Такую думку ў размове з “Еўрарадыё” выказала Лідзія Ярмошына.
На думку старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, публікаваць фота бюлетэняў у дзень выбараў нельга, пакуль ідзе галасаванне, — гэта значыць да 20:00. Фатаграфаваць запоўненыя бюлетэні і рабіць сэлфі на ўчастках — законна.
Але вось выкладваць іх у сацыяльных сетках нельга — гэта будзе расцэнена як агітацыя.”Рэч у тым, што пакуль ідзе дзень выбараў, гэта значыць 9 жніўня, да 20 гадзін гэта рабіць нельга. У сілу таго, што гэта ўжо агітацыя. А агітацыя ў дзень выбараў забароненая”, — расказала Ярмошына ў жывым эфіры Еўрарадыё.
Фатаграфаваць і публікаваць здымкі бюлетэняў людзі хочуць, каб супрацьстаяць магчымым фальсіфікацыям. Такія прапановы рэгулярна гучаць са штабоў розных кандыдатаў, 17 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё гэтую думку паўтарыла Марыя Калеснікава, каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.
Тым, хто ўсё ж хоча апублікаваць фота свайго бюлетэня, кіраўніца ЦВК парэкамендавала пачакаць да наступнага дня.
Сам факт фатаграфавання бюлетэня з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства ва Украіне, Канадзе, ЗША. У Расіі гэта кваліфікуюць як парушэнне таямніцы галасавання.