Категории: Общество

Трускалкі як бізнэс і лад жыцця

Журналіст Анатоль Гатоўчыц у час арганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў прэс-туру ў Лунінецкі раён пазнаёміўся з сям’ёй Абрамчукоў у вёсцы Язвінкі, для якой трускалкі – добрая дапамога да сямейнага бюджету.

Прапануем рэпартаж нашага калегі з “Радыё Свабода”. Захаваная мова арыгіналу.

У Яжаўках, Язьвінках, Сасноўцы, Дварцы ды іншых вёсках Лунінецкага раёну толькі гультаі не займаюцца трускалкамі. Людзі сталага веку прыгадваюць, што першымі гэтымі ягадамі заняліся вяскоўцы з Бродніцы. А вёску Дварэц увогуле называюць сталіцай беларускага клубнічнага бізнэсу.

Спрабаваў у 60-я гады мінулага стагодзьдзя вырошчваць трускалкі і мясцовы калгас. Але справа там не пайшла. Затое ў людзей ягады прыжыліся. Вырошчваюць іх і для сябе, і на продаж.

 

Каханьне і трускалкі

Каханьне і трускалкі cталі падмуркам самастойнага жыцьця Вячаслава і Вольгі Абрамчукоў, іх моцнай сям’і:

«Калі нам выдзелілі ў Яжаўках участак пад будаўніцтва дома, — успамінае Вячаслаў, — мы ўсе 24 соткі засадзілі клубніцамі. Гэта быў наш першапачатковы капітал, нашае „чырвонае золата“. Сонца ўзыходзіць, а мы ўжо тут, заходзіць — вяртаемся ў Язьвінкі да бацькоў».

Дыхтоўны дом зь белай цэглы Вячаслаў з Вольгай пабудавалі за тры гады. На клубніцах шчыравалі сваякі з абодвух бакоў.

«Машыны тады ў мяне не было. Я на ровар пяць вядзёр чапляю — і паехаў у Язьвінкі на ягадны міні-кірмаш. Як бы й недалёка, а ўсё адно дарога. Не атрымлівалася там прадаць, вёз на „бэтонку“ (шашу Кобрынь — Гомель), а гэта ўжо паўдзясятка кілямэтраў. Калі абжыліся і займелі машыну, спрабаваў вазіць трускалкі ў Менск, на колішні Чэрвэньскі рынак. Прыяжджаеш туды, а перад табою чарга на паўтары сотні машын. Аднойчы нават быў у чарзе 162-м. Усё на нэрвах, на перажываньнях. А ягады ж ня бульба і нават ня яблыкі: крыху паляжалі ці памяліся ў дарозе — цячэ „крывавы“ сок. Усё, нікому яны не патрэбныя. У лепшым выпадку аддавай за сымбалічны кошт на прамысловую перапрацоўку».

 

Удзячнасьць старанным

«Клубніцы дапамагаюць нам будавацца, апранацца ды абувацца, словам, дапамагаюць выжываць, — сьцьвярджае 42-гадовы Вячаслаў Абрамчук. — У нас з Вольгаю чацьвёра дзяцей — тры сыны й дачка. Двое старэйшых, Аліна і Арцём, вучацца ў каледжы, Арсень і Дзіма — школьнікі. Трэба рублёў па 500 на кожнага, каб сабраць іх да новага навучальнага году. А дзе іх узяць? Сам я выкладаю ў школе працоўнае навучаньне, атрымліваю 534 рублі, гэта з усімі надбаўкамі: за катэгорыю, дадатковую адукацыю ў турызьме, пэдагагічны стаж. І жонка ў мяне працуе на малочным заводзе. Але ж і сям’я немалая, расходаў хапае».

Трускалкі, на досьвед Вячаслава Абрамчука, ягады ўдзячныя, але догляду патрабуюць адпаведнага. Іх і прапалоць трэба разоў колькі, і абнавіць своечасова, і глебу «нашпігаваць» перагноем. Дый гатунак трэба мець адпаведны. Цяпер у вёсцы найбольш культывуюць галяндзкія, амэрыканскія, польскія гатункі — эльсанту, ханэй, дукат. Ужо ёсьць гаспадары, якія выкарыстоўваюць нават сыстэмы кропельнага паліву.

