9 ноября 2024, суббота20:33

Общество

Святлана Гарда: «Нас аб’ядноўвае адданасць прафессіі»

1 июня 2017, 11:42

Сайт «Медиа-Полесье» знаходзіцца на вядучых пазіцыях у рэйтынгу рэгіянальных онлайн-СМІ краіны, мае каля 13 тысяч наведвальнікаў у суткі. Пра сваю каманду і сакрэты поспеху заснавальніца і рэдактар партала Святлана Гарда распавяла сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў.

— Святлана, як прышла думка стварыць свой партал?

— У журналістыцы я, можна сказаць, з дзяцінства. Першую зацемку напісала у трэцім класе ў газету “Зорька”… Пасля сканчэння ўніверсітэта ў рамкі “раёнкі” не ўпісалася. Калі Андрэй Вышынскі ўтварыў незалежнае выданне «Информ-прогулка», запрасіў мяне ў якасці намесніка, і сёння ўдзячна яму за магчымасць развівацца. З цягам часу мае амбіцыі раслі, хацелася іншага фармату, нейкага драйву. Задумка ўтварыць онлайн-рэсурс нарадзілася неяк некачана. Я на лісце А4 намалявала, якім бачу сайт, і аддала на распрацоўку дызайнеру і праграмісту. Чаму менавіта тры гарады рэгіёна — Лунінец, Столін, Пінск? Бо тэрытарыяльна яны, хоць і блізка, але падзеленыя рэкамі, таму мэтай было аб’яднаць людзей інфармацыйна — ім цікава ведаць, што робіцца ў суседзяў па той бок Прыпяці…

— Распавядзіце, калі ласка, як Вы шукаеце тэмы для матэрыялаў, якія былі б цікавыя шырокаму колу чытачоў? 

— Наш партал сам па сабе цікавы тым, што разлічаны на тры раёны: Лунінец, Столін, Пінск — гэта наша мэтавая аўдыторыя. Тут шмат агульнага, бо гэта — Палессе, але і шмат індывідуальнага. Мы заўважылі, што нашаму чытачу падабаецца параўноваць: што, у каго і як? Апошняя з агульных тэмаў — “ляжачыя паліцэйскія”, па якіх мы прайшліся з рулеткай і знайшлі парушэнні нормаў. Атрымалася, напрыклад, што ў Пінску яны самыя высокія, у Лунінцы — самыя шырокія…

Тэмы падказваюць самі чытачы. У большасці — гэта праблемы, якія патрабуюць вырашэння. І ведаеце? Хоць ўлады ўспрымаюць нас як чырвоную анучу ў руках тэрэадора, але вымушаны па нашых публікацыях рамантаваць дарогі і дахі, клапаціцца пра бяздомных жывёлаў, а, іншым разам, і адмаўляцца ад бессэнсоўных рашэнняў (напрыклад, нядаўна ў Пінску пачалі заварваць мусарапровады, але падняўся шум і ўлады перадумалі ісці насупарак жаданняў людзей).

У трэндзе ў нас відэа. Гэта і гісторыі пра людзей, і падзеі, і спартыўныя агляды, і апытанкі. Відэарэпартажы з акцый “недармаедаў” у Пінску і Лунінцы, зробленыя нашым відэакарэспандэнтам, абышлі вядучыя незалежныя парталы краіны.

А калі абагульніць пытанне, некаму падабаецца салёнае, некаму салодкае. Таму ў меню павінны быць ўсялякія стравы на выбар. Галоўнае, каб прадукты былі якасныя і прыгатаваныя па добрым рацэпце.

— Як можна ахарактарызаваць фармат выдання?

— Фармат вызначаецца нашай місіяй: заўсёды свежыя навіны для актыўных жыхароў і выхадцаў рэгіёну Прыпяцкага Палесся. Гэта СМІ, без навінаў якога немагчыма абыходзіцца штодня. Адзначу таксама, што чытачы нам не выбачаюць, калі прапускаем нешта значнае.

— Як напісаць матэрыял, каб у яго была велькая колькасць праглядаў?

