Ёсць на Століншчыне такі фальклорны гурт “Каляжанкі”, у які сабраліся жанчыны, каб спяваць для душы. Але калектыў стаў папулярным не толькі ў Беларусі.
Сёстры Таццяна Нагар і Валянціна Шпакоўская жывуць у Рамлі, Кацярына Кадоліч і Святлана Юхневіч у Альшанах, а на рэпетыцыю збіраюцца ў хаце свайго кіраўніка Ірыны Ляшкевіч у вёсцы Мачуль. Вось ужо пяць гадоў запар.
– Наш гурт з’явіўся раптоўна, – расказвае Ірына Мікалаеўна, настаўніца Мачульскай базавай школы. – Я доўгі час збірала і запісвала ад старэйшых жанчын у вёсцы старадаўнія народныя песні. Некаторыя з іх, найбольш лёгкія, ўвайшлі ў рэпертуар узорнага аматарскага аб’яднання “Згадка”, якім я кірую ўжо 30 гадоў. Больш складаныя песні заставаліся незапатрабаванымі. А так хацелася іх заспяваць… Аднойчы мне патэлефанавалі з Берасця і спыталі, ці ёсць у нас гурт, які выконвае народныя песні, каб паехаць у Польшчу разам з нашымі берасцейскімі майстрамі народных раместваў і паказаць там амаль ужо забыты пласт спеўнай культуры. Тады я сказала сабе: час настаў. Патэлефанавала Таццяне Нагар. Мы даўно знаёмыя, і я ведала, што яна і ўсе яе сёстры добра спяваюць. Трэцяй да нас далучылася Анжэла Ляшкевіч, настаўніца нашай школы, а потым адбыліся змены. У гурт прыйшла Валянціна Шпакоўская, сястра Таццяны Нагар. Хацелася спяваць найбольш прыбліжана да аўтэнтыкі. Таму падбіралі патрэбныя галасы, каб усё сугучна атрымоўвалася. А такога падгалоска, як у Валі Шпакоўскай, у нашых мясцінах наўрад ці знойдзеш.
– Адкуль такая назва “Каляжанкі”?
– Спачатку нас было трое. Хацелася прыдумаць такую назву, якая б была не на слыху. А паколькі гістарычна ўсе трое мы належым да шляхты, то ў мінулым нашых продкаў знайшлі такое цікавае слова як “каляжанкі”, што азначае – сяброўкі з агульнымі інтарэсамі. Дарэчы, у Беларусі мабыць толькі наш творчы гурт мае такую прыгожую назву. Сустракаўся на медыяпрасторы ўкраінскі гурт з такой назвай.
– У вас выключна жаночы гурт?
– Зараз гурт выключна жаночы. Быў час, калі мы выступалі под назвай “Каляжанкі з Васілём”. Васіль – гэта кіраўнік народнага танцавальнага калектыва “Ніва” Васіль Паўлавіч Ільінскі з Рамеля. Мы вельмі ўдзячны яму, што ён перыядычна нас выручае, акампаніруе на баяне. Два гады таму да нас далучыліся Кацярына і Святлана. Сёння мы проста -“Каляжанкі”.
– Раскажыце, калі ласка, дзе вы выступаеце с канцэртамі?
– Спявалі на раённых дажынках, на “Коніках” у Давыд-Гарадку, на “Брацкай свячы” у вёсцы Лука. Былі ў Польшчы, выступалі ў Седльцах, Варшаве. Некалькі разоў нас запрашалі на калядныя сустрэчы ў сядзібу Нямцэвічаў у Берэсці. Спявалі там перад польскімі консуламі, гасцямі. Удзельнічалі ў запісу перадачы “Вяскоўцы”, у якой прагучалі нашы мясцовыя шчадроўкі, і распавядалася пра нашы мясцовыя калядныя традыцыі.
У верасні 2019 года нам прапанавалі прыняць удзел ў этнаграфічна-фальклорным фестывалі “Раёк” у Мінску. Вырашылі паехаць, паглядзець і паслухаць іншыя гурты, паспяваць самім, параўнаць, вызначыць свой узровень выканання. Ды і сталіцу ўбачыць, бо не так часта можам туды паехаць. Аўтарытэтнае журы з Акадэміі музыкі вельмі прыязна выказалася пра наша выступленне, і зусім нечакана для сябе мы атрымалі Гран-Пры фестывалю. Спявалі і ў галерэі ТУТ.ВУ на прэзентацыі альбома “Бяседныя песні”. “Каляжанкі” запісалі 15 песень для перадачы на беларускім радыё.
Летам нас зноў запрасілі на “Раёк. Ён плануецца ў жніўні. Але на гэты раз мы паедзем ужо як госці. Збіраемся разам з узорным аб’яднаннем “Згадка” праехаць з канцэртамі па Столінскім раёне. Таму што матэрыялу сабралася шмат, і яго трэба паказаць людзям.
– Напэўна, ў вас есць спонсар?
