Рос Васіль у творчай сям’і, змалку захапляўся тэатрам, літаратурай, выяўленчым мастацтвам, кіно. Як творца сфармаваўся ў Беларусі. Але па волі лёсу (стаў незапатрабаваны ў прафесіі, а дачка з былой жонкай пераехалі ў Польшчу). Васіль Дранько-Майсюк таксама пераехаў у Варшаву. Рэдкая з’ява, але на чужыне яму ўдалося захавацца ў прафесіі.Што звязвае Васіля Дранько-Майсюка з Давыд-Гарадком? Чаму ён эміграваў у Польшчу? Якое месца ў ягоным жыцці займае Уладзімір Караткевіч? Пра ўсё гэта Медиа-Полесье пагаварыла з вядомым земляком.
Васіль Дранько-Майсюк нарадзіўся 29 чэрвеня 1981 года ў горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.
Жыў і вучыўся ў Мінску. Закончыў Беларускі ліцэй мастацтваў імя І. Ахрэмчыка па аддзяленні жывапісу (1999), Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Культуралогія» (2003), Белдзяржакадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысура». (2009). Працаваў рэжысёрам у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, у часопісе «Вясёлка» (2016–2018), у дзіцячай студыі танца «Encanto».
Аўтар п’ес «Мара Жанчыны, альбо Сапраўднае спакушэнне» (2011), «Цуда—малпа» (2013), «Сатурніянка» (2015) і інш. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А. М. Горкага паставілі яго п’есу «Пясняр», галоўны герой якой — Уладзімір Мулявін.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» Васіль Дранько-Майсюк выдаў сваю першую кнігу «Таямніцы нашага садка» (2018). Адзін з укладальнікаў зборнікаў «Вясёлка» (2017) і «Каток—пестунок» (2023).
З 2022 года жыве і працуе ў Польшчы.
«Мой характар не фармаваўся як чыста паляшуцкі, атрымаўся кактэйль»
— Васіль нарадзіліся ў Давыд-Гарадку, хаця ўсё свядомае жыццё пражылі ў Мінску. Кажуць, ваш бацька, які тады жыў у Мінску, спецыяльна вырашыў, што нарадзіцца вы павінны на яго малой радзіме. Ці тлумачыў ён, чаму прыняў такое рашэнне?
— Гэтага хацела мая маці Вольга. Яна беларуска, але жыла ў Маскве (там яны з татам пазнаёміліся), і вельмі хацела, каб я нарадзіўся не ў Маскве, не ў Мінску, а на радзіме майго бацькі, Леаніда. Ёй было вельмі важна, каб у маім пашпарце стаяла адзнака: нарадзіўся ў Давыд-Гарадку. Яна вельмі шмат чула пра гэтае мястэчка, яшчэ ні разу не пабываўшы там, вельмі зацікавілася ім. І была чалавек авантурны: прыехала ў Давыд-Гарадок і нарадзіла.
— Сёння Давыд-Гарадок – невялікі сумны гарадок, які паступова вымірае разам з адзіным прамысловым прадпрыемствам — інструментальным заводам. А якім Давыд-Гарадок застаўся ў вашай памяці?
— Давыд-Гарадок я ўспрымаў як штосьці фавістычна—маляўнічае. Мне пашанцавала: дзед Васіль і баба Люба вырошчвалі кветкі (уявіце сабе мноства кветак – як на карцінах таго ж Анры Маціса), цэлыя кварталы цыганоў – са сваёй мовай, з асаблівым узаемадзеяннем, старыя хаты, якія былі пабудаваныя яшчэ за польскім часам ці нават раней, брукаванка, шэдэўр 18 стагоддзя Юраўская царква – усё гэта так адрознівалася ад Мінска. Усё гэта адрознівалася і ад іншых палескіх мястэчкаў. Мікашэвічы і Тураў праз якія я праязджаў, накіроўваючыся ў роднае мястэчка – выглядалі шэрымі вёсачкамі, асабліва Тураў. У 1980—90-ых гэта асабліва кідалася ў вочы.
Памятаю, што пра Тураў з вялікім сумам казаў яшчэ Караткевіч у сваім эсэ «Званы ў прадонні азёр»: гістарычны цэнтр магутнага Тураўскага княства ператварыўся ў звычайную невыразную вёсачку.