— Раней, прызнацца, мы не задумваліся пра колькасць праглядаў матэрыялаў. Ёсць, напрыклад, цікавая тэма, добра раскручана, напісана па стандартах якаснай журналістыкі. Выдатна зроблена, адным словам. Але чытач неяк раўнадушна паставіўся, і становіцца шкада марна патрачанага часу. Між тым, нешта простае, неадмысловае, трапляе ў ТОП. Памылкова лічыць, што нашае меркаванне, маўляў, якасна і крута, падзеліць чытач. Таму сёння мы не прытрымліваемся стандартнай навінавай піраміды, бо магчымасць чытаць па загалоўках не дае пераходаў з сацыяльных сетак.

—  Як бы Вы сфармулявалі галоўны сакрэт, альбо правіла поспеху «Медиа-Полесья» ў чытачоў?

— Журналістаў нашай каманды аб’ядноўвае простая рэч — адданасць прафессіі. На кожны раён у нас працуе па аднаму карэспандэнту: у Пінску — Васіль Мацкевіч, у Лунінцы — Вольга Соц, у Століне — Наталля Базар. Ёсць фрылансеры, якія спрабуюць свае сілы…

Мы не маем права ні хварэць, ні сысці ў больш-меньш нармальны адпачынак. Напрыклад, Вольга Соц, калі чакала другое дзіця, не сыходзіла ў дэкрэт. Здала рэдактару навіну, а заўтра ўжо трапіла ў раддом. Праз тыдзень яна зноў, з немаўлём на руках, пісала матэрыялы для сайта.

Мы адчуваем давер з боку чытача і імкнемся не расчароўваць яго, не абыходзім гарачыя тэмы (акцыі пратэстаў, суды над актывістамі, парушэнні правоў чалавека) і чытач ведае, што знойдзе на «Медиа-Полесье» аб’ектыўную інфармацыю менавіта пра свой рэгіён, бо тое, што ў Мінску — гэта далёка, і пра гэта напішуць іншыя. Нашаму чытачу цікава, што адбываецца побач.

Яшчэ адзін з сакрэтаў — актыўная камунікацыя. Людзі маюць пляцоўку, дзе ў іх ёсць магчымасць дзяліцца меркаваннямі, удзельнічаць у конкурсах, надаваць грамадскі рэзанас існуючым праблемам і вырашаць іх з дапамогай журналістаў.

Але нас мала, каб рабіць паўнавартасны рэсурс, які патрабуе росту кантэнту, выкарыстання мультымедыйных тэхналогій і г.д. Таму на будучае не выключаю, што трэба аб’ядноўвацца з нейкімі іншымі рэсурсамі, каб пашыраць кола дзеяння.

— Работа рэдактара вымагае вялікіх высілкаў. Як ставіцца да Вашай паўсядзённай занятасці сям’я?

—  Муж с першых дзён нашага сумеснага жыцця падтрымліваў мяне ў прафесіі. Пасля вучобы ён працаваў на добрай пасадзе ў Кіраўскай вобласці, меў добрыя прывілеі, але, каб я давучылася, пераехаў у Беларусь. Адмацаванне яму прыйшлося браць праз Міністэрства будаўніцтва (тады СССР). Амаль 30 гадоў мы разам. Я шчаслівая жанчына… А сын Максім, маючы тэхнічную адакую, нечакана захапіўся журналістыкай, працуе на сайце, адказвае за відэакантэнт. Прайшоў добрыя стажыроўкі, у тым ліку ў замежных СМІ.

— Чаго жадаеце для “Медиа-Полесья” на наступныя 5 гадоў?

— Заставацца на медыйнай прасторы як якасны інфармацыйны рэсурс, запатрабаваны кожным палешуком як кубак ранішняй кавы ці гарбаты. А для гэтага патрэбна штодня здзіўляць. А для гэта — у сваю чаргу — пазбягаць прафесійнага выгарання. Трэба заставацца моцнымі, жыць без хандры. Будзем мы — будзе сайт.


Снимок носит иллюстративный характер / Фото: msavto.by