– Калі б у нас з’явіўся спонсар, мы былі б вельмі ўдзячны яму. Мы выступаем самі па сябе, мы каляжанкі, сяброўкі. Збіраемся і спяваем. Калі нас запрашаюць, едзем і выступаем. Першы час нават аддзенне пазычалі, каб на сцэну ў народных строях выйсці. Потым куплялі тканіну і шылі кожная сабе, а пазней у суседняй весцы Аздамічы набылі цэлы камплект касцюмаў. Яны сапраўдныя старадаўнія, з любоўю пашытыя і вышытыя мясцовымі жанчынамі.
На канцэрты едзем сваім транспартам. Напрыклад, у Мінск дабіраліся на Кацярынінай машыне, якой кіравала наша вопытная кіроўца каляжанка Святлана.
На рэпетыцыі таксама сваім ходам. Святлана і Кацярына падбіраюць па дарозе Таццяну з Валянцінай і прыязджаюць да мяне. Атрымоўваюцца сапраўдныя вячоркі, амаль такія, як былі раней у нашых матуль і бабуль, калі жанчыны збіраліся вечарамі ў адной хаце, займаліся рукадзеллем і спявалі. Вось і мы збярэмся, пап’ем гарбаты, падзелімся апошнімі вясковымі навінамі, паспачуваем, калі ў каго якія праблемы, або разам парадуемся, калі ўсё добра, і заспяваем. Зімой у хаце, а летам можам і на вуліцы паспяваць. Не паспелі азірнуцца, як пяць гадоў разам у гурце.
– Цяжка сабе ўявіць, што ў Альшанах, Рамлі ці ў Мачулі, дзе амаль у кожнай прыватнай гаспадарцы ў вялікіх аб’емах вырошчваюць гародніну на продаж, у жанчын ёсць вольны час, каб збірацца на вячоркі, больш таго, ездзіць з канцэртамі.
– Нас часам не разумеюць, – згаджаюцца Кацярына і Святлана зАльшан. – Але ж мы вельмі любім спяваць народныя песні.
– А я наогул свайму ўнучку, яму толькі тры месяцы, замест калыханкі спяваю палескія народныя песні, – дадае Таццяна. – Добра засынае…
Акрамя асноўнай работы ў школах і Дамах культуры, кожная з жанчын мае прыватную гаспадарку. Хто меншую, хто большую. У Кацярыны, напрыклад, козы, свінні на адкорм, куры, парнік на 7 сотак пад агуркі. У Таццяны, яна працуе загадчыцай СДК у Альшанах, парнік на 4 соткі. Святлана займаецца продажам гародніны. Але як толькі трэба сабрацца на рэпетыцыю перад адказным выступленнем, усе знаходзяць час, каб прыехаць у Мачуль да свайго кіраўніка Ірыны Мікалаеўны Ляшкевіч.
– Часам Святлана прыязджае на бусе цалкам загружаным капустай, – расказвае кіраўнік “Каляжанак”. – А пасля рэпэтыцыі адразу ў рэйс адпраўляецца. Вось такія мы адказныя каляжанкі…
– Колішнія песні вельмі лірычныя, часам тужлівыя і журботныя. У нас прырода някідкая, не крыклівая, такія і людзі, такія і песні, спакойныя і пяшчотныя. Добрага жыцця не было. Усё перажытае ўлівалася ў песні каляндарна-абрадавыя, сямейна-бытавыя, – тлумачаць каляжанкі. – Песня магла быць адна, а словы і матыў у кожнай вёсцы адрозніваюцца, як і мова.
Жанчыны не ставяць перад сабою мэту дасканала капіраваць тыя спевы, што пачулі ад старэйшых. На працягу стагоддзяў песні змяняліся, кожны выканаўца ўносіў у іх нешта сваё. Змяняўся час, змяняліся людзі, змяняліся тэксты песень, але захоўвалася іх аснова. Сенняшні час таксама не выключэнне. Гурт не абмяжоўваецца песнямі сваіх вёсак. Есць у творчым калектыве песні Тураўшчыны, адселеных Мярлінскіх хутароў.
Галоўнае, каб у песні захавалася яе душа, якая, зліваючыся з душамі каляжанак, не пакідала абыякавымі слухачоў.
Сестры-белоруски, которых двое суток искали в горах Турции, застряли из-за снегопада и ждали помощи в…
«Вообще не планировал никуда выезжать. Пришли пацаны и сказали: «Слушай, что будем делать дальше?».
Помните, что человек, с которым вы расстались, уже не номер один в вашей жизни.
Главный тренер «Суиндона» из четвертой английской лиги Иан Холлоуэй нашел необычное объяснение плохим результатам своих…
В Мозырском районе отец приковывал двенадцатилетнего сына цепью к батарее, чтобы тот не бродяжничал и…
На торгах Беларусской валютно-фондовой биржи 21 ноября доллар снова подорожал и установил очередной исторический максимум…