А Давыд-Гарадок нават у брэжнеўска-андропаўскія часы вылучаўся, захоўваў сваю адметнасць: унікальныя касцюмы, архітэктура з сонцамі на шчытах (гэтыя сонцы пераймалі суседнія вёскі), цікетачны жывапіс, свята «Конікі». Гэта адно з самых унікальных мястэчак Еўропы. І сёння, калі я выкладаю дзецям (а я праводжу анлайн-заняткі і вочныя заняткі па беларускай літаратуры і культуралогіі для маленькіх беларусаў Варшавы), то я шмат чаго цікавага расказваю ім пра Давыд-Гарадок.

— Часта вы прыязджалі на пабыўку ў Гарадок?
— У 1980—2000-ыя — кожнае лета. Пасля таго як дзядуля і бабуля адыйшлі ў лепшы свет, паездкі здараліся ўсё радзей. Апошні раз наведаў Давыд-Гарадок у 2018 годзе. Спадзяюся, што некалі прыеду, але для гэтага павінна наступіць спрыяльнае надвор’е, сонца загляне ў наша ваконца, асвеціць сваімі спрыяльнымі прамянямі шчыты давыд-гарадоцкіх хат, гэтаксама аздобленыя сонейкамі, і гэта будзе знак таго, што можна вяртацца.

— Кім вы сябе больш адчуваеце – палешуком ці мінчуком? Я пра тое, якое з гэтых месцаў пакінула найбольш прыкметны след у вашай душы, якое з іх найбольш паўплывала на вашае фармаванне як творцы?
— Цяжка сказаць. Усё ж такі я прыязджаў у Давыд-Гарадок не як жыхар горада, а як своеасаблівы турыст, госць, таму характар мой не фармаваўся як чыста паляшуцкі. Генетычна, хутчэй за ўсё, атрымаўся нейкі кактэйль, мешаніна: нешта засталося ад палешука, нешта ад жыхара сталіцы. Збольшага мяне фармавала гарадская культура.
— Вашы бацькі творчыя людзі. Вы – культуролаг, рэжысёр, драматург. Што стала вызначальным пры выбары прафесіі – сямейныя традыцыі ці сваю ролю сыгралі іншыя фактары?
— Гэта ўплыў і маці, і бацькі. Калі мы з мамай ездзілі ў Маскву ў 80—90-ыя, то мы наведвалі спектаклі Алега Яфрэмава, Пятра Фаменкі; хадзілі ў Пушкінскі музей, дзе любаваліся жывапісам Рэнуара і Гагена. Мама давала мне лепшае.
Бацька адкрыў для мяне, 4-гадовага хлопчыка, паэзію Максіма Багдановіча і прозу Міхася Лынькова, вадзіў мяне ў госці да Міхася Стральцова, прывозіў мне з Еўропы мастацкія альбомы нямецкіх экспрэсіяністаў, пазнаёміў мяне з жывапісам Марка Шагала і Яцэка Мальчэўскага. І бацька, і маці ў аднолькавай ступені ўплывалі на мяне. З дзяцінства я прыдумляў лялечныя спектаклі, маляваў. А пазней пайшоў вучыцца на мастака ў ліцэй імя Ахрэмчыка, а вышэйшую адукацыю атрымаў спярша ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (як культуролаг), а затым займеў дыплом тэатральнага рэжысёра, калі адвучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў.

«У Мінску не меў магчымасці зарабляць. І хацелася быць бліжэй да дачкі»
— Як творца вы адбыліся яшчэ ў Беларусі. Напісалі некалькі п’ес, адну з іх (пра Уладзіміра Мулявіна) ставіў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя А. М. Горкага. Аўтар кнігі для дзяцей «Таямніцы нашага садка». Самі працавалі рэжысёрам у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Што вымусіла вас выехаць з краіны?
— Адбыўся збег абставінаў. Шмат хто перажывае развод, і пры разводзе звычайна дачка застаецца з маці. Калі былая жонка з дачкой апынуліся ў Польшчы (па палітычных абставінах), то і ты хочаш быць бліжэй да дачкі. Так што адна з прычынаў майго ад’езду – асабістая.
Другая прычына – прафесійная. Так сталася, што многія мінскія прыватныя школы, у якіх я працаваў (а я зарабляў на жыццё выкладаннем беларускай літаратуры, культуралогіі), пасля 2020 года ў сілу вядомых абставінаў пачалі закрывацца. Калі я не памыляюся, цяпер у Мінску амаль не засталося прыватных школ.
