23 ноября 2024, суббота08:47

Запись

Старадаўні абрад на Палессі варты прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

26 января 2016, 12:32

Калі ў вёсцы Лука Столінскага раёна з’явілася традыцыя вырабу Брацкай свячы, зараз адказаць складана. Аднак у тым, што першую свячу ў паселішчы зрабілі яшчэ некалькі стагоддзяў таму назад, вяскоўцы ўпэўнены дакладна.

Лукенца Івана Гембіцкага рабіць такую свячу навучыў бацька,  які, у сваю чаргу ўменні ў гэтай справе атрымаў ад свайго бацькі, а той – ад свайго і гэтак з пакалення ў пакаленне. Робяць свячу напярэдадні Старога Новага года, які па старым стылі адзначаюць у ноч з 13 на 14 студзеня. Як кажуць людзі, адна такая Брацкая свяча ў час царкоўных служб гарэла на працягу года: менавіта на столькі часу яе хапала. Гатовую свячу неслі пяшком на плячах за 10 км у Гарадную, дзе знаходзіцца прыхадская царква. Раней, як гавораць лукенцы, такія свечы вышынёй прыкладна 150см-160см былі і важылі каля 15кг.

90-гадовы Іван Канстанцінавіч Гембіцкі

ДАВЕДКА “МП”

У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны чатыры аб’екты на тэрыторыі Беларусі: Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс і Дуга Струвэ. Усяго ж спіс сусветнай спадчыны аб’ядноўвае больш за 800 прыродных і культурных аб’ектаў.  Багацце складаюць і розныя формы нематэрыяльнай культурнай: фестывалі, песенная творчасць. Да пераліку нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі варта аднесці  і традыцыю вырабу Брацкай свячы ў вёсцы Лука на Століншчыне.

Зараз Івану Канстанцінавічу Гембіцкаму 90  год. У гэты раз ён таксама не абмінуў важнай для вёскі падзеі, але ўжо толькі ў якасці назіральніка і вопытнага дарадцы: гады ідуць, а сілы больш не стае.

Свячу рабілі мужчыны, кожны род – сваю. Многія сем’і займаліся бортніцтвам, вось і рабілі яе для таго, каб Бог благаслаўляў іх працу. Зараз жа гэта, у першую чаргу, – ахвяра Богу, Божай Маці і ўсім святым. Як адзначыў настаяцель храма ў гонар Святой Троіцы ў вёсцы Гарадная айцец Віктар, традыцыя брацкай свячы пры царкве ў Гарадной была заўжды: “Гэтыя свечы існавалі заўжды, з любоўю да Госпада прыхажане ахвяравалі іх храму, традыцыйна свтавілі на навалецце. У асабліва ўрачыстыя моманты богаслужэння іх запальвалі”.

Непасрэдна працэс вырабу такой свячы займае мала часу, а вось падрыхтоўка да яго –працяглая. Спачатку патрэбна назбіраць воск. Як расказваюць мясцовыя жыхары, для свячы братчыкі збіралі воск сярод сваіх пчаляроў, бо яго трэба было многа. Куплялі недастаючы воск таксама ў каладнянскіх пчаляроў. Пасля таго, як неабходная колькасць воску была сабрана, зроблены драўляныя загатоўкі для свячы, падрыхтаваны фетыль, чакалі дня, калі будуць рабіць свячу.

Сабраўшыся, мужчыны (жанчыны за гэтым працэсам могуць толькі назіраць, удзельнічаць непасрэдна ў вырабу свячы ім забаронена) пачыналі выраб свячы. Спачатку братчыкі рассякалі воск на невялікія кавалкі, пасля чаго скідалі яго ў посуд з цёплай вадой.

Сабраны воск секлі на маленькія кавалкі

Кавалкі воску скідаюць у посуд з цёплай вадой

Гэта могуць быць чыгуны, каструлі, якія пасля ставілі ў пратопленыя печ, грубку ці каля іх.

Размочаны воск братчыкі дастаюць з вады і пачынаюць яго вельмі хутка раазмінаць, каб ён стаў эластычным.

