«Наша дэлегацыя выйшла з залы падчас выступу таварыша Пуціна. На балконе перад ім быў разгорнуты сцяг Украіны з Ілавайска! Хай бачыць», — напісаў у сваім твітары пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Юрый Сяргееў.
Падчас выступу Пуціна ўкраінская дэлегацыя пакінула залу Генеральнай асамблеі ААН. Раней тое ж зрабіла дэлегацыя Расіі падчас выступу прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Тады ў зале застаўся толькі адзін расійскі дыпламат.
Пуцін, выступаючы на Генасамблеі ААН у панядзелак, заявіў, што цэласнасць Украіны не забяспечыць пагрозамі і сілай зброі. Паводле яго слоў, трэба ўлічваць інтарэсы і правы жыхароў Данбаса, паважаць іх выбар, і, як прадугледжваюць Мінскія пагадненні, узгадніць з імі ключавыя элементы ўстройства дзяржавы.
Баі ў Ілавайску і яго ваколіцах, адкуль быў прывезены сцяг, разгорнуты ўкраінскай дэлегацыяй, ішлі з 10 жніўня па 3 верасня 2014 года. У ходзе баёў ўкраінскія вайскоўцы часткова ўзялі горад пад свой кантроль, але пазней былі акружаны сепаратыстамі з самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» і трапілі ў так званы «Ілавайскі кацёл».
У выніку Ілавайск перайшоў пад кантроль сіл «ДНР». Па дадзеных украінскай арміі, у баях за Ілавайск загінулі 366 вайскоўцаў, 289 атрымалі раненні, 128 трапілі ў палон і 158 прапалі без вестак. Страты сепаратыстаў яны ацанілі ў 300 забітых, 220 параненых і 20 палонных. Сепаратысты заявілі пра больш за 900 загінулых ўкраінскіх вайскоўцаў.