Я ладзіў тэатральна-літаратурныя мерапрыемствы ў музеі Петруся Броўкі, але і там знешнія абставіны паўплывалі на звальненне. Словам, я больш не меў магчымасці зарабляць у Беларусі. І як толькі сталася магчымым выехаць, я ёй скарыстаўся.
«Дзеці натхняюць цябе і напаўняюць энэргіяй»
— Не кожнаму творцу ўдаецца захаваць сябе ў прафесіі, знаходзячыся ў эміграцыі. Вам удалося: вы як працавалі для дзяцей дома, так і працягваеце рабіць гэта ў Польшчы. З чаго вы пачыналі ў новай краіне?
— Я пачынаў з таго, што рабіў яшчэ ў Мінску. Я пісаў сцэнары і быў вядучым праграмы «Лабірынты» (быў такі дакументальна-мастацкі серыял на Белсаце). «Дык пераязджай у Польшчу і і давай здымаць серыял тут» – сказалі мне калегі. Я прыехаў, пачаў працаваць над «Лабірынтамі». Але па іроніі лёсу серыял закрыўся (мабыць, не збіраў тысячныя прагляды, хаця насамрэч серыял быў цікавы і вельмі важны). Таму я паралельна пачаў весці анлайн-заняткі: гэта і беларуская літаратура, і тэатр, і культуралогія, зараз – яшчэ і гісторыя Беларусі. Дзякуй Богу, знайшлося многа бацькоў, якія пажадалі, каб іхнія дзеці самых розных узростаў – а д 4-5 гадоў да 15—18 – наведвалі заняткі. Дзякуй Богу, у Варшаве ёсць выдатнейшая школа імя Равенскага, дзе я выкладаю (вялікі дзякуй Галіне Казіміроўскай за яе тытанічную працу), дзякуй вялікі Акадэміі добрай адукацыі і яе кіраўніку Ягору Сурскаму, які сам мяне знайшоў і прапанаваў суботнія заняткі, спрыяе паказу маіх пастановак у Акадэміі. Адна школка, другая, анлайн-заняткі, іншыя праекты, затым пайшлі спектаклі. Бегаеш, скачаш, лётаеш – і неяк жывеш.
— Скажыце: а чаму вы працуеце для дзяцей? Чым можна патлумачыць ваш выбар?
— Гэта свядомы выбар. У Мінску і працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, я паставіў, дзякуючы спрыянню галоўнага рэжысёра Валерыя Анісенкі, спектакль «Шчаслівы муж» (паводле п’есы Францішка Аляхновіча). Спектакль быў камерцыйна паспяховым, але я быў незадаволены сабою. І ўвогуле тады знаходзіўся ў пэўным крызісе.
Як цяпер памятаю, у 2011 годзе я спярша з’ехаў у Маскву – да свайго дзеда Анатоля (па лініі маці). Сваю працу я пачаў як акцёр у дзіцячым камерцыйным тэатры «Снарк», у выдатнага рэжысёра Юрыя Алесіна, які зараз жыве ў Ізраілі. Працаваў як акцёр, напісаў яму некалькі сцэнароў, мы паказвалі спектаклі і ў садках, і ў школах. А затым ў адным садку я пачаў праводзіць тэатралізаваныя заняткі. Мне спадабалася, і я пачаў супрацоўнічаць з самымі рознымі дзіцячымі цэнтрамі, ладзіў святы, займаўся аніматарствам. Я пражыў у Маскве 4 гады, і менавіта там пачаў займацца дзіцячай тэмай.
А затым, вярнуўшыся ў Мінск, працягваў любімай справай. Падчас пандэміі каранавіруса пачаў праводзіць яшчэ і анлайн-заняткі. І на гэта быў попыт, асабліва ў 2020 годзе.
Таму цяпер я сумяшчаю і вочныя заняткі, і анлайн. Мае вучні розных узростаў (ад 5 да 18—ці гадоў), у лёгкай замйальнай форме мы праходзім важныя тэмы, звязаныя з нашай культурай, гісторыяй, мастацтвам, літаратурай. З дзецьмі можна рабіць многа цікавага: яны цябе натхняюць і напаўняюць энэргіяй
«Караткевіч блізкі нам чалавек, блізкі па духу»
— Апошні ваш спекталь – таксама для дзяцей – пад назвай «Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае». Раней вы ўжо рабілі спекталь «Жарсці Караткевіча». Але, здаецца, вы першы, хто спрабуе паказаць і расказаць пра пісьменніка дзецям. Чаму менавіта Уладзімір Караткевіч – дарослы пісьменнік, які, да таго ж, на радзіме апынуўся ў апале?