Вячаслаў да гэтага яшчэ не дайшоў: участак у яго сам па сабе нізкаваты, і гэта ратуе гарод у сьпякоту.

«Клубніцы — добрыя ягады і для сямейнага працоўнага выхаваньня, — кажа настаўнік Абрамчук. — Працоўнае выхаваньне, як і патрыятычнае, наша беларуская школа, па сутнасьці, страціла. А ў мяне дома, калі пачынаецца сэзон, выбіраць ягады ідзе ўся сям’я. Праца ня цяжкая для любога ўзросту. Бывае, што й плачу дзецям пасьля продажу ягадаў — як дамовімся. Першыя клубніцы сёлета выбралі, прадалі іх па 2,8 рубля за кіляграм, дык старэйшыя зарабілі па 40 рублёў, хто тры вядры ягадаў выбраў. Калі ўжо прадбачацца нейкія значныя расходы, то папярэджваю, што грошы пойдуць у сямейную скарбонку».

 

Паклон сонцу і сьпелым ягадам

Ягадныя плянтацыі ў Абрамчукоў пры доме, адразу за гаспадарчымі пабудовамі — сотак пяць ці крыху болей. Сонца толькі пырснула першымі промнямі на росную лістоту, яшчэ чапляецца за дрэвы й вясковыя дахі сваёй сітаватай вопраткай бялёсы туман, а Вячаслаў з Вольгай і дзецьмі ўжо ў клубніцах. У руках — сінія вёдры. Трускалкі любяць, каб ім пакланіліся — кожнай ягадцы.

Бацькі заўважаюць, што найбольш да вясковай працы горнецца сярэдні сын, васьміклясьнік Арсень — увішны, жвавы.

У ранішніх выхадах сям’і на ягадныя плянтацыі ёсьць свой рэзон: «бусікі» ў Расею загружаюцца звычайна да поўдня, каб пасьпець дацямна дабрацца ў тую ж Маскву альбо Курск ці Арол. Дый нарыхтоўшчыкі зь беларускай сталіцы ня сьпяць у шапку. Тут толькі пасьпявай круціцца, калі хочаш мець з вырашчаных трускалак капейчыну. Па абедзе беларускія гуртавікі бяруць ягады па 1 рублі 80 капеек, а то і таньней.

Былі нават дні, калі трускалкі куплялі за 80 капеек. Вяскоўцы, вядома, абурыліся, сталі выстаўляць прэтэнзіі скупнікам, у тым ліку і з Белспажыўсаюзу. Апошнія схамянуліся, прыгналі свае машыны, сталі браць клубніцы па 2 рублі — і напружаньне аслабла. Камэрсанты, гледзячы на канкурэнтаў, тут жа сталі прапаноўваць вяскоўцам на 20-30, а то й 50 капеек болей, і сытуацыя выправілася.

 

Тысяча даляраў да школы

У лепшыя гады сям’я Абрамчукоў зьбірала на сваім гародзе да 3 тон трускалак.

«Мы стараемся і зарабляем на трускалках тысячу ці паўтары тысячы даляраў у эквіваленце, — сьцьвярджае галава сям’і. — Ну й для сябе марозім на зіму вядры тры ягадаў, варэньне варым, кампоты закручваем. Гэта ўжо як бы само сабою. А яшчэ я амаль кожнае лета езьдзіў на заробкі ў Расею. Як звычайна, на будоўлю. У настаўнікаў водпуск два месяцы — пасьпяваў усюды. Езьдзіў, пакуль не сарваўся з рыштаваньняў вышыннага дому. Выручыла ці то былая дэсантная падрыхтоўка, ці то наканавана так было, але затрымаўся. У гіпсе хадзіў і адрокся, не паехаў болей у Расею. Цяпер больш гаспадаркай займаюся. Карову трымаем, парсюкоў. Для мяне не складае праблемы падаіць рагулю, чаргу адпасьвіць».