Каб воск не астыў, яго вельмі хутка размінаюць

Пасля гэтага адразу вакол змазанага воскам льнянога фетыля пачыналі абгортваць размятыя кавалкі воску, надаючы ўсяму вырабу цыліндрычную форму. І гэта працягваюць амаль  да самага заканчэння фетыля.

Тут ужо патрэбна працаваць зладжана і хутка

Брацкую свячу робяць толькі мужчыны

Пасля гэтага свячу кладуць на стол ці на шырокую лаву, падпраўляюць няроўныя месцы, падмазваюць іх воскам, накрываюць свячу шырокай дошкай і дружна раскатваюць.

Свячу патрэбна яшчэ раскатаць

Для гэтага на свячу кладуць дошку

Свяча становіцца гладкай, братчыкі папраўляюць хібы, зноў накрываюць дошкай, крыху раскатваюць.

Свяча павінна атрымацца гладкай

Пасля заканчэння гэтай работы свячы даюць пэўны час для таго, каб яна астыла.

У гэтым годзе з 11 па 14 студзеня ў Луцэ па благаслаўленні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана ўпершыню прайшоў фальклорна-этнаграфічны фестываль “Брацкая свяча”. Асноўным мерапрыемствам фестывалю стаў выраб брацкіх свечак. На трэці дзень фестываляі братчыкі якраз і рабілі гэтыя свечы. Галоўны герой дакументальнага фільма “Брацкая свяча”, ужо 69-гадовы Мікалай Цімафеевіч Пешка, як і Іван Канстанцінавіч Гембіцкі, у гэты раз таксама даваў парады братчыкам.

Герой фільма “Брацкая свяча” – 69-гадовы Мікалай Цімафеевіч Пешка

Мікалай Яроміч і Мікалай Велясніцкі, Мікалай Вячорка і Віталь Кісель, Раман Літвінчык і Іван Пешка, Анатоль Шэлест і Мікалай Шэлест,  Рыгор Дзенісовіч і Нікіфар Мацук – усе гэтыя лукенцы каторы год запар працягвалі і працягваюць традыцыю сваіх бацькоў і дзядоў.

“Як жыхары Лукі нам вельмі прыемна, што ў вёсцы зрабілі такі фестываль, што сюды прыехала столькі людзей, у тым ліку і моладзі. А ў нас жа моладзі тут амаль не засталося”, – кажуць мужчыны і выказваюць спадзяванне, што гэты фестываль стане традыцыйным.

Братчыкі зрабілі тры свячы. Адну перадалі ў дзіцячы хоспіс, што ў Пінску. Другую свячу шчырыя лукенцы даравалі народнаму майстру Беларусі, рэзчыку па дрэве Івану Супрунчыку, які да гэтага падараваў ім адну са сваіх прац.

Скульптурная кампазіцыя ў выглядзе драўлянай свячы  – падарунак лукенцам ад народнага майстра Беларусі Івана Супрунчыка

Трэцяя свяча ўстаноўлена ў мясцовай часоўні ў гонар свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага, што не так даўно з’явілася ў вёсцы. Запальваць яе тут будуць у час богаслужэнняў. “Гэта наша ахвяра Богу. Няхай гарыць яна для славы Божай”, – так сказалі лукенскія братчыкі, бо яны вераць, што іх ахвяра прынясе дабро ўсім землякам.

Беларусь у ліку першых дзесяці краін далучылася да Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Канвенцыя гэта прынята аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны для таго, каб каштоўнасці, якія ўяўляюць цікавасць для ўсяго свету, лічыліся часткай сусветнай спадчыны ўсяго чалавецтва. А ці старадаўні абрад вырабу брацкай свячы ў вёсцы Лука Столінскага раёна не з’яўляецца менавіта такой каштоўнаўсцю!?


Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com
Скриншот видео в инстаграме
Степан Постоялко. На заднем фоне Ирина Абельская и Коля Лукашенко. Коллаж «НН»
Иллюстрация media-polesye.com
Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media