— Я б не сказаў, што Караткевіч пісьменнік толькі для дарослых. Ён з тых унікальных творцаў, які па сутнасці з’яўляўся казачнікам: ён пісаў казкі і для дарослых (яго рыцарскія творы, гістарычныя, і нават «Каласы пад сярпом тваім» – гэта тая ж самая казка: прыгожая выдуманая рэальнасць пра ідэальных беларусаў, якія змагаюцца і перамагаюць), і для дзяцей. Ён напісаў некалькі файных зборнікаў, давайце ўзгадаем «Чортаў скарб», «Мужык і дзіва аднавокае». Апошні твор Караткевіч яшчэ ў 22—гадовым узросце адаслаў Якубу Коласу («Лебядзіны скіт», «Мужык і дзіва аднавокае»), каб той даў сваю ацэнку. Калі «Лебядзіны скіт» быў апублікаваны ў 1988 годзе, то «Мужык і дзіва аднавокае» ўбачыла свет толькі ў 2000-ых гадах – такая рэдкая і малавядомая казка.
Мне Караткевіч падабаецца сваёй эксцэнтрычнай жыццярадаснасцю, весялосцю, адчуваннем таго, што мы ўсё-такі перамагаем: і свае страхі, і тых дэманаў, якія пасяляюцца ў нашай хаце (як у «Чортавым скарбе»), і тых дэманаў, якія нам садзяцца на шыю (як дзіва аднавокае садзіцца мужыку на шыю і кажа: я цябе з’ем, але мужык яго надурыў). Мне падабаецца, калі ёсць вастрыня, фантастыка, сонечны настрой. І Караткевіч усё гэта дае. А дзецям падабаюцца страшныя гісторыі, якія павінны добра скончыцца.
Таму мы з Аленай Баяравай вырашылі зрабіць спекталь «Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае».
У дадатак да ўсяго скажу, што з дзяцінства люблю Караткевіча. Караткевіч дапамог майму тату з прапіскай у Мінску, спрыяў і натхняў творча.
А мая бабуля па лініі маці, Валянціна Ніканораўна Шчадрына, вядомейшая перакладчыца з беларускай мовы, жыла ў Маскве працавала ў Саюзе пісьменнікаў СССР кансультантам па беларускай літаратуры. Яна многім дапамагала, сябравала з Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, была блізкім сябрам з Караткевічам і з пачатку 70-ых перакладала многія яго класічныя творы («Каласы…», «Чорны замак Альшанскі», многія іншыя). Ужо ў 90-ыя яна шмат цікавага мне расказвала, як змагалася, напрыклад, за выхад у маскоўскім выдавецтве «Каласоў пад сярпом тваім», паказвала лісты, малюнкі Караткевіча. Вядома, я яшчэ больш зацікавіўся пісьменнікам.
Дый мяне малога ён бачыў, калі я быў яшчэ немаўляткам: бацькі прыходзілі да яго ў госці, і я поўзаў па ягонай канапе.
Сёння Караткевіч — адзін з самых важных для нас творцаў. Ён адзін з нямногіх, хто быў аптымістам. Ён даваў надзею. На жаль, сёння многія гісторыкі, культурніцкія дзеячы надзеі не даюць. Яны кажуць: Вялікае княства Літоўскае – гэта падман, фікцыя, савецкая Беларусь – таксама поўны гамон. Усё ў нас – гамон, гамон і гамон. Такая пазіцыя не можа даваць надзею, а трэба знаходзіць нейкую базу, якая б дазваляла радавацца і сапраўды здзяйсняць нешта файнае. А Караткевіч гэта даваў.

«Алена Баярава з аднолькавай лёгкасцю можа іграць самыя розныя вобразы»
— З чаго пачыналася вашае творчае супрацоўніцтва з Аленай Баяравай?
— Мы працуем з Аленай Баяравай дуэтам ужо каля 4-х гадоў.
