«Рэжым ужо не раз спрабаваў перапісваць нашу гісторыю. Выкрэсліваў з падручнікаў памятныя даты, «адмяняў» нацыянальных герояў. Так робіць любая дыктатура: імкнучыся завалодаць мінулым, яна нацэльваецца кантраляваць будучыню.
Усё гэта нагадвае мне часы СССР. Тады таксама забараняліся кнігі, перайначваліся факты. А тыя, хто сумняваўся ў «палітыцы партыі», падвяргаліся ціску. Але нават у такіх умовах людзі знаходзілі спосаб даведвацца праўду, дзяліцца ёю адзін з адным. Менавіта людзі імкнуліся захаваць гісторыю, зусім не дзяржава», — заявіла Святлана Ціханоўская.
«Дарагія! Кожны крок рэжыму пад выглядам «інтэграцыі» забірае ў нас кавалачак незалежнасці.
Але нават калі нам спрабуюць навязаць неіснуючую гісторыю, важна разумець: адказнасць за тое, што насамрэч будуць ведаць дзеці, ляжыць на нас з вамі. І для таго, каб расказаць ім праўду, сумесныя з Расіяй падручнікі не патрэбныя», — рэзюмавала дэмакратычная лідарка.