13 верасня ад Гродна да мястэчка Сапоцкін прайшла працэсія ў гонар 101-й гадавіны цудоўнага аб’яўлення Прасвятой Багародзіцы ў Аўгустоўскіх лясах. У мерапрыемстве ўдзельнічала чалавек 70. Здавалася б, нічога асаблівага, але ўдзельнікі мерапрыемства выкарыстоўвалі расійскія імперскія сцягі — чорна-жоўта-белыя.
«Наша Ніва» паспрабавала высветліць, хто ж прынёс гэтыя штандары на шэсце. Перш-наперш мы патэлефанавалі кіраўніку «Нёманскіх казакаў» атаману Уладзіміру Адамаву. «Не, гэта не нашы сцягі. Мы неслі царкоўную харугву. Мабыць, нехта з прыезджых», — адказаў спадар Адамаў.
Бацюшка з Сапоцкіна, іерэй Васіль Татарчук, з сумам аднёсся да таго, што некаторыя ўдзельнікі крыжовага ходу спрабавалі палітызаваць мерапрыемства.
«Зразумейце, мне трэба падрыхтавацца да набажэнства, вячэру нагатаваць. Я не ў стане прасачыць, хто робіць такія правакацыі. Былі і раней падобныя інцыдэнты палітызацыі царкоўных спраў, я размаўляў з людзьмі. Насамрэч, не настолькі важна, пад якімі сцягамі ідуць людзі ў царкоўных шэсцях, абы яны былі шчырымі хрысціянамі», — айцец Васіль прамаўляе на цудоўнай беларускай мове.
Іерэй Васіль Татарчук гаворыць, што дома ў яго вісяць беларускі і ўкраінскі сцягі, а адукацыю святар атрымліваў у Кіеве. «У мяне нават некаторыя казакі пыталіся: што гэта такое? Я сказаў, што поглядаў сваіх мяняць не буду».
Бацюшка лічыць, што сцягі, найхутчэй, прывёз нехта з Мінска. Сапраўды, у шэсці ўдзельнічалі прадстаўнікі вядомай арганізацыі «Казацкі Спас».
Кіраўнік «Казацкага Спаса» Пятро Шапко прызнаў, што сцягі сапраўды неслі людзі з яго арганізацыі. «Мы з Мінска прыехалі, што далі нам у рукі, тое і неслі».
Пікантнасць сітуацыі дадае тое, што ў крыжовым ходзе ўдзел бралі прадстаўнікі Гродзенскай пагранічнай групы. У пагранічнікаў наладжаны даўні кантакт з праваслаўнай царквой. Ісці ў адной калоне з «імперскімі» сцягамі памежнікі не адмовіліся.
«Зразумейце, калі вы прыходзіце да некага ў госці, а там хтосьці напіваецца і дэбашырыць, вы ж не вінаватыя, — кажа прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. — Памежнікі ж не неслі гэтыя сцягі, яны там займаліся справамі духоўнымі. А пачынаць разборкі, нейкія бойкі ладзіць на такой акцыі, напэўна, не вельмі правільна. Ёсць бок, які запрашае на такое мерапрыемства, ён і мусіць адказваць за выкарыстанне сімволікі. Для памежнікаў ёсць толькі адзін сцяг — дзяржаўны беларускі».
Спадар Цішчанка кажа, што ў памежнікаў няма ніякага пагаднення з казакамі.
На жаль, атрымаць непасрэдны каментар ад удзельніка таго шэсця, намесніка начальніка пагранічнай групы па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Максіма Літвінскага, не атрымалася. Другі дзень запар яго працоўны нумар радуе толькі доўгімі трэлямі — слухаўку ніхто не бярэ.
Напрыканцы мы яшчэ зрабілі адзін званок у Гродзенскую епархію, каб даведацца стаўленне царквы да гэтай падзеі. Айцец Яўген Павяльчук, які адказвае за адносіны епархіі з Узброенымі сіламі, адказаў: «Сцяг з’явіўся таму, што шэсце было ў памяць аб падзеях Першай сусветнай вайны, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай Імперыі. Гэта сцяг даўно памерлай імперыі», — сказаў Павяльчук.
На пытанне, ці ўсё ж яны прынеслі гэтыя сцягі, быў адказ: «Вы думайце галавой — царква прынесла толькі царкоўныя харугвы». Дык а хто прынёс? «Пытайцеся ў тых, хто прынёс», — лаканічна адказаў святар і паклаў слухаўку.
Варта адзначыць, што чорна-жоўта-белы сцяг выкарыстоўваўся ў XIX стагоддзі як гербавы сцяг Расійскай Імперыі. Сёння яго на ўзбраенне ўзялі расійскія шавіністы — тыя самыя, што хочуць далучэння Беларусі да Расіі.