27 ноября 2024, среда03:34

Общество

У Магілёве аштрафавалі кіроўцу за георгіеўскую стужку

31 августа 2015, 20:02

У Магілёве органы правапарадку аштрафавалі на 90 тысяч рублёў уладальніка аўтамабіля «Пежо-308», на шкле якога было напісана «Севастопаль Данецк Луганск Адэса» і наклееная шырокая георгіеўская стужка. 

Нагадаем, у пачатку жніўня старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў запатрабаваў распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да ўладальніка «Пежо-308». На думку палітычнага актывіста, такое пералічэнне гарадоў паўднёвага ўсходу Украіны і георгіеўская стужка сведчыць аб падтрымцы ўладальнікам аўтамабіля сепаратызму і экстрэмізму ў дружалюбнай суседняй краіне. Ён запатрабаваў, каб аўтамабіліст быў прыцягнуты да адказнасці на падставе арт. 130 УК (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці). 

«Праверку па гэтым факце правёў участковы інспектар міліцыі Ленінскага РАУС Магілёва. У выніку кіраўніцтвам РАУС прынятае рашэнне аб тым, што ў дзеяннях вадзіцеля аўтамашыны «Пежо» прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 130 КК, адсутнічаюць», — паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама Павел Смірноў. 

Разам з тым у дачыненні да вадзіцеля «Пежо» складзены пратакол на падставе арт. 18.12 КоАП за парушэнне правілаў эксплуатацыі транспартнага сродку, што выявілася ў размяшчэнні не прадугледжанай ПДР наклейкі на заднім шкле аўтамабіля.

«21 жніўня ў дачыненні да названага вадзіцеля складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні згодна з ч. 3 арт. 18.12 КоАП. Ён аштрафаваны на 90 тыс. рублёў», — паведаміў Смірноў. 

Паводле п. 194.13 правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку са знешне бачнымі наклейкамі (выявамі), акрамя тых, што размяшчаюцца ва ўстаноўленым парадку, апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнаму прадпрымальніку).


Фото ua.depositphotos.com
Иллюстрация media-polesye.com