынствы, а гатовая забіваць і пасылаць на смерць, каб захаваць свой трон. Гэта трэба ўлічваць.
— Распавядзі, пра жыццё ў іншай краіне. Чым займаешся? Як наогул будуецца жыццё эмігранта?
— Мне больш падабаецца іншае слова – экспат ці экспатрыянт. Я быў вымушаны выехаць з Беларусі, гэта не пераезд за лепшай доляй ці большым заробкам, таму не зусім адпавядае эміграцыі ў класічным сэнсе гэтага слова.
Хаця жывецца мне някепска. Я працую ў міжнароднай IT кампаніі, каардыную каманду распрацоўшчыкаў і маркетолагаў у праекце ў ЗША. Цікавая праца, камунікуем па-ангельску. З часам выйшаў з падатковага рэзідэнства Беларусі – простымі словамі, цяпер плачу падаткі у іншай краіне.

Не адзін я — дзесяткі тысяч беларусаў выехалі і цяпер плацяць падаткі ў іншых краінах. IT галіна асабліва прывабная для любой краіны – яна дае чысты прыток валюты без укладанняў і інвестыцый з боку дзяржавы. Таму многія краіны ствараюць асаблівы “клімат” для IT індустрыі: зніжаюць падаткі, ствараюць асаблівыя умовы арэнды, рэгістрацыі бізнэса, венчурныя фонды.
У нас жа ў Беларусі цяпер гэтая галіна знікае, хоць і з’явілася яна хутчэй насуперак дзяржаве чым пры яе падтрымцы.
Вяртаючыся да свайго жыцця ў Еўропе… Тут някепска, шмат старых і новых сяброў. Беларусаў увогуле шмат. Нават спецыялізаваныя бары, паліклінікі і крамы ёсць для украінцаў і беларусаў. Хіба што часу наведваць усе імпрэзы малавата – шмат сіжу за кампутарам.
Сям’я мая са мной. Працуем і адпачываем разам. Дачушка ужо ведае, апроч рускай і беларускай, ангельскую, польскую і крыху іспанскую мову. Тут шмат беларускіх сямей з дзеткамі, то мы не сумуем, нібы і не з’язджалі з Беларусі, а прывезлі яе з сабой.

— Памятаю, што ты хацеў жыць у вёсцы, шмат рабіў дабрачынных спраў… Хто ён сёння, беларускі сялянін, на тваю думку?
— Складанае пытанне… Мне падаецца што такая “каста”, як селянін, ужо знікае. На вёсцы жывуць розныя людзі: нехта бізнэс спрабуе арганізаваць, нехта у калгас ходзіць. Нехта спачувае Украіне, а нехта глядзіць прапагандысцкія расійскія каналы.
На адной вуліцы жыве міліцыянер, які, верагодна, мае дачыненне да разгона мірных дэманстрацый, настаўнік, які, верагодна, шмат разоў фальсіфікаваў выбары і чалавек, які страціў працу ці бізнэс з-за палітычных прычынаў.
Я не ведаю хто такі беларускі селянін. Мяркую, мы ўвогуле мала сабе ўяўляем, хто такі беларус.

Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вконтакте, Одноклассники, Facebook, Instagram.
Уважаемый читатель. Если Вы солидарны с журналистами, считаете этот материал важным, Вы можете поделиться ссылкой со своими друзьями и родными. Так Вы поддержите нашу работу и свободную прессу. Спасибо, что Вы с нами!