На сустрэчу запрасілі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгу Шпакевіч, якая прыехала на Століншчыну з Мінску. Вольга Шпакевіч пазнаёміла прысутных са сваімі вершамі з паэтычнага зборніка “Душа-скарбонка”.
Вершы будучая паэтка пачала пісаць ў школьныя гады. Упершыню яе верш быў надрукаваны ў раённай газеце, калі дзяўчына вучылася ў 9 класе.
– Я так саромелася гэтага, што нават замест сапраўднага імя ў подпісе пад вершам пазначыла псеўданім, – расказала Вольга Шпакевіч.
Паэтка падзякавала, што яе запрасілі на такую творчую сустрэчу, пажадала прысутным натхнення і як мага часцей друкаваць свае творы ў перыядычным друку.
Кіраўнік вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Грэчка перадала Вользе Шпакевіч ў падарунак зборнік паэзіі Галіны Бабарыка “Дарога ў восень”.
Члены клуба “Натхненне” чыталі свае вершы. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і настаўнік гісторыі сярэдняй школы №1 г.Давыд-Гарадка Віктар Вабішчэвіч літаральна перад паездкай у Асавую напісаў верш, прысвечаны гэтай вёсцы.
З новым кірункам сваёй творчасці пазнаёміла кіраўнік творчага клуба “Натхненне” Таццяна Жук. Яна прачытала свой першы празаічны твор – апавяданне для дзяцей.
Уласныя вершы чыталі ўдзельніца клуба “Натхненне” Наталля Базар і настаўніца пачатковых класаў Асаўской сярэдняй школы Сняжана Кісель.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры Асаўской сярэдняй школы Ала Мартынюк прэзентавала буклет з вершамі вучняў мясцовай школы. Вучаніца 8 класа Вольга Аструвухава і вучань 11 класа Сяргей Кулак прачыталі свае творы.
Дырэктар Асаўскога СДК Мікалай Кавалёў чытаў жартоўныя вершы і праспяваў песню з мастацкім кіраўніком мясцовага СДК Жаннай Квятка.
Творчых людзей на Століншчыне шмат. І гэта яскрава падцвердзіла нядаўняя сустрэча.