Вячаслаў Абрамчук — настаўнік вышэйшай катэгорыі, скончыў у свой час індустрыяльны тэхнікум і Мазырскі пэдінстытут, цяпер пэдунівэрсытэт імя Івана Шамякіна. Да гэтага служыў у паветрана-дэсантных войсках, прысягу на вернасьць Беларусі прымаў пад бела-чырвона-белым сьцягам.

У жыцьці Вячаслаў трымаецца простых і па-палеску мудрых прынцыпаў: робіш — рабі шчыра й сумленна. Маеш сям’ю — клапаціся пра яе лепш, чым сам пра сябе: вырошчвай трускалкі, шчыруй на працы, трымай гаспадарку, зарабляй грошы — гэта твая мужчынская справа, абы толькі сям’я жыла ў дастатку і згодзе.

 

«Ягадная біржа»

Да нядаўняга часу клубніцы звозілі найперш на скрыжаваньне дарог у вёсцы Дварэц. Тут, паабапал шашы Кобрынь — Гомель, панаваў стыхійны кірмаш, зьбіраліся дзясяткі і нават сотні машын. Шум, гам, пыл. І так шмат гадоў.

Нарэшце ўлады патурбаваліся: прапанавалі мясцовым бізнэсоўцам упарадкаваць стыхійны гандаль.

За справу ўзяўся мясцовы прадпрымальнік Ігар Пракаповіч, дырэктар прыватнага прадпрыемства «ПрокГандаль», такі сабе сучасны бізнэсовец з унівэрсытэцкай адукацыяй, прыхільнік року і наагул добрай музыкі.

Пракаповіч узяў у арэнду гектар зямлі, крэдыт на 2,5 мільярда рублёў і пабудаваў ягадны рынак мэтраў за чатырыста ад шашы. Зрабіў пляцоўку для аўтамашын, краму, прыбіральні, душавыя кабіны.

«Напрасткі нас аддзяляе ад трасы нейкая сотня мэтраў поля, — кажа Ігар Пракаповіч. — У пэрспэктыве мяркуем злучыцца з трасай, каб сюды маглі заяжджаць на стаянку й адпачынак кіроўцы вялікагрузных аўтамашын. Укладзем грошы, адкрыем міні-гатэль, кавярню, шынамантаж, мыйку. Спадзяюся, што ўлады падтрымаюць нас у нашых памкненьнях. Гандаль трускалкамі мы збольшага ўжо прывялі ў парадак. Праўда, знаходзяцца яшчэ скупнікі, што прымаюць трускалкі ад людзей на ўзбочынах, але я на іх паўплываць не магу — няма такіх паўнамоцтваў».

«А ці дапамагае вам у справах вашае прозьвішча?»

«Калі браў крэдыт ў банку на будаўніцтва рынку трускалак, то пыталіся ў банку, ці не сваяк. Цікавасьць зразумелая: на беларускіх грашах подпіс цёзкі — старшыні праўленьня Нацбанку, але не сваяка. Скажу адкрыта: беларускаму бізнэсу больш, чым грошай, бракуе сьмеласьці. Я й сам ужо ня сем, а сямнаццаць разоў адмяраю, перш чым штосьці зрабіць. Увогуле, каб стаць добрым бізнэсоўцам, трэба ставіцца да заробленых грошай не як да сваіх — грошы мусяць працаваць».

 

Інтарэсы не супадаюць

На рынак тыя, хто прывозіць прадаваць ягады, едуць бясплатна. Скупнікі плацяць за месца ад 18 да 25 рублёў.

Тацяна Коўшык вязе на ровары тры вядры трускалак:

«Я ўжо вядзёр пятнаццаць сюды прывезла. Як успомніш, колькі разоў гэтыя клубніцы трэба прапалоць, падкарміць; колькі пагнуцца, каб іх сабраць, то гэтыя два рублі за кілё ягад ніяк сябе не апраўдваюць. Дый цэны скачуць зь пятага на дзясятае, а ў нашых райпаўскіх нарыхтоўшчыкаў яны наагул сьмешныя — больш за 2 рублі ніколі не даюць».