Наша супрацоўніцтва пачалося ў 2008 годзе, калі я пайшоў працаваць у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі: я працаваў у літаратурнай частцы, а яна – вядучай артысткай. Мяне адразу ўразіла, што яна з аднолькавай лёгкасцю можа іграць самыя розныя вобразы: і драматычныя, і камічныя… Як толькі з’явілася магчымасць паставіць спектакль «Шчаслівы муж», я адразу прапанаваў ёй адну з самых цікавых роляў – пані Уршулі. Яна пагадзілася, сыграла яе проста бліскуча.
Затым я даволі доўга жыў у Маскве. Пасля вяртання займаўся ў асноўным педагогікай. А як толькі прыйшоў у серыял «Лабірынты», то праз некаторы час зноў пачаў запрашаць спадарыню Алену на здымкі. З ёй вельмі лёгка працаваць, яна чалавек гнуткі, і добра пачувае сябе ў любым жанры. Калі Алена Баярава з сям’ёй пераехала ў Варшаву, то я быў проста шчаслівы: мы знаходзімся на адной творчай хвалі, мы (цьфу-цьфу-цьфу) адно аднаго разумеем: ёй падабаецца эстэтыка, у якой я працую, мне падабаецца тое, што яна робіць. Таму ў выніку ў нас склаўся творчы тэатральны саюз. Для тэатра «Дзея другая» я зрабіў два спектаклі: новую версію «Шчаслівага мужа», і пастаноўку, прысвечаную Васілю Быкаву «Васіль Быкаў і ягоныя д’яблы». Цэнтральныя ролі тут іграла Алена Баярава, і рабіла гэта бліскуча. Зараз мы з ёй зрабілі яшчэ два спектаклі: «Жарсці Уладзіміра Караткевіча» і «Мужык і дзіва аднавокае».
Раней мы працавалі на радыё, дзе рабілі дзіцячыя і літаратурныя перадачы. Зараз вядзём падкаст «Літаратурны вір», дзе ствараем сапраўдныя серыялы, прысвечаныя Васілю Быкаву і Уладзіміру Караткевічу. Падпісвайцеся, даведаецеся шмат чаго цікавага.
«Алаіза Пашкевіч была шчаслівая ў эміграцыі»
— Адзін мой добры знаёмы сказаў: эміграцыя забівае. Забівае пачуцці, забівае сем’і, забівае нас ранейшых. Пра што сведчыць Ваш вопыт – ці так гэта?
— Я зараз распавядаю дзецям і дарослым пра першую беларускую жанчыну—зорку ў нашай літаратуры Алаізу Пашкевіч. Калі я расказваў слухачам, як пасля няўдачы рэвалюцыі 1905 года Алаіза Пашкевіч, ратуючыся ад арышту, з’ехала ў Аўстра-Венгрыю, то для яе эміграцыя стала сапраўдным шчасцем. Яна змагла свабодна вандраваць па Еўропе, наведваць музеі. Калі была ў Кракаве, хадзіла на спектаклі Станіслава Выспянскага, знаёмілася з лепшымі польскімі артыстамі, мастакамі.
І я кажу: ведаеце што? Алаіза Пашкевіч у эміграцыі была шчаслівая: яна шмат што здабыла, многае ўбачыла. Яна слухала жыўцом Энрыка Каруза, захаплялася жывапісам Рафаэля і скульптурамі Мікельанджэла. Таму для яе эміграцыя – шчасце. Трэба так жа ставіцца і нам, хто выехаў са сваёй краіны. Гэта шчаслівы перыяд у тым сэнсе, што я працую з лепшай беларускай артысткай Аленай Баяравай, я магу ставіць спектаклі, якія хачу, ёсць попыт (можа і не глабальны, не масавы, але ўсё роўна ёсць!) на беларускую літаратуру, тэатр, мастацтва. Давайце будзем удзячныя таму, што маем, і не трэба наракаць.
Ясна, што ёсць цяжкасці, і іх не пазбегнуць. Гэта ўсё роўна, як ісці пад дажджом і скардзіцца, што можна прамокнуць ці намачыць ногі. Бывае і такое, канешне. Але трэба заставацца бадзёрымі. Менавіта таму мы з Аленай стараемся ставіць жыццярадасныя спектаклі. Рэальнага суму сапраўды хапае. Але што пра гэта казаць, калі мы і так пра гэта ведаем?
Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вк, Одноклассники, Facebook, Instagram, ТикТок.




































