Перад настаўнікамі мовы і літаратуры, а таксама музыкі выступілі ўдзельнікі творчага клуба “Натхненне” (кіраўнік Таццяна Жук) са Століншчыны. Сустрэча адбылася ў актавай зале СШ №5 г.Пружаны.
Віктар Вабішчэвіч, Галіна Бабарыка, Васіль Казачок, Святлана Кананчук, Таццяна Жук, Тамара Павядайка и аўтар гэтых радкоў прачыталі ўласныя вершы пра маці.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў Віктар Вабішчэвіч паказаў цэлы монаспектакль у дзвюх дзеях: “Я – Ваша кроў” і “Маці”. Ён адзначыў, што шчаслівы той чалавек, у каго маці яшчэ жыве. Яго мама зараз цяжка хварэе і сын вельмі перажывае за яе.
84 гады зараз маме Галіны Бабарыка. Паэтэса – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сёлета ўбачыў свет яе паэтычны зборнік “Дарога ў восень”. Яна звярнула ўвагу на тое, што вельмі сімвалічна супадзенне гэтага дня з праваслаўным святам Пакровам Прасвятой Багародзіцы.
Васіль Казачок запрасіў усіх прыехаць у госці ў Гарадную – ганчарны край. Мама Васіля Казачка пайшла з жыцця ва ўзросце 77 гадоў, а сын ва ўспамінах і ў сваіх вершах зноў і зноў размаўляе з ёй.
Мама Святланы Каначук жыве ў Расіі, таму бачацца яны не часта. Сама Святлана стала мамай не толькі для двух родных дзяцей, але і для прыёмных дзяўчынак і хлопчыкаў, якіх разам з мужам выхоўвае ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Століне. Выступленне Святланы Кананчук нікога не аставіла раўнадушным.
Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя зборнікаў паэзіі паэтаў са Століншчыны: Віктара Вабішчэвіча, Галіны Бабарыка, Ірыны Ляшкевіч.
Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Валянціна Грэчка ў канцы сустрэчы падзякавала арганізатарам мерапрыемства з пружанскага боку і запрасіла наведаць Століншчыну.
Пасля сустрэчы ўдзельнікі клуба “Натхненне” пабывалі ў музеі-сядзібе “Пружанскі-палацык”, у якой размясціўся краязнаўчы музей.