Былы трактарыст Андрэй Соц зь вёскі Бродніца прывёз дзесятак вядзёр трускалак у багажніку старэнькіх «жыгулёў».

«Можа, камэрсанты тут крыху хоць больш заплацяць, а то райспажыўтаварыства па паўтара рубля прымае. Лічы, за бясцэнак. А працы, каб гэтыя клубніцы вырасьціць, багата патрэбна. Баба мая хворая, зь кіёчкамі тупае — лекі розныя патрэбныя. Яна ў паляводзтве рабіла — пэнсія 160 рублёў. Я трыццаць гадоў трактарыстам быў, пылюку глытаў, пятнаццаць сэзонаў убіраў збожжавыя на камбайне — мне далі 189 рублёў. От і жыві. Трускалкі трохі выручаюць», — кажа 62-гадовы вясковец.

У скупнікаў свая лёгіка: заплаціш больш — сам можаш прагарэць. Бо многія купляюць ягады, каб прадаць іх раздробна ў Менску, Баранавічах альбо Мазыры.

«Бывае, гадзінамі людзі стаяць, каб сюды заехаць. Нейкае вавілонскае стоўпатварэньне, — лічыць скупнік Аляксей. — А яшчэ на ўзбочынах дарогі некаторыя прыёмаюць. Гэта дадатковая перашкода».

Аляксей ня ўтойвае, што ягоная маржа на перапродажы трускалак складае эквівалент даляра за кіляграм. Але гэта ня чысты прыбытак, бо трэба яшчэ адняць выдаткі на транспарт, на паліва.

«Я шмат не бяру — прыкладна паўтоны. У дождж і таго меней альбо зусім ня еду. Цяпер у людзей лішніх грошай няма на трускалкі, яны хутчэй кавалак мяса ці каўбасы купяць, чым ягад. У Расеі большыя аб’ёмы, але там і рызыкі болей. Дарога далёкая, можа з машынай штосьці здарыцца, могуць не заплаціць як дамоўлена. Розныя сытуацыі здараюцца».

Скупнік Сяргей з Барысава тлумачыць, што выручае на перапродажы рубель 80 капеек з кіляграма закупленых трускалак.

«У мяне жонка прадпрымальніца, таму я даўно ежду сюды на закупы трускалак. Не было такога, каб я прагарэў. Калі бачым, што ягады пачынаюць псавацца, збываем іх таньней і такім чынам пазьбягаем стратаў».

Поделиться
Теги: Федечко

Последние новости

В США обнаружили челюсти морского чудовища возрастом 80 миллионов лет

На северо-востоке Техаса обнаружены редкие окаменелости мозазавра Globidens alabamaensis - хищника со странными грибовидными зубами.

3 часа назад

Как справиться с компульсивным перееданием: полезные советы

Компульсивное переедание — это проблема, с которой сталкиваются многие люди. Оно проявляется в виде неконтролируемых…

4 часа назад

Минобразование определилось с датами школьных экзаменов и ЦЭ в 2025 году

Министерство образования определилось с предметами, экзамены по котором будут сдавать выпускники 9-х и 11-х классов…

4 часа назад

Google начнет помечать изображения, созданные ИИ

В результатах поиска появится обновленная функция, которая покажет, применялся ли искусственный интеллект при создании изображения…

4 часа назад

Ліст сябру: было б табе сёння 50…

Сёння, 20 верасня, журналісту, карэспандэнту "Медиа-Полесья" Васілю Мацкевичу споўнілася б 50 год.

4 часа назад

Чем больше оружия получит Украина, тем выше вероятность завершения войны, – генсек НАТО

Любое будущее мирное соглашение должно быть подкреплено мощной военной поддержкой Украины и надежными гарантиями безопасности…

5 часов назад